Яе дарога на тэлепанэль ішла праз два разводы і жаночы часопіс. Але, магчыма, галоўную ролю адыграў крымінальны эпізод у 2010-м. «Яе не турбуе тое, што было пяць хвілін таму. Яна, як хамелеон, мяняецца пад абставіны», — кажуць пра яе. Распавядаем, як Ксенія Лебедзева стала адной з зорак прапаганды.
Ксеніі Лебедзевай дазваляюць асвятляць лукашэнкаўскія мерапрыемствы і здымаць інтэрв'ю з палітвязнямі. Фота: інстаграм Лебедзевай
Дэбют у «Зоне Х» як гераіні міліцэйскай зводкі
35-гадовая Ксенія Лебедзева не раз запісвала інтэрв'ю з затрыманымі за палітыку. Яна дапытвала на камеру журналістак Tut.by, рэйкавых партызанаў. Але, як і ў многіх дзеячаў такога тыпу, дарога да супрацы з сілавымі структурамі ў яе пачалася з таго, што яна сама стала гераіняй крымінальнай хронікі.
Як выявіў «Байпол», у 2009—2010 гады Ксенія Рачкова (дзявочае прозвішча прапагандысткі) была дырэктаркай «Тэатра Акропаль». Схема працы была простай: з людзей бралі грошы за курсы, напрыклад, радыёвядоўцаў, і абяцалі, што заняткі пачнуцца, калі збярэцца група. А потым месяцамі казалі, што трэба пачакаць.
«Байпол» прыводзіць тэкст міліцэйскай зводкі: «Рачкова К.П., калі была генеральным дырэктарам ПУП па аказанні паслуг «Тэатр Акропаль», пад маркай атрымання грашовых сродкаў у якасці аплаты за курсы радыёвядоўцаў, без намеру выконваць абавязкі і не маючы такой магчымасці, 13.02.2009, знаходзячыся ў неўстаноўленым месцы г. Мінска, шляхам падману і злоўжывання даверам паўторна завалодала грашовымі сродкамі грамадзянкі на суму 590 тысяч рублёў (да дэнамінацыі. — «НН»)».
Ахвяра «Тэатра Акропаль» была не адзіная. Да гэтага часу ў інтэрнэце можна знайсці абмеркаванні на форуме людзей, якія заплацілі грошы за курсы, але не змаглі іх прайсці. Падаць заяву на грамадзянку Ксенію Пятроўну Рачкову вырашыла больш за дзесяць пацярпелых. Пра гэтую гісторыю нават выйшаў сюжэт у «Зоне Х».
Фота: інстаграм Лебедзевай
Вось што пазней пра гэты перыяд у сваім жыцці Ксенія напіша ў блогу: «У 2010 годзе ў мяне быў непрыемны пераломны момант у жыцці, здарэнне, калі гэта так можна назваць. У той момант я страціла падтрымку блізкіх, сутыкнулася з іх неразуменнем, а так званыя сябры ў адзін цудоўны момант кудысьці зніклі».
Усходняя казка з сумным канцом
У 23 гады магілёўка Ксенія ўпершыню выйшла замуж. Жаніх быў іншаземцам і вызнаваў іслам. Ксенія атрымала прозвішча Альхмам.
«Яе жаніх у Беларусі атрымліваў дадатковую адукацыю ў БДМУ. Галоўнае, што я памятаю, Ксюша цалкам пагрузілася ў гэтую гісторыю кахання, — расказала «Нашай Ніве» адна са знаёмых прапагандысткі. — У яе гарэлі вочы — ну проста незямное каханне. Але Ксюшу многія палохалі тым, што гэтыя адносіны ненадоўга. Казалі, што калі муж не павёз яе знаёміцца з бацькамі, то гэта чырвоны сцяг».
У канцы 2012 года пара развялася. Паводле слоў Ксеніі, гэта была яе ініцыятыва. Адной з прычын яна назвала свой страх з'язджаць у зусім чужую краіну.
«Магчыма, камусьці будзе цікавым, як адбываўся развод у сям'і мусульман. Нялёгка, але не так страшна, як можна было б уявіць, улічваючы многія гісторыі, якія мы можам убачыць, прачытаць у інтэрнэце. Усё абышлося лаянкай, якая перарасла ў… канцэптуальны дыялог з разуменнем і прабачэннем адно аднаго, — распавядала Ксенія. — Самым важным момантам для мяне, як ініцыятара, было тройчы пачуць ад мужа «талак», што значыць «развод». Згодна з мусульманскай традыцыяй муж павінен вымавіць «талак» тройчы, пасля чаго жанчына вольная. Ну, а потым ужо грамадзянскі суд і гэтак далей».
