Настаўніца з Гомеля, якая была пад следствам, стала відэаблогерам у Турцыі
Былая дырэктарка школы №41 Гомеля Святлана Панамарэнка (Svetlana Gönül) завяла відэаблог, у якім распавядае пра жыццё ў Турцыі. Пакуль у канала крыху больш за 600 падпісчыкаў, а відэа набіраюць у сярэднім некалькі соцень праглядаў, піша «Флагшток».
Экс-гамяльчанка распавядае гледачам пра «будні турэцкай жонкі» — яна выйшла замуж за турка і з'ехала да яго ў Анталію пасля таго, як звольнілася з пасады дырэктара.
У пачатку 2021 года Панамарэнка стала падазраванай па крымінальнай справе — яе абвінавацілі ў хабарніцтве. Але на працягу 8 месяцаў следства не змагло выставіць абвінавачванні.
У сваіх відэа былая дырэктар часцей за ўсё распавядае пра мясцовыя кулінарныя вынаходствы, а таксама пра шопінг і адпачынак у Турцыі, асаблівасці жыцця ў краіне.
Панамарэнка абвінавачвалі таксама ў фальсіфікацыі выбараў — як мінімум тройчы яна ўзначальвала ўчастковую выбарчую камісію ўчастка для галасавання № 14 Гомельскай-Навабеліцкай выбарчай акругі.
На гэтую ролю вылучалася ад Навабеліцкай раённай арганізацыі ГА «Беларускі фонд міру». У адпаведнасці з інфармацыяй, сабранай платформай «Зубр», на апошніх выбарах на ўчастку, які ўзначальвала Панамарэнка, двойчы былі зафіксаваныя несупадзенні колькасці людзей, якія прагаласавалі па падліках назіральніка, са звесткамі з пратакола камісіі. Пры гэтым на ўчастак не быў дапушчаны акрэдытаваны назіральнік. У адпаведнасці з пратаколам, які падпісала Святлана Панамарэнка, на ўчастку 9 жніўня 2020 года кандыдат Лукашэнка набраў 81,9% галасоў выбаршчыкаў. У рэальнасці, у Гомелі ў тым ліку, павінна была перамагчы Святлана Ціханоўская.
Каментары