«Нас не запугать». Вось хто ствараў пралукашэнкаўскія стыкерпакі ў тэлеграме
Стыкеры з абдымкамі АМАПа? Або іншыя, у гонар псеўдарэферэндуму? Прыадчыняем заслону.

Стыкеры ў падтрымку рэпрэсій, АМАПа «silaomon» і абразамі беларускай сімволікі «zabatku»
Гэтыя стыкеры актыўна распаўсюджваліся ў праўладных каналах, асабліва ў 2020 годзе, а першым апублікаваў іх «Пул першага» — канал прэс-службы Лукашэнкі. Выглядаюць гэтыя стыкерпакі так:

У абодвух адна аўтарка — 36-гадовая мінская дызайнерка Ганна Перарослая, якая працуе пад псеўданімамі Ascha і Pink Shark (па-англійску гэта азначае «Ружовая акула»). Яна таксама мае ўласны сайт, з якога відаць, што яе спецыялізацыя — гэта праграмы для айфонаў (яна выпусціла і ўласную праграму з вокладкамі для экрана).

Перарослая ў 2009 годзе скончыла факультэт нямецкай мовы Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, а паралельна — курс графічнага дызайну ў Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце (2007—2009). Пасля гэтага яна скончыла праграму «Web-дызайн і камп'ютарная графіка» ў Інстытуце павышэння кваліфікацыі пры БНТУ.
Пра сябе Ганна распавядае ў сацсетках, што любіць камп'ютарныя гульні, падарожжы і кіраванне, а таксама акул — менавіта адтуль яе псеўданім.
Жанчына прафесійна займаецца UX/UI і графічным дызайнам больш за 10 гадоў, і, мяркуючы па ўсім, пачынала ў IT-кампаніі SaM Solutions. Таксама Ганна папрацавала ў ААТ «Новы паварот» — кампаніі, якая распрацоўвае праграмы, што дапамагаюць здаць тэарэтычны экзамен у ДАІ.

Да 2020 года, мяркуючы па сацсетках, сваёй палітычнай пазіцыі ніяк не выяўляла. Але пасля яна стварае серыі ілюстрацый, накіраваных на падтрымку спецслужбаў, а таксама тыя самыя стыкеры ў тэлеграме.

Таксама яна падтрымлівае Расію ў вайне супраць Украіны — вось такая выява ёсць у яе інстаграме.

Агулам варта зазначыць, што стыкерпакі аўтарства Ганны Перарослай — хіба найлепшыя з усіх праўладных стыкерпакаў у тэлеграме. І, хутчэй за ўсё, яны зробленыя не на замову.
Telegram-стыкеры ад «Жоўтых зліваў»
«Жоўтыя злівы» маюць як мінімум два стыкерпакі. У аднаго з іх назва iLoveGaysAndYou.

Ягоны стваральнік (магчыма, ён толькі загрузіў іх на платформу Telegram, але не намаляваў) — 22-гадовы актывіст БРСМ і «Белай Русі» Максім Кісель.

Максім родам з Брэста. У 2018 годзе ён паступіў на бюджэт у БНТУ на спецыяльнасць «тэхнічнае забеспячэнне эксплуатацыі спартыўных збудаванняў». Невядома, як ён вучыўся і ці былі ў яго дасягненні ў навуцы, але на другім курсе яму аб'явілі вымову за «няяўку без уважлівай прычыны на вучэбныя заняткі», да якой прыкладзены акт аб адмове ад тлумачэнняў.
Ён быў фатографам і відэографам універсітэцкага выдання BSTU Times, БРСМ і аддзялення «Белай Русі» ў БНТУ. Дарэчы, і сам ён быў чальцом «Белай Русі», БРСМ і праўладнага прафсаюза. Максім скончыў універсітэт у 2022 годзе.

Telegram-стыкеры ад «Мінскай праўды»
«Мінская праўда» выпусціла серыю стыкерпакаў. І яны, бадай, самыя абразлівыя з усіх. Вось як яны выглядаюць.

