Украіне перададуць міні-дроны вагой 33 грамы. Расказваем, чым яны асаблівыя і як дапамогуць арміі ВІДЭА
Стала вядома, што ў межах новага пакету дапамогі Украіне Брытанія і Нарвегія перададуць мініяцюрныя разведвальныя дроны. Даведаліся, у чым іх адметнасць.
Кіеву паставяць 850 мініяцюрных беспілотнікаў ад кампаніі FLIR Systems і навучаць украінцаў імі карыстацца. Яны найменшыя ў свеце, але ўжо даказалі сваю карысць. Гэта ўжо іх трэцяе пакаленне, а выкарыстоўваюць іх у больш, чым 20 арміях свету.
Вага аднаго дрона складае менш за 33 грамы, а памеры — 10 на 2.5 сантыметра. Пры гэтым ён можа лётаць на адлегласць да двух кіламетраў і трымацца ў паветры да 25 хвілінаў, а максімальная хуткасць апарата дасягае 21 кіламетра ў гадзіну.
Таксама на ім стаіць даволі магутная камера. Яна дазваляе здымаць фота ў разрозненні да 1600*1200, а відэа — у разрозненні да 640*480. На беспілотніках стаіць таксама цеплавізар, які дазваляе ім працаваць уначы. Дзякуючы новаму цеплавізійнаму датчыку FLIR Lepton і новай HD-камеры, сістэма забяспечвае хуткую і надзейную апрацоўку выяваў.
Новая модульная канструкцыя дазваляе хутка замяняць акумулятары і бартавыя сэнсары, дазваляючы аператару хутка падрыхтаваць беспілотнікі да новых місіяў. Таксама ён працуе вельмі ціха, што ўскладняе яго ідэнтыфікацыю.
Акрамя ўсяго іншага, кіраваць ім вельмі лёгка. Трэба прайсці мінімальную падрыхтоўку для паспяховага разгортвання ўсёй сістэмы.
Аператары могуць лёгка ствараць профілі палёту, пазначаць маршруты і прызначаць задачы для Black Hornet. Напрыклад, аператары могуць даручыць беспілотніку спыняцца ў пэўных кропках і сканаваць мясцовасць на 360 градусаў.
Беспілотнік можа лётаць нават у зонах, дзе няма пакрыцця GPS. Гэта дазваляе яму працаваць унутры будынкаў і нават у пячорах і сховішчах. Сістэма кіравання дазваляе яму надзейна і ўстойліва працаваць за межамі прамой бачнасці.
Базавы камплект уключае ў сябе сам апарат і экран для кіравання, які дазваляе кіраваць двума беспілотнікамі адначасова. Мінімальны кошт аднаго камплекту — каля 40 тысяч даляраў.
Кампанія прапануе таксама цікавае пашырэнне — пускавую ўстаноўку Black Hornet VRS. Яна дазваляе абсталяваць машыны сістэмай назірання і разведкі. Black Hornet VRS манціруецца звонку і цалкам інтэгруецца ў транспартны сродак, ствараючы сістэму, якая забяспечвае магчымасць весці назіранне для экіпажа, абароненага ўнутры транспартнага сродку.
Асноўнае прымяненне беспліотнікаў Black Hornet — гэта разведка ў сітуацыях, калі вораг знаходзіцца даволі блізка і штурм закрытых памяшканняў. Беспілотнік створаны, каб знізіць страты сярод асабістага складу вайскоўцаў і зрабіць выведку больш эфектыўнай.
Апарат ужо выпрабаваны ў арміях НАТА. У 2013 годзе брытанскі маёр Адам Фодэн распавёў Daily Mail, што Black Hornet быў карысным на полі бою ў Афганістане. «Раней мы пасылалі салдат наперад, каб праверыць, ці не хаваюцца варожыя байцы ў шэрагу будынкаў», — сказаў ён. — Цяпер мы накіроўваем Black Hornet, каб зазірнуць унутр і пракласці маршрут праз тэрыторыі, занятыя ворагам».
Агульная сума паставак гэтых беспілотнікаў ва Украіну — 9 мільёнаў даляраў разам з навучаннем.
Каментары