Дзе беларусы плануюць адпачываць? Дзяржаўныя сацыёлагі ў топе замежных кірункаў называюць Піцер, Маскву і Крым
Каля 90% беларусаў у гэтым годзе не плануюць адпачываць за мяжой. А колькасць тых, хто лічыць адпачынак і вандроўкі важнай часткай свайго жыцця, за тры гады зменшылася на 14%. Такія лічбы паказала дзяржаўнае сацапытанне.
Інстытут сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі апошнія тры гады праводзіць сацыялагічнае апытанне наконт таго, якім беларусы бачаць свой адпачынак. Апытанне робяць сярод гарадскога і сельскага насельніцтва па стацыянарным тэлефоне.
Як сцвярджаецца, абсалютная большасць апытаных (88,2%) бачаць свой адпачынак у Беларусі. У 2022 годзе, паводле гэтага ж апытання, не збіралася выязджаць за мяжу падчас адпачынку і выхадных 83,8% беларусаў.
Вось як выглядае топ-3 краін, якія беларусы-вандроўнікі плануюць наведаць у 2023 годзе: на першым месцы Расія (42,3%), на другім — Турцыя (11%), на трэцім — краіны Еўропы (7,9%).
Мікалай Сухоцкі, намеснік дырэктара па навуковай і інавацыйнай рабоце Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук адзначыў: «Раней у гэтым топе была б Украіна, але цяпер яе няма па аб'ектыўных прычынах. Крыху здзіўляе, што няма Балгарыі — папулярнага напрамку для беларусаў. Сітуацыя мяняецца».
Найбольш папулярнымі месцамі для падарожжа ў Расію для беларусаў сталі Санкт-Пецярбург (40,4%) і Масква (23,1%). На трэцяе месца дзяржаўныя сацыёлагі паставілі акупаваны Крым (9,5%), які яны аднеслі да Расіі. Калі параўноўваць з мінулымі гадамі, то ў 2022-м беларусы планавалі наведваць у першую чаргу Санкт-Пецярбург (26%), на другім месцы быў Крым (21,5%), на трэцім — Сочы (13,8%).
Яшчэ крыху цікавых афіцыйных даных: у 2021 годзе адпачынак ды вандроўкі важнай часткай жыцця лічыла 87,7% рэспандэнтаў, у 2022 — 75,6%, а ў 2023 — 73,7%. Мікалай Сухоцкі бачыць прычыну ў пандэміі каранавіруса: «Для ўсёй індустрыі турызму ў нашай краіне і свеце ў цэлым стрэс-тэстам стаў кавід. Людзі вельмі хацелі падарожнічаць, і гэтае імкненне адлюстроўваюць лічбы за 2021 год. А ў наступныя гады мы бачым стабілізацыю лічбаў на ўзроўні 73—75%».
З якой мэтай беларусы вандруюць па сваёй краіне? Калі верыць даследаванню, 41,1% — каб наведаць прыродныя аб'екты (запаведнікі, лясы, азёры), 39,6% — каб сустрэцца са сваякамі і наведаць малую радзіму, 35,2% — каб наведаць гістарычныя, культурныя месцы.
Сярод найбольш папулярных варыянтаў адпачынку рэспандэнты адзначылі адпачынак на прыродзе (61,2%), адпачынак на пляжы, рыбалку (37,4%), наведванне гістарычных помнікаў, музеяў, выставак (27,6%).
Найбольш перспектыўнымі відамі ўнутранага турызму беларусы лічаць лячэбна-аздараўленчы, спартыўны, аграрны, экатурызм, вайскова-гістарычны турызм. Дарэчы, пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне колькасць рэспандэнтаў, якія абралі апошні варыянт, зменшылася прыкладна на 9%.
Каментары