Грамадства

Слуцк пастарэў на 111 гадоў

Сёння на пасяджэнні раённага савета дэпутатаў разглядзелі пытанне даты заснавання Слуцка. Было прынятае рашэнне аб усталяванні новай даты заснавання горада — 1005 год, паведамляе «Слуцкі край».

Раней годам заснавання лічыўся 1116 год. Згодна з летапісамі, у той год горад быў спалены.

Такім чынам, Слуцк увайшоў у пяцёрку найстарэйшых гарадоў Беларусі, дзелячы з Ваўкавыскам пятае месца.

Нагадаем, раней старшыня Слуцкага райвыканкама Уладзімір Гога расказаў раённай газеце «Слуцкі край», чаму датай заснавання Слуцка трэба лічыць 1005 год, а не 1116-ы.

Слуцк XV стагоддзя. Малюнак Ігара Ермакова

Раённы вертыкальшчык сказаў наступнае:

«Нам вядома, што Слуцк упершыню згадваецца ў Іпацьеўскім летапісе ў 1116 годзе. Але археалагічныя раскопкі, якія неаднойчы праводзілі ў нашым горадзе, сведчаць пра больш ранняе яго ўзнікненне, ужо ў X—XI стагоддзях.

Мы вырашылі звярнуцца да іншых крыніц. У Інстытуце гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі пацвердзілі больш ранняе згадванне Слуцка: у Устаўной Грамаце аб утварэнні кіеўскім князем Уладзімірам епіскапіі ў Тураве 6513 года (1005/1006 гадоў). Устаўная грамата захавалася ў складзе «Пячэрскага пацерыка». Яе арыгінал захоўваецца ў Расійскай дзяржаўнай бібліятэцы ў Маскве ў зборы Троіца-Сергіевай лаўры.

Наяўнасць археалагічнага матэрыялу X—XI стагоддзяў, выяўленага пры раскопках Слуцка, і згадка гэтага населенага пункта як горада ці пагоста ў статутнай грамаце 1005 года аб утварэнні Тураўскай епархіі дазваляюць зрабіць выснову аб тым, што 1005 год — дата першага ўпамінання Слуцка ў пісьмовых крыніцах. Такім чынам, летазлічэнне Слуцка неабходна весці пачынаючы з 1005 года».

Увогуле, ідэя перанесці больш чым на стагоддзе дату заснавання Слуцка не новая. Яшчэ ў 1990-я гады краязнаўца Рыгор Родчанка прапаноўваў перагледзець узрост Слуцка і лічыць такім не 1116 год, а 1005-ы. Ён таксама грунтаваўся на вышэйзгаданай статутнай грамаце. Прапанову краязнаўца падзялялі і некаторыя грамадскія дзеячы. Але акадэмічная навука тады не падтрымала іх энтузіязму.

Рэч у тым, што ў навукоўцаў у дачыненні да крыніц куды больш крытычны погляд, чым у краязнаўцаў і раённых вертыкальшчыкаў. Пісьмовых крыніц па старажытнай гісторыі нашых земляў захавалася мала, таму яны вельмі грунтоўна даследуюцца з усіх магчымых бакоў. Навукоўцам можа быць важна не толькі тое, што напісана, але і як, і на чым напісана. А галоўнае — калі напісана, што можа вызначацца паводле ўскосных сведчанняў. 

Тую грамату, якую згадвае слуцкі вертыкальшчык, яшчэ ў 1960-я гады даследаваў вядомы маскоўскі навуковец Яраслаў Шчапаў, які на падставе вельмі грунтоўнага аналізу зрабіў наступную выснову:

«Відавочна, шэраг палажэнняў граматы, якія адносяцца да заснавання Тураўскай епіскапіі, у тым ліку імя першага епіскапа і нават год яе заснавання, мог быць унесены ў яе на падставе мясцовай пісьмовай традыцыі, але сама гэтая грамата не належыць ХІ стагоддзю. Трэба пагадзіцца з А. С. Грушэўскім, што «вызначэнне межаў Тураўскай епіскапіі ў гэтым артыкуле ўяўляе ўскосную згадку на час складання артыкула: у цяперашнім сваім выглядзе ён узнік толькі ў літоўскі перыяд». У грамаце сярод крыніц забеспячэння епіскапіі на першае месца пастаўленыя «сёлы» і «вінаграды», а дзесяціны «ад жыта» на апошняе, што адрознівае гэты помнік ад статута Уладзіміра і адпавядае, відавочна, умовам XIV стагоддзя». 

