«Наш гісторык кажа, што беларускай нацыі не існуе». Тыктокер, які няўдала паразважаў пра беларускую мову, патлумачыў, чаму так зрабіў
Адзін з тыктокаў Андрэя Серады выклікаў шквал абурэння — не толькі ў Тыктоку, але і ў Твітары. «Наша Ніва» пацікавілася ў трэцякурсніка архітэктурна-будаўнічага каледжа, чаму ён зняў гэты тыкток і ці не шкадуе, што яго зняў.
Андрэй Серада вучыцца на 3 курсе у архітэктурна-будаўнічым каледжы ў Мінску на дызайнера. А яшчэ ён здымае тыктокі.
Яго нік Weensdaay. У яго 19 тысяч падпісчыкаў, а асобныя тыктокі набіраюць да мільёна праглядаў. Сярод такіх, прыкладам, «Лік Грэма не такі ўжо і маленькі!» і «Нашай Галактыцы хутка прыйдзе канец!». «Прасоўваю навукпоп у Беларусі», — дэвіз яго старонкі. І вось адно з відэа ён прысвяціў тэме «Чаму беларуская мова знікае».
«Мова — гэта не годнасць нацыі, а спосаб камунікацыі, — сказаў ён у адным з тыктокаў. — Якой бы прыгожай яна ні была, чым гаворка больш распаўсюджаная, тым лягчэй нам камунікаваць. Людзі самі выбіраюць гаворку, на якой ім зручна размаўляць. У свеце ёсць шмат мёртвых моў, на якіх ніхто не гаворыць. І гэта не адмяняе акта іх прыгажосці. Напрыклад, латынь. Тое, што мова памірае, гэта нармальная з’ява. Гэта натуральны адбор, толькі ў плане камунікацыі», — разважаў тыктокер.
Гэты тыкток Андрэя Серады выклікаў шквал абурэння — не толькі ў Тыктоку, але і ў Твітары. «Наша Ніва» пацікавалася ў трэцякурсніка архітэктурна-будаўнічага каледжа, чаму ён зняў гэты ролік і ці не шкадуе, што яго зняў.
«Я сам беларус, нічога супраць беларускай мовы не маю, — расказаў Андрэй Серада «Нашай Ніве». — Проста казаў, чаму, на маю думку, яе становіцца менш.
Пачалі пісаць, што я ўвогуле нейкі расійскі агент,
такія думкі ў некаторых людзей, але я проста запісаў тыкток, у якім расказаў, чаму беларуская мова памірае. Што гэта можа павярнуцца ў нейкім іншым ключы, такіх думак у мяне не было.
У нас пазіцыянуюць, што без мовы мы не беларусы, а я сказаў, што мова — гэта спосаб камунікацыі».
Ці дапускае Андрэй, што руская мова магла быць навязана беларусам?
«Наш прэзідэнт, магчыма, ідзе нешта ў бок Расіі. Але я па-за палітыкай, калі што.
Гэты ролік з беларускай мовай я здымаў проста як прыклад, там магла быць любая іншая мова.
Магчыма, гэта ўсё ідзе з расійскага боку, але я ў гэта ўсё залазіць не буду.
Дарэчы, наш гісторык кажа, што беларускай нацыі не існуе. Усё гэта частка Савецкага Саюза. Але я ў гэта не паглыбляўся», — расказвае хлопец.
У школе для Андрэя беларуская мова была «звычайным прадметам». Вучыць яе яму складана не было.
«У беларускай літаратуры асабліва няма чаго чытаць. Успамінаю, што былі там Максім Танк, Францішак Багушэвіч, вершы падабаліся. Але ў асноўным усё чытаў па школьнай праграме.
Да людзей, якія размаўляюць на беларускай, стаўлюся нармальна. Гэта іх выбар.
Мова павінна быць у нацыі, але яе аднаўленнем павінен займацца дакладна не я. Гэта задача людзей, якія ва ўладзе знаходзяцца.
Калі ў іх інтарэсах працяг мовы, то яны нейкімі сіламі гэта зробяць. Калі проста людзі будуць гэта прасоўваць, я не думаю, што ў іх нешта атрымаецца.
Для пераходу на беларускую трэба шмат гадоў. Нашае пакаленне ўжо не будзе размаўляць па-беларуску. Можа быць, крыху наступнае і толькі нашы ўнукі, магчыма, цалкам», — лічыць тыктокер.
Андрэй Серада кажа, што цяпер яму «пачаць размаўляць на беларускай будзе нязручна», таму што яго «не будуць разумець людзі».
«У нас жа ў краіне большасць размаўляюць на рускай. Мае відэа не будуць залятаць у тыктоку з-за таго, што буду размаўляць на беларускай.
Беларускамоўных блогераў я не гляджу, бо зручней рускіх глядзець», — кажа ён.
Дык а сам Андрэй як лічыць, ці існуе беларуская нацыя?
«Напэўна існуе, але я нават не ведаю, як вам адказаць на гэтае пытанне, устрымаюся ад адказу. Я некампетэнтны ў гэтым пытанні», — падсумоўвае тыктокер.
Каментары