Грамадства

«Прадаць цяля і ўратаваць каханне». З якімі праблемамі да чыноўнікаў звярталіся беларусы гэтым летам

Час ад часу беларускія чыноўнікі праводзяць прыёмы і гарачыя тэлефонныя лініі. Людзі калі-нікалі звяртаюцца да старшынь райвыканкамаў па дапамогу ў надзеі вырашыць нават асабістыя праблемы. Выданне Palatno даследавала ўсе беларускія рэгіёны і расказвае, з якімі праблемамі звяртаюцца да чыноўнікаў людзі: ад лавак у двары і галубоў на гарышчы да змянення часу працы адзінай кавярні і іржавай вады ў вёсцы.

У Беларусі адна з галоўных праблема — дарогі

Адна з самых распаўсюджаных праблем ва ўсіх беларускіх рэгіёнах — стан дарог у гарадах, а яшчэ часцей — у сельскай мясцовасці. На Астравеччыне прасілі перакласці асфальт, насыпаць гравій. З такой просьбай ішлі праз камунальныя службы і звярнуліся да старшыні райвыканкама. І гэта не адзіны выпадак у Беларусі. Амаль такія ж праблемы і ў Маладзечанскім раёне Мінскай вобласці: у прыватным сектары ў Маладзечне гараджане прасілі адрамантаваць дарогу, а ў вёсцы Качаны — хочуць новую.

У Дзяржынску пастар звярнуўся проста да старшыні райвыканкама, каб той дапамог пракласці дарогу каля царквы. Высветлілася, што пракласці дарогу там планавалі яшчэ летась, але грошай на гэта ў чыноўнікаў не хапіла. Там жа, у Дзяржынску, мясцовая жыхарка паскардзілася на тое, што ля шматкватэрнага дома не мянялі асфальту амаль 30 гадоў. У ЖКГ адказалі, што гэтай праблемы пакуль што не могуць вырашыць, бо займаюцца «смеццевым» пытаннем.

У Ельску мясцовыя жыхаркі прасілі адрамантаваць дарогу каля дома. Жанчыны скардзіліся, што ім цяжка перасоўвацца па ямах. Па іх словах, нават таксісты адмаўляюцца заязджаць да іх у двор праз кепскі стан дарогі. Відавочна, тая дарога стала сур’ёзнай праблемай, бо нават праўладныя журналісты зрабілі адтуль рэпартаж.

Ва Ушацкім раёне праблема з дарогамі вырашаецца сіламі саміх жыхароў вёсак, якія падсыпаюць на кепскія дарогі зямлю ці пясок. Разам з гэтым, мясцовым чыноўнікам дзякуюць за будаўніцтва тратуара ля бальніцы.

У Іўі старшыня райвыканкама вырашаў праблему з праходам да цэнтра горада, які быў закрыты з-за пажару ў закінутым дзіцячым садку. Высветлілася, што тая вуліца нават не заасфальтаваная, а побач няма крам. Мясцовыя, у асноўным — пенсіянеры, чакаюць хуткага вырашэння. Старшыня адказаў, што асфальтаваць пачынаюць з цэнтра (таму трэба пачакаць), а адкрыццё дарогі хутка адбудзецца (але таксама трэба пачакаць).

Кантраляваць жанчын з алкагалізмам і галубоў

Па ўсёй Беларусі раённыя газеты часам расказваюць, як у таго ці іншага старшыні райвыканкама прайшлі сустрэчы з мясцовымі жыхарамі і з якімі праблемамі людзі звяртаюцца да чыноўнікаў. Аднак такія справаздачы можна знайсці не ў кожнай раёнцы, а старшыні не вельмі часта справаздачацца аб выкананай працы. Некаторыя чыноўнікі штомесяц расказваюць праўладным журналістам, як дапамаглі з добраўпарадкаваннем дворыка або з пандусам для людзей з інваліднасцю ці сталага веку.

Так, яшчэ да пачатку лета ў маладзечанскага старшыні Юрыя Горлава было шмат працы. Яго прасілі паставіць лаўку ў адным з маладзечанскіх двароў, абмежаваць доступ галубоў на гарышча дома, абнавіць разметку пешаходных пераходаў у Радашкавічах, пералічыць пенсію. Раёнка адрапартавала, што ўсе пытанні былі ўзятыя на кантроль.

Жыхар вёскі Трашчаны на Астравеччыне спрабаваў высветліць у старшыні мясцовага райвыканкама Ігара Шалудзіна, які да чыноўніцкай працы быў аграномам, як прадаць цяля. У мужчыны ніхто не купіў жывёлу па аб’яве, таму ён запытаўся, куды можна яго прадаць. Шалудзін «обращение выслушал и взял на карандаш».

