Свет77

Пігмеі, малярыя і палігамія. Беларуска расказала пра жыццё на афрыканскім экватары

Аляксандра Бузун планавала правесці ў заходнеафрыканскім Габоне два месяцы, а затрымалася на паўтара года. Саша — акардэаністка з кансерваторскай адукацыяй. Пасля вучобы ў Акадэміі музыкі працавала «на кантрактах» у Макао і Мумбаі, але ў Цэнтральную Афрыку паляцела за кампанію — са сваім партнёрам, піша Budzma.org.

Беларуска Аляксандра Бузун распавядае пра Габон так:

— На вуліцах тут усе цябе называюць «ла блёнж». «Эй, белая, хадзі сюды!». Іншага звароту няма. Барані цябе божа адказаць ім: «Эй, чорны».

— Мясцовыя дзяўчаты да гэтага часу мараць пра белага прынца. У фінансавым плане тут лічыцца вельмі крута выйсці замуж за еўрапейца.

— Калі мясцовыя дакучалі ў сваім жаданні пазнаёміцца, я адчувала сябе некамфортна, а потым знайшла выйсце — калі ішла кудысьці гуляць, то брала з сабой сабаку. Мясцовыя жыхары дзіка баяцца сабак.

«Да мяне з Францыі прыехаў мой хлопец, ён пілот, — згадвае Саша падзеі перыяду глабальнага лакдаўна. — У яго быў адпачынак на нявызначаны час, таму што нічога не лятала. А потым Жэрому патэлефанавалі і сказалі, што ў Афрыку тэрмінова патрабуецца пілот. Так мы паляцелі на экватар у сталіцу Габона Лібрэвіль».

Аляксандра Бузун

Габон, або Габонская Рэспубліка — гэта невялікая дзяржава ў цэнтральнай частцы Афрыкі. У краіне, якая колькасцю сваіх прыродных рэсурсаў не саступае Эміратам, жыве каля двух мільёнаў чалавек. Доўгі час Габон быў французскай калоніяй і атрымаў незалежнасць толькі ў 1960 годзе. Да гэтага часу грамадства тут вельмі моцна падзелена на экспатаў і мясцовых.

Большасць габонцаў не жадаюць кантактаваць з тымі, хто прыехаў, і па сённяшні дзень ва ўсіх сваіх бедах вінавацяць французаў. У краіне, дзе ўзровень адукацыі нізкі, а сваіх спецыялістаў амаль няма, квітнеюць карупцыя і хабарніцтва.

«Афрыка — гэта вялізны кантынент і дзясяткі краін. Ёсць вельмі паспяховыя прыклады, дзе чыста, культурна, людзі імкнуцца да агульначалавечых каштоўнасцей. А ёсць такія краіны, як Габон, дзе жывуць гультаі. Мара габонца — сядзець у офісе ў прыгожым гарнітуры пад кандыцыянерам, рабіць выгляд, што працуеш, і атрымліваць за гэта грошы», — дзеліцца назіраннямі Аляксандра.

— Нават для таго, каб здабыць нафту, ім трэба запрашаць замежных спецыялістаў, бо самі яны паняцця не маюць, што з ёй рабіць. Іх лясы сваімі варварскімі вырубкамі нішчаць індусы і кітайцы. І ўсё таму, што габонцы вельмі любяць грошы. У гэтых людзей цалкам адсутнічае мысленне на перспектыву.

— Але хоць штосьці яны ўмеюць добра рабіць?

— Жыць сённяшнім днём і абстрагавацца ад праблем ды адказнасці. А яшчэ кажуць, што яны вельмі добра займаюцца сексам.

У нейкі момант нашай размовы Аляксандра пачынае перажываць, што апісвае Габон занадта ўжо шавіністычна. «Трэба знізіць градус», — смяецца беларуска і кажа, што ў габонцаў усё яшчэ мае каштоўнасць інстытут сям’і, падтрымка блізкіх, і агулам яны даволі прыязныя людзі. Вонкавае ж нежаданне размаўляць з іншаземцамі наша гераіня тлумачыць хіба тым, што ў габонцаў да гэтага часу няма адчування роўнасці.

«Самая неабходная рэч у Афрыцы — гэта кроксы»

— Беднасць, спякота, малярыя: што праўда з гэтага прымітыўнага набору стэрэатыпаў пра Афрыку?

— Ад малярыі я ледзь не памерла. Гэта вельмі вялікая рызыка, на якую ты свядома ідзеш. Прышчэпкі ад хваробы няма, але ёсць вельмі эфектыўны прэпарат, які трэба прыняць своечасова, чаго я не зрабіла. Малярыя — гэта паразіт, які знішчае твае крывяныя цельцы, у цябе пачынаецца анемія, гепатыт. Спачатку адмаўляюць ныркі, потым лёгкія, печань. Дзесяць дзён я праляжала ў рэанімацыі ў цяжкім стане.

