«Звязда» пагутарыла з юнай спартсменкай пра эмоцыі падчас перамогі на сусветным першынстве, гульню з аматарамі, выбар віду спорту і якасці, важныя для добрага спартсмена.

— Вікторыя, гэта твой першы тытул чэмпіёнкі свету?

— Так. Гэта мой трэці дарослы чэмпіянат. Летась праходзіў чэмпіянат Еўропы ў Эстоніі. Там удалося заняць другое месца ў імгненнай праграме. Раней ездзіла ў Балгарыю на дарослы чэмпіянат свету. Выступаць на дарослых першынствах я пачала з 14 гадоў.

— Разлічвала на поспех у Грузіі?

— Хацелася, зразумела, паказаць свой найлепшы вынік, бо ўжо многа гадоў займаюся, шмат трэніруюся. Такога выніку не чакала. Разлічвала трапіць хіба што ў прызёры.

— Калі ты зразумела, што перамога — твая?

— Па ходу турніру ёсць пэўныя чаканні, але да апошняй партыі нельга расслабляцца. Бываюць турніры, калі за тур да канца зразумела, што ты чэмпіён. Гэта калі адрыў ад другога месца — тры ачкі, бо за перамогу ў партыі налічваецца толькі два. Але ў Грузіі ў мяне такога не было. Да таго ж быў спачатку папярэдні этап, а потым плэй-оф. Там нават калі маеш вялікі адрыў на папярэднім этапе, у плэй-оф дастаткова прайграць адну партыю, каб вылецець.

Я вельмі перажывала — не хацелася ўпусціць медаль у класічнай праграме, бо на папярэднім этапе я заняла першае месца.

— Ты дастаткова юная чэмпіёнка. Ці ж у шашках гэта звычайны ўзрост для пераможцаў?

— Я заняла першыя месцы ў катэгорыі сярод жанчын, а ў ёй неабмежаваны ўзрост. У асноўным гэта моладзь, самым моцным маім канкурэнткам ад 20 да 35 гадоў.

— Раскажы, як праходзіла падрыхтоўка.

— Перад чэмпіянатам свету я трэніравалася кожны дзень. Трэніроўкі праходзілі ў Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі. У нядзелю займалася дома самастойна. Падрыхтоўка ў асноўным такая ж, як і да іншых спаборніцтваў: спачатку я рашала камбінацыі, потым — пазіцыі, пасля — трэніровачныя партыі. І тэорыі даводзілася аддаваць увагу. У нас ёсць табліцы жараб'ёўкі: там першыя хады і 150 дэбютаў — варта было запамінаць вялікія аб'ёмы інфармацыі, каб у партыях потым было больш проста.

— У якім узросце ты пачала займацца шашкамі?

— Бацькі адвялі мяне на шашкі ў пяць гадоў. Мне цікава было з самага пачатку, бо няшмат дзяцей, якія добра гуляюць, і калі ты з самага пачатку пачынаеш перамагаць, хочацца працягваць далей і далей.

Звычайна бацькі аддаюць дзяцей у секцыю, калі яны ўжо ўмеюць або хадзіць, або расстаўляць шашкі. А я была тым дзіцем, якое не ўмела нічога. Мой трэнер быў здзіўлены, але вельмі хутка я дасягнула выніку.

— Чаму бацькі абралі для цябе такі від спорту?

— Мой тата, калі быў падлеткам, займаўся шашкамі, але потым кінуў. Цікава атрымалася, што наш сусед па пад'ездзе з'яўляецца галоўным трэнерам нацыянальнай каманды па шашках. І мой тата ў дзяцінстве быў з ім знаёмы. Напэўна, гэта таксама паўплывала.

Сёння мой трэнер Віталь Аляксандравіч Аніська, з ім з пяці гадоў я займаюся шашкамі-64. Ёсць у мяне і другі трэнер, Ірына Сямёнаўна Пашкевіч, у яе я займаюся шашкамі-100.

— Калі табе было 12 гадоў, у Санкт-Пецярбургу ты правяла сеанс адначасовай гульні з байкерамі, якія кінулі выклік вашаму віду спорту, назваўшы яго не вельмі сур'ёзным. Цяпер часта даводзіцца гуляць з аматарамі?

— Тое мерапрыемства было накіравана больш на папулярызацыю нашага віду спорту. Відаў шашак насамрэч не два. У кожнай краіне ёсць свой від: бразільскія, турэцкія, чэшскія шашкі. Тыя ж шахматы — звыклы для ўсіх від спорту, ва ўсіх краінах адны і тыя ж правілы, але там і канкурэнцыя высокая. У шашках шмат відаў, і менш людзей гуляе.

Таму гэта было больш медыйнае мерапрыемства. Але партыі гуляліся па-сапраўднаму. Праходзіў сеанс, з усімі ўдзельнікамі, а іх было 12, мне трэба было гуляць адначасова.