У Клецку два мясцовыя жыхары звярнуліся да старшыні Юрыя Карловіча, каб той дапамог ім з працай. Гэтыя пытанні, па класіцы, «былі ўзятыя на кантроль». Лельчыцкі старшыня Сяргей Дылюк вырашаў пытанні з аварыйнымі дрэвамі. І, як адзначыла мясцовая раёнка, «занял в этом вопросе принципиальную позицию»: даручыў камунальнікам даследаваць дрэвы.

У Паставах старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік увогуле не сутыкаўся з праблемнымі пытаннямі гэтым летам. Да яго на прыём прыйшла толькі адна жанчына, якая дзякавала за прыгажосць ля Дома культуры.

У Гарадку мясцовыя жыхары паскардзіліся на тое, што іх шматкватэрны дом трэба аператыўна адрамантаваць. І на месца адразу ж выехала старшыня Ірына Палякова. Высветліць, чым жа скончылася гісторыя, не атрымалася. Вядома, што Палякова яшчэ раз сустрэлася з жыхарамі дома і паразмаўляла з імі.

У Дрыбіне да старшыні Ірыны Стрэчын прыйшла занепакоеная грамадзянка, якая скардзілася на знаёмую жанчыну, што злоўжывае алкаголем і мае непаўналетніх дзяцей.

У Касцюковічах старшыня Аляксандра Міхеенка выслухоўвала скаргі мясцовага жыхара на тое, што час ад часу прарывае трубы і залівае агарод з дваром. Спецыялісты водаканала пытанне вырашыць не змаглі. У райвыканкаме сказалі, што трэба проста пачакаць.

У Круглым старшыня Сяргей Ермаліцкі ратаваў каханне: да яго звярнулася мясцовая жыхарка, якая прыехала ў горад па размеркаванні, а яе муж жыве ў Мінску. Дзяўчына прасіла адмяніць размеркаванне ў Круглым і пакінуць магчымасць застацца з мужам у сталіцы. А яшчэ Ермаліцкі сур’ёзна ставіцца да занядбаных зямельных надзелаў, пагражае адабраць іх і аддаць тым, каму яны сапраўды патрэбныя.

Вясковыя хочуць чыстай вады, зямлі і развіцця

Час ад часу чыноўнікі ездзяць па вёсках. Ушацкі старшыня Сяргей Садоўскі прыехаў у адну з вёсак, дзе выслухоўваў праблемы жыхароў і абяцаў усё вырашыць, а пакуль «берёт на карандаш». Напрыклад, у вёсцы Двор Пліна гадамі з-пад крану цячэ іржавая вада. Гэту праблему павінны былі вырашыць за кошт сродкаў ад Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця, але пасля ўвядзення санкцый фінансаванне было спыненае. Новыя сродкі на чыстую ваду ў вёскі ва Ушацкім раёне чыноўнікі так і не знайшлі.

Жыхаркі пасёлка Радунь прыйшлі да старшыні райвыканкама ў Воранаве з праблемай развіцця свайго населенага пункта. Жанчыны скардзіліся, што там не будуюць новае жыллё, не добраўпарадкуюць цэнтр, а адзіная кавярня скараціла час працы. Старшыня Дзмітрый Захарчук, наадварот, пераконваў жанчын, што ў Радуні ўсё добра, а яны проста не заўважаюць пазітыўныя змены.

У Бешанковічах ледзь не адбыўся перадзел тэрыторый, але на дапамогу прыйшла старшыня Галіна Унуковіч. Мясцовы жыхар захацеў купіць зямельны надзел, але той належыць сельскай гаспадарцы раёна, і на продаж зямлі фермеру дзяржаўная ўлада пайсці не змагла.

У Дзяржынску старшыня райвыканкама Максім Лысенка сутыкнуўся са скаргай жыхара вёскі Белікоўшчына. Мужчына прасіў пачысціць вадаём у мясцовасці, але старшыня патлумачыў, што гэта не просты вадаём, а сажалка. А сажалкі, як высветлілася, чыноўнікі чысціць не будуць, і параіў заняцца гэтым мясцовым жыхарам сваімі сіламі.

Ад сацыяльных пытанняў да рытарычных: навошта людзі прыходзяць са скаргамі

Дзяржынскі кіраўнік Лысенка вырашае не толькі праблемы вяскоўцаў, але і ідзе па шляху развіцця сацыяльнай дзяржавы. Да яго звярнулася маці дзіцяці з інваліднасцю: прасіла, каб райвыканкам паставіў пандус у пад’ездзе. Па яе словах, гэта каштавала б 1 000 рублёў. Ставіць пандус ніхто так і не збіраецца — жанчыне параілі звярнуцца па дадатковыя сацыяльныя выплаты, а частку сумы сабраць з жыхароў дома.

