Грамадства

«Тут адчуваецца, што стары свет яшчэ трошкі захаваўся. І звычай сапраўды жывы». Гісторык наведаў «Конікі» ў Давыд-Гарадку

Гісторык Дзмітрый Скварчэўскі сёлета выбраўся на традыцыйныя «Конікі» ў Давыд-Гарадку і падзяліўся пасля таго ў фэйсбуку сваімі думкамі і ўражаннямі, што з сябе цяпер уяўляе гэта свята. «Конікі» маюць славу беларускага зімовага карнавалу, бо ў каляднай працэсіі на Шчодры вечар у Давыд-Гарадку ходзяць як традыцыйныя персанажы — Дзед, Баба, Мядзведзь, Воўк, Чорт, Смерць, Цыган на чале з ключавой фігурай — Конікам, так і савецкія і сучасныя героі — Дзед Мароз, Чалавек-павук — ды іншыя, самыя разнастайныя «абліччы». Ладзіцца свята ў Давыд-Гарадку ў ноч на Шчодры вечар — з 13 на 14 студзеня.

Пра Конікаў ведаю даволі даўно. Бачыў нямала фатаграфій і відэа. Аднак ужо пераканаўся, што першаснае меркаванне было шмат чым памылковым.

Быў там упершыню, і яшчэ раней з’явілася думка, што калі ехаць, то не проста гледачом, не даследчыкам, не турыстам, а каб далучыцца, падтрымаць звычай, зрабіць коніка, вывучыць песню. Паглядзець знутры і на конікаў, і на мясцовых жыхароў. Лічу, што гэта атрымалася, а для першага разу, то і зусім добра.

Пра афіцыйную частку

Адразу скажу, што па ёй нельга меркаваць пра ўвесь звычай. Гэта будзе памылкай. І гэта праблема, бо часта ў масы трапляюць кадры з афіцыйнай часткі. Той жа парад конікаў.

Не ведаю, як раней, але сёлета конікаў там амаль і не было. І не таму, што іх няма, што новыя маскі замянілі мясцовыя і звычай знікае. Насамрэч конікаў на парадзе не бачна, бо ў гэты час яны актыўна бегаюць па вуліцах. Вакол плошчы яны былі на кожнай вуліцы!

І тут можна звярнуць увагу, што звычай сабе, а свята на плошчы сабе. Таму і кажу, што не варта ацэньваць мясцовы звычай па афіцыйнай частцы. Разам з тым, лічу, што яна мае сваю карысць і ролю. Яна ў пэўнай ступені падтрымлівае статус конікаў і, як бы ні было, спрыяе. Бо не дае забыцца пра свята, у тым ліку мясцовым жыхарам, якія ніяк у ім не ўдзельнічаюць.

Такое настойлівае нагадванне. Прыводзяць дарослыя дзяцей, якія бачаць конікаў, і гэта такі першы крок да таго, каб потым самім бегаць. Гэта і спосаб збіраць людзей разам.

Ужо пасля, калі мы скончылі бегаць, сядзелі за сталом разам з мясцовымі мужыкамі, якія распавядалі, як самі бегалі, як раней адбывалася і шмат іншага. У пачатку размовы дзядзька спытаў у мяне крыху здзіўлена: а табе гэта сапраўды цікава? І калі пачуў, што сапраўды, то далей ужо душэўна пагаварылі. Таму хай будзе і афіцыйная частка, аднак яе якасць трэба паляпшаць.

Пра звычай

Найперш адзначу, што ён сапраўды жывы. Гэта не пастаноўка. Як ёсць, робяць як могуць, як ведаюць. Не для гледачоў, а для сябе, для сваіх. І дарослыя, і дзеці. Паасобку і дзеці разам з бацькамі. Вось гэта і ёсць традыцыя, пераемнасць. Тут сапраўды адчуваецца, што стары свет яшчэ трошкі захаваўся і праяўляе сябе ў пэўны момант.

Ад першага знаёмства з Конікамі адчуванне гэтае не знікала. Было так. Залезлі паглядзець на замкавую гару і чуем, а потым і бачым гурт дзяцей. З сапраўдным Конікам і смерцю. Спяваюць «Сосну». І надалей было радасна, калі чуеш, як па вуліцы даносіцца спеў. А часам з розных канцоў, на паралельных вуліцах адначасова чуеш розныя гурты. І сустракаеш.