З таго часу навукоўцы не знайшлі ніякіх новых звестак, якія дазволілі б паставіць гэтую выснову Шчапава пад сумнеў — у яго кваліфікацыі сумнявацца не даводзіцца. Але гісторыкі-аматары, а следам за імі і начальнікі, прапануюць не слухаць навукоўцаў і проста разумець тое, што напісана ў крыніцы, літаральна. Навукоўцы, натуральна, супраць такога падыходу.

Наяўнасць у горадзе археалагічных пластоў, старэйшых за афіцыйную дату яго заснавання, ніякім аргументам за яе перанос не з'яўляецца. Бо Слуцк тут ніякі не унікум, тое самае можна сказаць фактычна пра любы горад у свеце, за афіцыйную дату заснавання якога прынятая дата згадкі ў гістарычнай крыніцы. Прыняцце менавіта такой даты як умоўнай даты заснавання — агульнапрынятая практыка, якая дазволіць пазбягаць непатрэбнай блытаніны. Тое ж, што насамрэч горад старэйшы, чым фармальна лічыцца, заўсёды трымаецца ў галаве і маецца на ўвазе.

Зрэшты, гэтым разам кіраўнік Слуцкага раёна апелюе да аўтарытэта Інстытута гісторыі НАНБ, што нібыта ён пацвердзіў новую дату. Цікава, аднак, у якой форме гэта адбывалася? Магчыма, што супрацоўнікі акадэмічнага інстытута проста пацвердзілі, што ўвогуле такая крыніца фізічна ёсць і ў ёй пазначаная гэтая дата. Але гэта не раўназначна таму, што яны афіцыйна падтрымалі мэтазгоднасць змены даты заснавання горада. 

Каментары

Вялікая гутарка з Алінай Коўшык — пра інтэрв’ю з Падсасонным, скандал з Кулеем і рэформы на «Белсаце»23

Вялікая гутарка з Алінай Коўшык — пра інтэрв’ю з Падсасонным, скандал з Кулеем і рэформы на «Белсаце»

Усе навіны →
Усе навіны

Самая дарагая кватэра ў Мінску за 2024 год — у доме, дзе жыве Наталля Эйсмант7

У Мінску больш не трэба насіць у ДАІ папяровую медыцынскую даведку

Сабаленка: Часам хочацца, каб пасмяяліся з маёй тупасці3

Новы лідар Сірыі расказаў, якім будзе лад у краіне, калі пройдуць выбары і якія будуць адносіны з Расіяй7

Вярхоўны дыпламат ЕС: Расія датычная да актаў дыверсій у Еўропе

Галоўчанка расказаў, што аліўе сёлета патаннеў3

У Чылі паліцыя знайшла скрадзеныя ў Лос-Анджэлесе гадзіннікі Кіяну Рыўза

Ігар Кулей правёў апошнюю перадачу на «Белсаце» і пайшоў з канала9

«Адсядзеў за сына 40 сутак». Рабочы МТЗ адчуў сябе чалавекам у 2020-м. Вось як склалася яго жыццё далей2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Вялікая гутарка з Алінай Коўшык — пра інтэрв’ю з Падсасонным, скандал з Кулеем і рэформы на «Белсаце»23

Вялікая гутарка з Алінай Коўшык — пра інтэрв’ю з Падсасонным, скандал з Кулеем і рэформы на «Белсаце»

Галоўнае
Усе навіны →