Гэта не адзіная гісторыя ў беларускіх рэгіёнах, калі сацыяльныя службы сумесна з дзяржаўнымі чыноўнікамі адмаўляюцца ісці насустрач людзям з інваліднасцю. Так, у Крупках пенсіянерка закранула «тему обеспечения равенства возможностей всех людей». Яна хацела б самастойна сябе абслугоўваць, але не мае магчымасці, бо жыве на другім паверсе. Пенсіянерка звярнулася з просьбай абмяняць сваю кватэру на сацыяльнае жыллё на першым паверсе з пандусам. Сацыяльныя работнікі прапанавалі ёй персанальнага асістэнта, а вось жыллё — не, бо яго няма і ніхто не збіраецца будаваць.

У Мастах кіраўнік райвыканкама Андрэй Санько змагаецца з дзіцячай пляцоўкай. У мясцовых разгарнулася сапраўдная вайна: жыхары аднаго дома хочуць мець пад вокнамі дзіцячую пляцоўку, а жыхары іншага нават дайшлі да суда, каб яе прыбралі. Суд вырашыў, што пляцоўку ўсталявалі з парушэннем нормаў, але ўжо шмат часу яе не прыбіраюць. Санько пастанавіў наступнае: вырашыць гэтае пытанне як гаспадары, што б гэта ні азначала.

У Карэлічах чыноўнікі заўважылі павелічэнне колькасці зваротаў ад мясцовых жыхароў. Людзі ідуць з просьбамі дапамагчы адкрыць бізнэс, па кансультацыі па падключэнні электрычнасці г. д. Карэліцкі старшыня райвыканкама Генадзь Шутаў лічыць, што павелічэнне зваротаў — гэта добры знак: «Значыць, людзі давяраюць мясцовай уладзе, ведаюць, што іх выслухаюць і дапамогуць. <…> Для гэтага мы і працуем».

У Чавусах мясцовы старшыня Дзмітрый Акуліч, як і яго калегі з іншых беларускіх рэгіёнаў, вырашаў пытанні якасці дарог, добраўпарадкавання на могілках і вывазу смецця. Аднак, у адрозненне ад іншых чыноўнікаў, Акуліч усё-такі знайшоў самую галоўную праблему і адказ на пытанне, чаму беларусы працягваюць ісці звяртацца па дапамогу:

— Многія звароты паказалі недапрацоўку службаў і спецыялістаў з насельніцтвам. Людзям трэба тлумачыць, чаму прымаюцца тыя ці іншыя рашэнні, тады зваротаў і пытанняў не будзе.

Чытайце таксама:

У Слуцку паставілі памятны знак з памылкай у імені пісьменніка, але чыноўнікі яе не прызнаюць

Судзілі раённага чыноўніка, якога нядаўна па тэлефоне адчытваў канал «Рудабельская паказуха»

Кіраўнік Кобрына правёў сустрэчу «з прадстаўнікамі СМІ і блогерамі». На ёй, акрамя яго, было два чалавекі, і тыя невыпадковыя

У Горацкім раёне правядуць грамадскае абмеркаванне па пытанні выразання трох кустоў ядлоўцу

Каментары

«Расія ніколі не спыніцца — яе можна толькі рабіць слабой». Вялікая гутарка з камандзірам каліноўцаў Паўлам Шурмеем

«Расія ніколі не спыніцца — яе можна толькі рабіць слабой». Вялікая гутарка з камандзірам каліноўцаў Паўлам Шурмеем

Усе навіны →
Усе навіны

Ціманоўская пра жыццё ў ЗША: Жудасная ежа і агідны сэрвіс67

Мазыранцы зрабілі няўдалую пластыку, яна падала пазоў на 100 тысяч рублёў1

Сёння даляр падаражэў на пяць капеек

Трое жыхароў Мінскага раёна атруціліся антыфрызам, адзін памёр1

Камунальнікі абурыліся самаробнымі лебедзямі з шынаў

Сёння — чарговы суд над палітзняволеным журналістам Ігарам Карнеем. Некалькі месяцаў яго трымаюць у памяшканні камернага тыпу1

Колькі беларусам трэба для камфортнага жыцця?3

Як у Мінску запалілі галоўную ёлку ФОТЫ4

Ва Украіне паспяхова выпрабаваная новая ракета «Рута»3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Расія ніколі не спыніцца — яе можна толькі рабіць слабой». Вялікая гутарка з камандзірам каліноўцаў Паўлам Шурмеем

«Расія ніколі не спыніцца — яе можна толькі рабіць слабой». Вялікая гутарка з камандзірам каліноўцаў Паўлам Шурмеем

Галоўнае
Усе навіны →