— Далей па спісе ў нас беднасць…

— Я была ў шоку ад цэнаў! Яны там парыжскія. У Габоне практычна няма сваёй вытворчасці і амаль усё экспартуецца. Нават мясцовую садавіну і гародніну вязуць з суседніх Конга і Камеруна, да такой ступені габонцы не любяць напружваць сябе фізічнай працай. Кіло бананаў — 1,5 еўра, апельсіны, прывезеныя з Францыі — 2 еўра, бутэлька вады — еўра. Бульба даражэй за беларускую ўтрая. Сярэдні чэк у рэстаране 30 еўра, але ў мясцовай забягалаўцы, вядома, танней, 5—6 еўра. У іх, дарэчы, вельмі смачныя авакада і рыба, якая заўсёды свежая, з акіяна.

— На вялікім гарадскім рынку можна знайсці і вельмі танныя прадукты, але я гэта зразумела толькі перад ад’ездам. Мінімальная зарплата ў Габоне 200 еўра. Таксама там вельмі распаўсюджана, калі хтосьці адзін у сям’і зарабляе вялікія грошы і ўтрымлівае ўсіх астатніх сваякоў. У вёсках людзі займаюцца паляваннем і маюць штосьці кшталту агарода.

— Клімат уразіў не так, як цэны?

— Хіба што вільготнасць вельмі высокая. Тэмпература на працягу года адна і тая ж, каля 30 градусаў. Адзінае, што з траўня па верасень у іх пачынаецца так званая афрыканская зіма, сухі сезон. Так што прывезла з сабой у Еўропу бранхіт.

— Ты, дарэчы, не выглядаеш, як чалавек з экватара. Як жа афрыканскі загар?

— Сонца там бязлітаснае, у мяне з’явілася куча маршчын, і я тэрмінова стала ратавацца сонцаахоўным крэмам. У Габоне такі знайсці даволі праблематычна, бо ім ніхто не карыстаецца. Касметыку таксама лепш прывозіць з сабой, «Аліэкспрэса» і «Амазона» там няма. Дакладней, ёсць, але дастаўка каштуе як крыло самалёта. Не заўсёды можна купіць патрэбныя лекі, і ў Габоне яны вельмі дарагія. Але самая неабходная рэч у Афрыцы — гэта кроксы (абутак маркі Сrocs — аўт.). Ад дажджу і пылу твае суперкрасоўкі або скураныя сандалі разваляцца, а кроксы выжывуць, і ты скажаш дзякуй тым, хто іх стварыў.

Цяпер Аляксандра знаходзіцца ў Вільні і жартуе, што нарэшце вяртаецца да цывілізацыі. Дарэчы, каб вылецець (!) з Габона, дзяўчыне прыйшлося зрабіць exit-візу, якая каштуе каля 100 еўра. Больш за тое, на асабістым дэпазіце, які па габонскіх законах абавязаны зрабіць кожны іншаземец, у яе засталося 1500 долараў. Як вярнуць гэтую суму — невядома. «Такі вось легальны спосаб адхапаць чужыя грошы», — падсумоўвае наша гераіня.

«У Афрыцы я вывучыла французскую мову»

За паўтара года жыцця ў Афрыцы дзяўчына не толькі пазнаёмілася з мясцовымі норавамі, але і вывучыла французскую мову. «Габон — франкамоўная краіна. Хаця мой партнёр і француз, але да гэтага мы заўсёды размаўлялі на англійскай», — прыгадвае Саша цяжкасці адаптацыі.

— Калі ў кампаніі больш за тры французы, ніхто не стане размаўляць з табой па-англійску. Псіхалагічна было цяжка знаходзіцца па-за кантэкстам, я не магла тузаць свайго хлопца, каб ён мне ўвесь час перакладаў. Прыйшлося вучыць французскую.

— Ну Афрыка — ясная справа. А ад французаў мы адрозніваемся?

— Мне вельмі падабаецца іх незалежнасць ад чужога меркавання, іх цярпімасць, талерантнасць. У іх неверагодны ўзровень эмпатыі. Часам гэта магло нават раздражняць. Ну як можна хвалявацца, што на другім канцы свету падняўся ўзровень вады? З іншага боку, яны пазбягаюць глыбока асабістых, траўматычных тэм. Я бачу, што ў Жэрома адсутнічае гэты момант эмацыйнай рэфлексіі. Яны не аматары сябе напружваць.

«У габонскіх тропіках да гэтага часу жывуць пігмеі»

— Саша, а якія самыя цёплыя ўспаміны аб Габоне?

— Сапраўдная, дзікая, рэліктавая прырода! 80 працэнтаў тэрыторыі краіны — гэта вечназялёныя трапічныя лясы. Габон — не надта турыстычнае месца, сюды даязджаюць толькі самыя дасведчаныя — напрыклад, паглядзець на гарыл, папуляцыя якіх захавалася толькі ў гэтай частцы свету. У габонскіх тропіках да гэтага часу жывуць пігмеі, жыхары лесу. Яны ніжэй ростам, крыху больш светлыя, чым звычайныя афрыканцы. У іх свой лад жыцця, яны носьбіты неверагодных ведаў пра лес, расліны, жывёл, усё гэта перадаецца толькі ў вуснай форме. Ніхто дакладна не ведае, колькі засталося такіх людзей. У мясцовых пігмеяў ёсць ініцыяцыі, якія суправаджаюцца ўжываннем галюцынагеннай расліны. Многія прызнаюцца, што гэта неверагодны трансцэдэнтальны вопыт, і едуць у Габон, каб акунуцца ў першабытную атмасферу.