І калі пішу зараз, то нават трошкі, але зусім трошкі, шкадую, што не быў у той час турыстам ці даследчыкам, бо не сфатаграфаваў. Тады пра гэта не думалася і не хацелася. А цяпер вось не магу з вамі падзяліцца.

Напрыклад, вельмі каларытны цыганскі гурт. Не ведаў, што і цыгане там шчадруюць. Добра зробленыя конік і зорка. Спявалі добра, і гаворка мясцовая цікавая. Адкрыццё для меня.

Калі шчадравалі, то гаспадары адразу разумелі, што мы не мясцовыя. Распытвалі, адкуль прыехалі, як. Гарадчукі ганарацца конікамі і тым, што да іх на свята прыязджаюць іншыя. Гэта важна людзям і прыемна.

Адзначалі некалькі разоў розныя людзі, што мы ведаем, вывучылі ды спявалі іх песню, што былі менавіта з конікам. І казалі, што добра спяваем. Радуюся. А часам трохі весела кпілі з майго каня. Асабліва калі ён стаміўся пасля некалькіх гадзін бегання.

За ўвесь вечар не пабачылі ніводнага гурта з «новымі» маскамі, за што нярэдка Конікаў крытыкуюць, у «агратрэш» запісваюць. Не ведаю, ці пашанцавала так, ці так ёсць. Сучасныя маскі, што не адпавядаюць звычаю, бачылі і нямала, але толькі на афіцыйнай частцы. На вуліцы сярод конікаў не было такога.

Людзі не толькі старанна рыхтуюцца, каб быць конікамі, але і каб сустрэць. Чакаюць. Адчуваеш і разумееш, што гэта важна. Не ўсе, натуральна, і не паўсюль.

І тут, дарэчы, варта яшчэ звярнуць увагу на тое, пра што звычайна мы неяк забываемся, бо ўся ўвага на калядніках, на тых, хто ў масках. Мы ўсе клапоцімся, каб гэта захавалася і не знікла, але пры гэтым важны і другі бок.

Губляецца звычай сустракаць калядных гасцей. Многія ўжо не ведаюць, як сябе паводзіць, што рабіць, што сказаць. І гэта заўважна. А звычай без гэтага не поўны. Бо шчадраванне (калядаванне) — гэта дыялог, узаемадзеянне. Маскі аднавіць можна ў любы момант, і розніца не будзе бачна, а вось гэтую сувязь «гаспадар — госці калядныя» так проста не вярнуць.

Самы дарагі дар у той вечар — бласлаўленне бабулі. Сустрэлі яе на пустой вуліцы, па якой яна ішла з кіёчкам, каб пабачыць конікаў, бо думала, што да яе не прыйдуць. Пабыла з намі, паслухала, паглядзела, паразмаўлялі. На развітанне блаславіла нас. Вечар сапраўды шчодры!

Каментары

Андрэй Дзмітрыеў з'ездзіў у Бундэстаг, каб давесці неабходнасць удзелу Лукашэнкі ў мірных перамовах11

Андрэй Дзмітрыеў з'ездзіў у Бундэстаг, каб давесці неабходнасць удзелу Лукашэнкі ў мірных перамовах

Усе навіны →
Усе навіны

У Оршы хлопец фоткаўся з беларускімі зоркамі і падтрымліваў «СВА». А яго асудзілі за экстрэмізм3

Беларус пра ўмовы ў лагерах для ўцекачоў: Калі маеш досвед, то разумееш, што ўсё можа быць і кепска, і сумна9

Колькі можна з'есці мандарынак, каб не было наступстваў2

Блогерка выдавала сваю здаровую дачку за смяротна хворую, каб атрымаць данаты і лайкі. А магчыма, і труціла яе

Ракетная атака на Украіну: Расія б'е «калібрамі» і балістычнымі ракетамі9

Краіны Балтыі і Скандынавіі выступілі за павелічэнне дапамогі Украіне ў адказ на агрэсію РФ1

Чарга з легкавых машын вярнулася на польскую мяжу

ЗША рэкамендуюць Украіне знізіць прызыўны ўзрост да 18 гадоў6

Ці стала прасцей запісацца на польскую візу пасля ўвядзення фотаверыфікацыі? Досвед чытачоў11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Андрэй Дзмітрыеў з'ездзіў у Бундэстаг, каб давесці неабходнасць удзелу Лукашэнкі ў мірных перамовах11

Андрэй Дзмітрыеў з'ездзіў у Бундэстаг, каб давесці неабходнасць удзелу Лукашэнкі ў мірных перамовах

Галоўнае
Усе навіны →