Фота: інстаграм Лебедзевай
Сям’я Ксеніі цяжка ўспрыняла тое, што першы шлюб дзяўчыны аказаўся няўдалым. Мама вельмі перажывала за асабістае жыццё дачкі і нават прывезла з Санкт-Пецярбурга чарапаху-талісман. Ксеніі яна ўручыла падарунак са словамі, што чарапаха павінна паспрыяць з'яўленню новага мужа. Сама ж Ксенія жартавала, што чарапаха — гэта сімвал мудрасці, і будзе нядрэнна, калі яна менавіта мудрасцю надзеліць сваю ўладальніцу.
Трэба сказаць некалькі слоў пра бацькоў Ксеніі, каб зразумець, што гэта за сям’я. Тата Пятро Рачкоў — былы міліцыянт (мабыць, дзяўчына крыху саромелася гэтага факта, бо новым знаёмым часта казала, што яе бацька — ветэрынар), маці Валянціна Рачкова — настаўніца рускай мовы і літаратуры, якая пазней стала намесніцай дырэктаркі Буйнічскай сярэдняй школы.
У Ксеніі ёсць таксама малодшы брат.
Праца на жаночым партале і другі муж
Першапачаткова Ксенія вучылася на дырыжора акадэмічнага хору. Пасля Магілёўскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Рымскага-Корсакава яна паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры, але ў нейкі момант зразумела, што хоча для сябе іншай будучыні і забрала дакументы.
Вышэйшую журналісцкую адукацыю Ксенія атрымала ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя Куляшова, скончыўшы завочна факультэт славянскай філалогіі па спецыяльнасці «журналістыка».
Доказ вернасці — набыццё тавараў у краме мерчу Лукашэнкі. Фота: інстаграм Лебедзевай
У той час яна пачала пісаць для беларускага жаночага партала Velvet.by. Тады выданне не шукала новых аўтараў, але Ксенія змагла зрабіць добрае ўражанне на кіраўніцтва. У выніку ёй даверылі весці рубрыку пра здароўе і некаторыя спецпраекты. Яна хадзіла на модныя івэнты і на прэс-канферэнцыі з беларускімі артыстамі. Таксама Ксенія вяла свой блог на партале. Цікава паглядзець, што яе хвалявала тады. Напрыклад, дзяўчына скардзілася на тое, што яе прынялі за трансвестыта. «Калі я апошнім разам фарбавала вусны чырвонай памадай, мне сказалі, што я падобная да трансвестыта. Можа, камусьці яна больш пасуе, і вы ўжо падабралі сваё адценне. Падзяліцеся сваімі фатаграфіямі?» — пісала яна.
Разважала Ксенія і на тэму таго, што вылучае беларуса ў натоўпе: «Няўпэўнены позірк, які ўзмацняюць блакітныя вочы, надаючы яму яўную дзяцінасць; няўпэўненыя рухі, якія выдаюць нерашучасць ва ўчынках і дзеяннях, слабахарактарнасць».
Вось як характарызуюць Ксенію тыя, хто з ёй працаваў.
«Я магу адзначыць дзве яе галоўныя характарыстыкі як журналісткі, — згадвае адна з былых калег. — Па-першае, яна вельмі лёгкая на пад'ём. Трэба ехаць заўтра з раніцы здымаць нешта ў Гродзенскай вобласці — Ксюша заўсёды з захапленнем пагаджалася. Яна не толькі пісала тэксты, але і добра фатаграфавала (аднойчы Ксенія нават прадала свой здымак на дабрачынным аўкцыёне — набыла яго за невялікія грошы Ганна Бонд. — «НН»).
А па-другое, хоць пісала яна хутка і лёгка, яе тэксты адрозніваліся нейкай фенаменальнай непісьменнасцю. З гэтага смяяліся літаральна ўсе. Факталагічны матэрыял Ксюша таксама ніколі асабліва не правярала — нам увесь час пісалі незадаволеныя чытачкі, што тут у яе тэксце няправільны год, а там — не той горад».
Ксенію пастаянныя папрокі калег і чытачоў наогул не бянтэжылі. Былая калега кажа:
«Ксенія — вельмі лёгкі ў жыцці чалавек (я нават сказала б, павярхоўны).
Яна не з тых, хто будзе злаваць ці сумаваць з-за чаго-небудзь днямі. Не ведаю, добра гэта ці дрэнна. Але абсалютна дакладна яе не турбуе тое, што было пяць хвілін таму. Я бачыла фатаграфію, дзе яна паднімае келіх за тое, што патрапіла пад санкцыі. Думаю, што гэта шчыра — яна не здольная доўга хвалявацца.
Пост Ксеніі ў інстаграме з нагоды санкцый
З ёй немагчыма пасварыцца: яна міралюбная, камунікабельная, абсалютна не злосная і не помслівая. Нават калі Ксюша недзе ў размове павысіла голас, то хутка ўжо будзе ўсміхацца».