Звычайна з аматарамі не вельмі шмат праблем. Усё ж такі чалавек, які займаецца, нашмат больш разумее ў шашках. Гэта такая гульня, у якую навучыцца гуляць дастаткова проста. А вось навучыцца гуляць добра — вельмі складана. Шмат камбінацый, і павінен быць вельмі добры разлік, каб выйграць.

— Мянушка «Небяспечная Віка» з'явілася пасля турніру з байкерамі?

— Не, крыху раней. У 2016 годзе якраз у Санкт-Пецярбургу праходзіў этап Кубка свету, мне тады было толькі 11 гадоў. Там я добра згуляла ў імгненнай праграме і сярод жанчын таксама заняла першае месца. З дарослымі сапернікамі было складана гуляць, але ў мяне была адна перавага: амаль ніхто мяне не ведаў.

Усе лічылі мяне маленькай дзяўчынкай і разлічвалі, што партыя са мной будзе лёгкай прагулкай. А я змагла выйграць.

— Якія якасці неабходныя для добрага гульца?

— Важна быць вельмі працавітым, бо калі ёсць жаданне дасягнуць выніку, даводзіцца займацца шмат. Падчас партыі варта быць вельмі ўседлівымі, уважлівымі і добра падрыхтаванымі эмацыянальна. Напрыклад, у імгненнай праграме ўсе партыі гуляюцца запар, і пасля няўдачы важна ўмець сабрацца і працягваць далей. Прайграў партыю — адкінь негатыў і працягвай барацьбу.

— Трэнер у гэты час можа дапамагаць і настройваць?

— Звычайна трэнеры ездзяць з намі на спаборніцтвы, паміж партыямі да іх можна падыходзіць. Аднак так атрымалася, што ў Грузію мой трэнер не паехаў, мне давялося спраўляцца самой. Мы з ім, зразумела, штодзень звязваліся па «Вайберы», па класічнай праграме я з ім раілася. А вось у імгненнай, падчас якой нельга выходзіць ці размаўляць па тэлефоне, я магла разлічваць толькі на сябе.

— Эмоцыі перашкаджаюць гульні?

— Я хвалююся звычайна перад партыяй, а калі пачынаю гуляць, канцэнтруюся, і перажыванні знікаюць, я быццам бы ўсё кантралюю.

— Статус і аўтарытэт саперніка цісне?

— У Грузіі ў фінале я гуляла з чэмпіёнкай Расіі Нікай Леапольдавай. Яе тытул крыху прыгнятаў, бо гэта вельмі адказная партыя, фінал, і мне нельга прайграваць. Але калі я села за дошку, усё стала на свае месцы. У канцы яна мяне павіншавала, і я яе таксама.

— Зразумела, што шашкі — гэта не покер, але ці можна на турнірах зарабіць?

— Пераможцы чэмпіянату Беларусі едуць на чэмпіятат свету за кошт федэрацыі. На чэмпіянаце свету ў Грузіі быў свой прызавы фонд — 30 тысяч долараў, які дзяліўся на шэсць турніраў (тры сярод жанчын і тры сярод мужчын). І ўсе пераможцы атрымалі сваё грашовае ўзнагароджанне.

— Колькі гадзін у дзень варта трэніравацца, каб стаць чэмпіёнкай свету?

— Мая звычайная трэніроўка доўжыца 2,5 гадзіны на дзень. Калі гэта падрыхтоўка да нейкіх важных спаборніцтваў, такіх як чэмпіянат свету ці Еўропы, патрэбна больш часу — чатыры гадзіны і больш.

— Ці ўзнікала калі-небудзь жаданне кінуць шашкі?

— Такое бывае пасля няўдач на спаборніцтвах, калі дрэнна згуляла партыю ці мне не падабаецца вынік. Але тут важная эмацыянальная падрыхтоўка і ўменне сабрацца і працягваць турнір. Адны спаборніцтвы заканчваюцца — пачынаюцца іншыя, асабліва няма часу расстрайвацца.

— Складана сумяшчаць шашкі і вучобу ў школе? Як праходзіць твой дзень?

— Я вучуся ў 11-м класе гімназіі, і гэта сапраўды складана сумяшчаць. Мая раніца пачынаецца ў 7.30: я прачынаюся, збіраюся і іду ў гімназію. Пасля ўрокаў еду на трэніроўку, потым вяртаюся дадому і раблю дамашнія заданні. Хочацца, каб у атэстаце былі добрыя адзнакі, таму з урокамі часам сяджу да ночы. У суботу раніцай я іду на дадатковыя факультатывы, потым ізноў трэніроўка, пасля раблю хатнія заданні. Нядзеля — адзіны дзень, калі я нікуды не іду. Але трэніруюся дома.

— Ці прыходзіцца прымушаць сябе трэніравацца?

— Зразумела, асабліва з такім шчыльным графікам. Пасля вучобы вельмі хочацца дадому, адпачыць і паспаць, але каб паляпшаліся вынікі, неабходна трэніравацца. І пакуль мне гэта цікава.

Клас
75
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
5
Сумна
2
Абуральна
3