Хутчэй за ўсё, большую частку з іх намаляваў ілюстратар выдання, 41-гадовы Антон Астроўскі.

Антон Астроўскі з Віцебска. Калі верыць ягонай старонцы «УКантакце», мужчына скончыў біяфак Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Машэрава, потым — мастацка-графічны факультэт.
З пачатку 2020 года ён пастаянны карыкатурыст «Мінскай праўды». Некаторыя ягоныя карыкатуры спачатку былі двухсэнсоўнымі. Яны фактычна эзопавай мовай высмейвалі лукашысцкую прапаганду.

Што праўда, пасля Астроўскі пачаў публікаваць больш абразлівыя і аднамерныя карыкатуры, многія з іх з часам могуць стаць прадметам крымінальных спраў аб распальванні сацыяльнай, рэлігійнай і міжнацыянальнай варожасці. На яго нават падавалі скаргу прадстаўнікі Каталіцкага касцёла. Праўда, гэта нічым не скончылася, а Астроўскі заявіў, што не разумее, чаму каталікі абразіліся. Антон Астроўскі малюе карыкатуры для выдання і дагэтуль.
Загрузіла стыкеры ў тэлеграм і 33-гадовая Ларыса Коршун (Геваркян), галоўная рэдактарка інфармагенцтва «Мінская праўда».

Ларыса родам з Дзяржынска. У 2012 годзе яна скончыла журфак БДУ і адразу пайшла працаваць літаратурнай рэдактаркай у газету «Адукацыя і выхаванне». У 2014 годзе яна перайшла на пасаду рэдактара ў «Дзяржынск.by», а з 2017 па 2019 гады была галоўрэдам дзяржынскай газеты «Узвышша».
У 2019 годзе Ларыса Коршун перайшла на пасаду намесніка галоўрэда газеты «Мінская праўда», але адтуль неўзабаве перавялася на пасаду прэс-сакратара Мінгарвыканкама. А ўжо ў 2020-м яе зрабілі галоўным рэдактарам інфармагенцтва «Мінская праўда», куды аб'ядналі, акрамя аднайменнай газеты, газету «Узвышша» (Дзяржынск і раён), «Чырвоная зорка» (Узда і раён) і «Прысталічча» (Мінскі раён), а таксама радыястанцыю «Мінская хваля».

У стужцы Коршун публікаваліся фота і цытаты Лукашэнкі яшчэ да 2020 года. Агулам з яе сацсетак паўстае вобраз класічнай кар'ерысткі часоў дыктатуры.
На жанчыну зарэгістраваная афіцыйная старонка «УКантакце» праўладнага выдання «Навіны Дзяржынска» (dzr.by) і старонка ў інстаграме Мінскага аблвыканкама. Таксама яна адмініструе тэлеграм-канал «Шкварка NEWS» (цяпер — «Шкварка 2.0»), у якім, акрамя праўладных, публікуюцца і відавочна абразлівыя і антыўкраінскія матэрыялы, якія таксама з часам могуць стаць прадметам крымінальнай справы аб прапагандзе вайны і распальванні міжнацыянальнай варожасці.

А нядаўна яна прыязджала на журфак, каб распавесці студэнтам пра журналістыку.
Telegram-стыкеры ад БРСМ
БРСМ зрабіў некалькі стыкерпакаў.

І не менш за чатыры з іх загрузіла ў тэлеграм і, імаверна, стварыла 25-гадовая Яўгенія Вайцянок.

Яўгенія Вайцянок родам з Дуброўна Віцебскай вобласці. У розныя часы была намесніцай кіраўніка школьнай арганізацыі, вяла старонку «Моладзь Дубровеншчыны» (і выйграла з ёй «Інтэрнэт-прэмію БРСМ» у 2016-м) і «Моладзь Лёзна», прыдумала фотаконкурс па «паляванні» на мясцовыя помнікі на роварах, гуляла ў КВЗ і была намесніцай кіраўніка «Моладзевай палаты Дуброўна».

