Культура22

«Доўга не ведаў, як рэалізаваць гэту ідэю, але зоркі супалі». Беларускія народныя песні прагучалі ў самым цэнтры Беластока

«Бяседныя песні» — так называецца спеўнік застольных беларускіх песень, выдадзены сёлета культурніцкай кампаніяй «Традыцыя». Першым горадам, дзе прайшла яго прэзентацыя, стаў Беласток. Змест спеўніка прадэманстраваў палескі фальклорны гурт «Каляжанкі» ў Беластоку, піша радыё «Унэт».

Месца для прэзентацыі зборніка народных песень арганізатары мерапрыемства, а гэта культурніцкая кампанія «Традыцыя», выбралі, на першы погляд, даволі незвычайнае — кавярню Cofix. Аднак дзякуючы менавіта такому выбару мноства жыхароў і гасцей Беластока змаглі пачуць беларускія песні ў самым цэнтры горада — на Рынку Касцюшкі, дзе месціцца кавярня. Якраз там гурт з беларускай Століншчыны разам з ініцыятарам стварэння спеўніка Сержуком Доўгушавым, які граў на дудзе, пачалі імпрэзу, перамясціўшыся затым у саму кавярню.

Як распавялі стваральнікі, «Бяседныя песні» — працяг серыі спеўнікаў, якія выдае «Традыцыя». Да супрацы ініцыятар выдання кніжкі запрасіў Насту Някрасаву, праца якой палягала ў пошуку запісаў, устанаўленні іх крыніц — адкуль паходзяць песні, хто іх спяваў — запісу са слыху нот, а потым укладанні спеваў у вызначанай паслядоўнасці.

У кніжку аб’ёмам 80 старонак увайшлі 34 песні, якія ў Беларусі спявалі пры святочным стале з самых розных нагодаў: вяселлі, хрэсьбіны, кірмаш альбо проста суседскія ці сямейныя ўрачыстасці. У выданні можна знайсці песні, добра вядомыя аматарам беларускай традыцыйнай музыкі.

Ёсць таксама вядомыя і шырокай грамадскасці, такія як «Бывайце здаровы». Дарэчы, яе запісалі яшчэ ў 1939 годзе на студыі ў Маскве. Аўтар тэксту Адам Русак, а музыкі — Ісаак Любан. Цікава, што гэта песня ў спеўніку падаецца не толькі на беларускай мове, але і на ідышы лацінскімі літарамі.

Дарэчы, акрамя кірылічнай версіі, усе тэксты песень падаюцца і на беларускай лацінцы. У зборніку песні з беларускага Палесся, з Панямоння, Паазер’я, Цэнтральнай Беларусі, а таксама з польскага Падляшша — то бок геаграфічны арэал вельмі вялікі. І гэта бачна па тэкстах, якія захоўваюць асаблівасці рэгіянальнага вымаўлення.

Каб знайсці песні, укладальніцы трэба было шмат працаваць у архівах, напрыклад, архіве Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, архіве Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, архівах этнамузыколагаў, штосьці запісалі раней самі стваральнікі спеўніка, калі ездзілі ў этнаграфічныя экспедыцыі.

Гісторыя стварэння гэтай кніжкі, якую, дарэчы, можна было купіць на прэзентацыі, пачынаецца з таго, што быў выдадзены дыск з бяседнымі песнямі, распавёў радыё «Унэт» Сяржук Доўгушаў.

— Спачатку была гісторыя, што з «Традыцыяй» мы выдалі дыск бяседных песень. Гэта быў 2018 год. Там былі пададзеныя яскравыя прыклады бяседных беларускіх песень. Людзі слухалі, але ў мяне была ідэя, каб гэта і спявалася, каб гэта быў спеўнік, дзе тэксты ёсць і ноты. Я доўга не ведаў, як рэалізаваць гэту ідэю, але зоркі супалі.

Мы паразмаўлялі з Настай Някрасавай, а яна з’яўляецца галоўнай укладальніцай, таму што менавіта яна рабіла расшыфроўкі тэкстаў, нот. У нас гэта зацягнулася на паўгода. Большую частку песень мы знаходзілі ў архівах. Хацелася прадставіць самыя яскравыя прыклады беларускіх бяседных песень.

— Колькі ад моманту ўзнікнення ідэі да моманту яе рэалізацыі прайшло часу?

— У нас быў апошні спеўнік калядных песень, які выходзіў у 2020 годзе. Была думка адразу: «А які будзе наступны спеўнік?». І вось з таго моманту гэта ўсё цягнулася, планавалася, я думаў, якія песні. Амаль два ці тры гады. Зараз спеўнік выйшаў, мы актыўна яго прэзентуем. Будзем у Познані, у Варшаве, і не толькі ў Польшчы.