«Наогул Афрыка вельмі яркая. Амаль усе з касічкамі, дзяўчаты любяць прыбірацца. Яны ўсе з формамі, якія стараюцца падкрэсліць. Любяць макіяж. Пра фемінізм увогуле ніхто не чуў», — смяецца Аляксандра.

— На габонскіх вяселлях у іх ёсць абавязковая цырымонія перамоваў паміж сем’ямі, калі ў жаніха пытаюцца, які тып адносін ён абірае — манагамію або палігамію. Тут дазваляецца мець некалькі жонак, але не рэкамендуецца жаніцца людзям аднаго племені. Шмат цікавых цырымоній ёсць на пахаванні, гэта сапраўдны фестываль — танцоўшчыкі, музыка, фуршэт, і так на працягу некалькіх дзён.

«Я стала жыць па-афрыканску»

— Саша, некалькі гадоў ты пражыла ў Макао, працавала ў Індыі. Цяпер — Цэнтральная Афрыка. У тваім адчуванні свету і сябе нешта памянялася?

— Габон не ўваходзіў у мае планы, але гэта была паўза ў вельмі складаныя паўтара года. Я з’ехала з Беларусі ў жніўні 2020-га, потым здарылася 24 лютага. Цяпер я перастала факусавацца на чымсьці глабальным і стала жыць па-афрыканску — сённяшнім днём, каб захаваць стабільнасць і не праваліцца ў цемру. Цяпер мне вельмі хочацца вярнуцца ў нармальнае жыццё, вярнуцца ў прафесію.

У Габоне я пазнаёмілася з джазавым трубачом, ён француз. Неверагодны музыка. Мы сустрэліся выпадкова і пачалі граць разам джазавыя стандарты. Пасля акадэмічнай адукацыі пераступіць парог больш свабоднай імправізацыі вельмі цяжка. Боязь зрабіць штосьці не так… Але дзякуючы яму мяне адпусціла. Я дазволіла сабе памыляцца і зараз спакойна магу акампанаваць джазавыя стандарты, пачала крыху імправізаваць.

— А вяртанне ў Беларусь не палохае? Гэта ўжо іншая краіна…

— Адчуванне насцярожанасці. Я разумею, што ўсё непрадказальна, але мне вельмі хочацца дадому.

Каментары7

  • Satan
    14.09.2022
    А я сегодня про@@ал концерт. Жена мне говорит - ну что ты там не видел? Ты же все видел в этой жизни. - Ну, да. Подкаблуничик я!
  • Міла
    15.09.2022
    Вось гэта шавінізм! Пашчасціла габонцам, што гэтая дзяўчына з’ехала нарэшце.
  • Ася
    15.09.2022
    Да это просто молодость.

«А што ў вас за праблемы? Далёка да Мінска ці няма каму падвезці?» Публічная пікіроўка Лукашэнкі і Пашыняна13

«А што ў вас за праблемы? Далёка да Мінска ці няма каму падвезці?» Публічная пікіроўка Лукашэнкі і Пашыняна

Усе навіны →
Усе навіны

Прыгожая традыцыя ў Берліне працягваецца. Дзясяткі тысяч заўзятараў «Уніёна» спявалі на стадыёне калядныя песні3

У Еўропе падымуць цэны на новыя аўто, каб стымуляваць пераходзіць на электрамабілі. Ці закране гэта Беларусь?29

Навагоднія падарункі ад Слуцкага сыраробнага камбіната ўразілі сваёй шчодрасцю10

На вуліцах Львова жыццё спаборнічае са смерцю ФОТАФАКТ9

60-гадовы мужчына, які ў 2020-м назіраў за выбарамі з табурэткі праз бінокль, пасля адваяваў два гады ва Украіне49

Пашкоджанні кабеляў працягваюцца. На гэты раз адзін з іх абарваны паміж Эстоніяй і Фінляндыяй4

Масквічы папрасілі Пуціна перанесці будаўніцтва гасцявога комплексу для пасольства Беларусі6

Навошта Лукашэнку «прэзідэнцкі баль» — такая дэманстратыўная і крыху архаічная, сэксісцкая па форме традыцыя?24

Байдэн збіраецца на развітанне ўвесці пакет санкцый супраць «ценявога флоту» Расіі

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«А што ў вас за праблемы? Далёка да Мінска ці няма каму падвезці?» Публічная пікіроўка Лукашэнкі і Пашыняна13

«А што ў вас за праблемы? Далёка да Мінска ці няма каму падвезці?» Публічная пікіроўка Лукашэнкі і Пашыняна

Галоўнае
Усе навіны →