Дзяўчына ў 2015 годзе паступіла на землеўпарадкавальны факультэт Сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках (БДСГА). Пасля паступлення яна расказвала:
«Канчатковы выбар дапамагло зрабіць тое, што на зямфаку добрае размеркаванне. Да ЦТ па матэматыцы я рыхтавалася з 9 класа з рэпетытарам, з 10-га пачала займацца самастойна па фізіцы, а ў 11-м яшчэ і з рэпетытарам, бо я гуманітарый, і дакладныя навукі мне даваліся не вельмі. Ніводны з прадметаў на ЦТ мне вельмі складаным у выніку не падаўся. Я была ўпэўненая, што паступлю. Студэнцкае жыццё, спадзяюся, будзе не менш яркім, чым школьнае».
Але неўзабаве Жэня кінула БДСГА і вырашыла перапаступаць на «прыкладную матэматыку» ў Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Машэрава ўжо ў наступным, 2016-м, годзе. І там яна стала актывісткай розных праўладных моладзевых арганізацый, а таксама пісала для афіцыйнага сайта БРСМ.

Увосень 2016 года Яўгенія ездзіла на XIX Сусветны фестываль моладзі і студэнтаў у Сочы, які праводзяць розныя прарасійскія арганізацыі з усяго свету. Перад паездкай яна распавядала:
«На фестывалі мы хочам паказаць, што Беларусь — гэта не проста дзяржава ў цэнтры Еўропы, а краіна з багатай і цікавай гісторыяй, пазнаёміць з гісторыка-культурнай спадчынай і абавязкова запрасіць наведаць нашу Сінявокую. Лічу, што такія форумы вельмі важныя для моладзі і для ўсіх людзей, бо што можа быць лепшае за сяброўства, згоду і мір, а гэты фестываль, я ўпэўненая, зможа аб'яднаць усіх удзельнікаў у адну вялікую фестывальную сям'ю».

У 2018 годзе Жэня рэпрэзентавала віцебскі БРСМ на «Дні вышыванкі». У 2019 годзе яна займала пасаду галоўнага спецыяліста аддзела арганізацыйнай і праграмнай дзейнасці Віцебскага абласнога камітэта БРСМ.
Пасля заканчэння ВДУ дзяўчына пераехала ў Мінск. Яна працавала ў цэнтральным офісе БРСМ на Маркса, 40. У чэрвені 2022 года Жэня стала афіцыйнай прадстаўніцай БРСМ на тэхнічнай выставе TIBO-2022.

Дзяўчына звольнілася з БРСМ у ліпені 2022 года. У рэзюме ў базе вакансій сказана, што апошняя яе пасада — намесніца загадчыка аддзела інфармацыйных і сацыяльных тэхналогій.
Другі пул стыкерпакаў у Telegram ад БРСМ
У БРСМ ёсць яшчэ два стыкерпакі.

Загрузіла ў тэлеграм два другія стыкерпакі 26-гадовая Крысціна Кечка. Родам яна з Калінкавічаў Гомельскай вобласці. Дзяўчына яшчэ ў школьныя гады была актывісткай БРСМ і ўдзельнічала ў шматлікіх імпрэзах арганізацыі. У 2011-м школьны экалагічны атрад імя Героя СССР Зінаіды Самсонавай быў прызнаны адным з найлепшых у Беларусі.

Пасля заканчэння школы ў 2013-м годзе Крысціна паступіла на спецыяльнасць «біяхімія» на біяфак БДУ. Там яна працягнула актыўнасць у БРСМ і была кіраўніцай ячэйкі БРСМ на факультэце, а таксама карэспандэнткай тэлебачання БДУ. Пасля заканчэння біяфака пайшла ў магістратуру па зусім іншым кірунку — на спецыяльнасць «медыякамунікацыі» на факультэт філасофіі і сацыяльных навук БДУ, якую скончыла ў 2020-м.
Яе дыплом называўся «Асаблівасці прасоўвання камерцыйных і некамерцыйных арганізацый у сацыяльных сетках «УКантакце» і «Інстаграм».