І адразу наступная думка: «А які будзе наступны спеўнік?». І я ўжо магу адказаць, што ў наступным спеўніку будуць мужчынскія песні. Мы аднойчы таксама выдавалі гэтыя песні як зборнік, альбом і можна пачуць, як спявалі беларускія мужчыны. Але добра, каб было і з тэкстамі, і з нотамі, каб працягвалася мужчынская спеўная традыцыя.

І варта адзначыць, што дзякуючы менавіта гурту «Каляжанкі», які складаецца з некалькіх жанчын з розных вёсак Столінскага раёна, прэзентацыя мела надзвычайны каларыт. Арганізатары зрабілі так, што спяваў не толькі гэты калектыў, якому падпяваў ці падыгрываў Сяржук Доўгушаў, але і госці кавярні, для якіх былі адмыслова падрыхтаваныя тэксты песень кірыліцай і лацінкай.

Што ж тычыцца ўласна дзейнасці калектыва, які ўзнік у 2015 годзе, то пра яго распавяла ініцыятарка стварэння гурта Ірына Ляшкевіч.

— Неяк спантанна атрымалася. Мне пазванілі і спыталі: «Можа ты б сабрала якіх-небудзь жанчын для таго, каб паехаць у Польшчу. Дарэчы, першы выступ наш быў таксама ў Польшчы, у Седльцах. Трэба было паспяваць там на кірмашы. А я да гэтага была кіраўніком дзіцячага гурта і ўвесь час збірала гэтыя песні мясцовыя. Сапраўды, не ўсе песні можна даць спяваць дзецям.

І ў мяне столькі назапашвалася гэтага матэрыялу, што я прапанавала сваёй адной калезе, потым да нас далучылася другая. Практычна да 2019 года гурт троху мяняў свой склад. Толькі два чалавекі заставаліся нязменнымі. Ну і цяпер нас чатыры дзяўчыны, якія спяваюць.

— Вы не часта сустракаецеся цяпер, чаму?

— Я з’ехала. Я пераехала год таму. І я жыву вельмі далёка нават ад Варшавы і ад Беластока. Год мы не бачыліся і спаткаліся ў чэрвені першы раз пасля гадавога такога перапынку на фестывалі Soncahraj. Зараз другі раз дзяўчаты да мяне прыехалі і я вельмі шчаслівая ўбачыцца з імі і паспяваць разам».

А скончылася прэзентацыя гэтак жа сама, як і пачалася — на галоўнай плошчы Беластока, дзе «Каляжанкі» спявалі, танцавалі і да іх далучаліся ўсе ахвотныя.

Каментары2

  • Арына
    14.08.2023
    Это как раз главное чего сейчас не хватает в Польше и не только. Вон Пазьняку за 80, а ещё и поёт, и пляшет. Всем бы вот так!
  • мясцовы2
    14.08.2023
    Учора ў самым-самым цэнтры Варшавы, здаецца, "Вурай" раптоўна вулічны дыскач зладзіў.

Жыхар Іванава сплаціў $600 тысяч кампенсацыі за данаты, але ўсё адно атрымаў 5,5 года зняволення3

Жыхар Іванава сплаціў $600 тысяч кампенсацыі за данаты, але ўсё адно атрымаў 5,5 года зняволення

Усе навіны →
Усе навіны

Перад прэзідэнцкімі выбарамі Мінабароны чакае правакацыі з боку «збеглых», якіх «узбройваюць за мяжою»6

Мінздароўя распавяло, колькі каштуе выезд хуткай дапамогі і дзень пацыента ў бальніцы2

Ён быў першым беларусам на «Еўрабачанні» і зоркай, якую ведала ўся краіна — Міхаіл Фінберг14

Ці сапраўды варта класціся спаць раней?2

«Расія ніколі нас не падманвала, у адрозненне ад Украіны». Славацкі прэм'ер пагардліва выказаўся пра Зяленскага і ўкраінцаў12

Вайсковы білет, знойдзены ў палоннага паўночнакарэйца, выпісаны на рэальнага тувінца2

Беларусы выказалі найбольшую ахвоту наведваць тысячагадовы іспанскі замак3

«Мексіканскі заліў выказаў намер перайменаваць Дональда Трампа». Найлепшыя твіты тыдня8

Самалёт расійскай авіякампаніі зламаўся падчас рэйса. Ён такі ўжо чацвёрты з пачатку года1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Жыхар Іванава сплаціў $600 тысяч кампенсацыі за данаты, але ўсё адно атрымаў 5,5 года зняволення3

Жыхар Іванава сплаціў $600 тысяч кампенсацыі за данаты, але ўсё адно атрымаў 5,5 года зняволення

Галоўнае
Усе навіны →