Калі верыць яе Linkedin, яна пачала стала працаваць у БРСМ са жніўня 2019 года і прапрацавала там як мінімум да жніўня 2021.

Яе пасада — галоўная спецыялістка Цэнтра інфармацыйных і сацыяльных тэхналогій Цэнтральнага камітэта ГА «БРСМ». Сярод іншага яна прэзентавала вышэйзгаданыя стыкеры і курыравала гэты праект.

Калі верыць LinkedIn, цяпер Крысціна працуе ў кампаніі.
Telegram-стыкеры ад Ільі Бегуна
Яшчэ стыкеры стварыў Ілья Бягун. Вось яны:

Ілья Бягун — 31-гадовы былы айцішнік з Мінска, працаваў у EPAM. Ён мае два грамадзянствы: расійскае і беларускае.

У 2020 годзе Бягун, магчыма, па заданні, далучыўся да каманды Валерыя Цапкалы, а неўзабаве пасля выбараў пераехаў з Беларусі ў Літву. Там ён уцёрся ў давер да прадстаўнікоў фондаў «Байсол» і «Краіна для жыцця», а пасля вярнуўся ў Беларусь і даў інтэрв'ю АНТ, дзе паліваў брудам фонды і рух за свабодныя выбары.
Яго звязвалі рамантычныя адносіны з Кацярынай Канаплёвай. Гэта дзяўчына, якая спачатку была ў камандзе Віктара Бабарыкі, а пасля перайшла да Вольгі Карач і стала адміністратаркай канала «Штаб Аношка». Невядома, ці захоўваюць яны нейкія адносіны, але, мяркуючы па сюжэтах дзяржСМІ, ён перадаў, прынамсі, частку інфармацыі пра дзяўчыну беларускім спецслужбам.
З парай сябравала і Святлана Галуза, колішняя сакратарка Андрэя Стрыжака. Дзяўчына праславілася тым, што ў 2021 годзе распаўсюдзіла асабістыя звесткі Стрыжака, а таксама некаторых іншых звязаных з ім асоб.
Мінскі знаёмы Бегуна распавядае:
«Бягун супрацоўнічаў са спецслужбамі і атрымліваў ад гэтага задавальненне, усім хваліўся. Я не ведаю, што ён рабіў у КСДС, але, наколькі я ведаю, ён там пратрымаўся нядоўга».
Хто такі Ілля Бягун, які на дзяржаўным ТБ вылівае бруд на фонды салідарнасці і штаб Ціханоўскай?
Тое, што ён супрацоўнічаў з ГУБАЗіКам, пацвярджаюць сацсеткі. У ягоным тыктоку і тэлеграм-канале выкладваліся відэа з затрыманымі. Цяпер ён працуе начальнікам спецпраектаў у «Мінскай праўдзе», якую ўзначальвае вышэйзгаданая Коршун.
У артыкул мы ўключалі толькі тыя стыкерпакі, якія шырока распаўсюдзіліся па тэлеграме і дзе асобу стваральніка атрымалася адшукаць напэўна.
Мы прапусцілі нейкі стыкерпак або вы ведаеце болей пра іхніх стваральнікаў? Тады напішыце нам на e-mail (nivanasha@gmail.com ці nivanasha@proton.me), у наш кантактны тэлеграм-акаўнт або ў каментары пад гэтым артыкулам.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
Перарослая перарасце былых гаспадароў і паспрабуе пераабуцца.
Кісель сальецца.
Астроўскі розумам не востры - на тэрмін сабе ўжо намаляваў.
Коршун каршуном і ёсць.
Бягун бегчы будзе доооўга.