Мілая, зычлівая, але хітрая — так характарызуюць цяперашнюю прапагандыстку знаёмыя таго часу. Ніколі не скажа ў твар, чаго хоча, — будзе намякаць, спрабаваць дзейнічаць праз кагосьці яшчэ.
«З таго, што заўсёды хвалявала Ксенію, я магу назваць узрост і выгляд, — расказвае адна са знаёмых прапагандысткі. — Яна вельмі баялася стаць «саракагадовай цёткай». Ксюшу відавочна палохала перспектыва жыць пасля сарака адной — яна часта кпіла з саракагадовых жанчын, якія могуць толькі клапаціцца пра котак. Хоць катоў Ксюша любіла: у яе ў свой час была котка Фрося — Ксюша назвала яе ў гонар Фросі Бурлаковай».
Пасля некалькіх гадоў працы Ксеніі на Velvet.by кіраўніцтва партала стала напружваць тое, што журналістка абсалютна не расце ў прафесійным плане: яна ўсё гэтак жа пісала павярхоўныя тэксты і рабіла шмат памылак. Калегі ставіліся да яе не вельмі добра.
«Яе штурхалі ўсе каму толькі хацелася», — успамінае былая калега Ксеніі.
Тым не менш у Ксеніі з'явіўся прыхільнік, які пісаў кампліменты журналістцы пад яе тэкстамі і прызнанні ў каханні ў яе блогу. Кавалер уразіў дзяўчыну сур'ёзнымі намерамі: ён казаў пра тое, што дзеля будучых дзяцей гатовы адмовіцца ад курэння і алкаголю, сачыць за рэжымам дня, пачаць займацца спортам і прымаць вітаміны.
У гэты час Ксенія пачала замест тэкстаў пра б'юці-сродкі жанчын Усходу публікаваць мілыя гісторыі з жыцця закаханай пары. Напрыклад, як выбраннік адвёў яе да стаматолага, якога дзяўчына панічна баялася. «Пакуль у маіх зубах калупаліся, ЛМ сядзеў на крэсле ў кутку і мяне падтрымліваў, супакойваў. Ну, і фатаграфаваў. Фотасесіі ў стаматолага ў мяне яшчэ не было. Шчыра кажучы, гэтым разам мне нават спадабалася. Адна зараз да стаматолага ні нагой. Удвух весялей», — пісала яна.
З прапагандыстам Рыгорам Азаронкам. Фота: інстаграм Лебедзевай
Гэты мужчына ў выніку стаў другім мужам дзяўчыны — і Ксенія атрымала прозвішча Лебедзева. На пачатку восені 2014 года гэты самы ЛМ зрабіў прапанову рукі і сэрца. Пажаніліся закаханыя 12 снежня — у дзень нараджэння Ксеніі.
«Пры ўсім тым, што Ксенія старалася рабіць уражанне сціплай дзяўчыны, для яе заўсёды грошы мелі значэнне, — адзначае суразмоўца. — Для яе важна было добра апранацца, сачыць за сабой. Яе першы муж быў не бедным чалавекам і мог забяспечваць высокі ўзровень жыцця. Пра другога мужа таксама казалі, што ён багаценькі Бураціна».
Былыя знаёмыя адзначаюць, што амбіцый у дзяўчыны заўсёды хапала.
«Яна была ўпэўненая, што ўвесь партал трымаецца выключна на яе таленце. Пасля звальнення Ксюша разам з новым мужам паспрабавала стварыць яшчэ адзін сайт для жанчын. Але чытачкі за ёй не пайшлі, рэкламадаўцы таксама — праект даволі хутка закрыўся».
З другім мужам Ксенія таксама развялася.
Зорны час на БТ
Знаёмыя Ксеніі згадваюць, што яшчэ ў часы працы на жаночым партале яна пачала марыць пра кар’еру на тэлебачанні. У 2016 годзе яна прайшла кастынг і пачала бадзёра расказваць у кадры пра збор ураджаю ды працавітых завадчан.
Але хацелася ёй крыху іншага: трапіць у палітычную рэдакцыю, дзе вядучыя зарабляюць адчувальна больш. Мабыць, такія думкі ў яе з’явіліся пасля паездкі ў 2018 годзе ў Маскву. Тады Лебедзева наведала тэлеканал «Расія 24» і рэдакцыю Russia Today і нават схадзіла на творчы вечар расійскага прапагандыста Уладзіміра Салаўёва (той падпісаў будучай калезе сваю кнігу).
У 2020-м Ксенія са сваёй ініцыятывы вызвалася працаваць на пратэстах. З гэтага пачаўся яе шлях у топавыя прапагандысты.
«Байпол» публікаваў зліў размовы, як Лебедзева, як мяркуецца, у 2020-м дамаўлялася з камандзірам сталічнага АМАПа Дзмітрыем Балабам, каб яго байцы суправаджалі яе падчас працы на пратэстах. Балаба ўдакладняў, што амапаўцам апрануць.
З ліпеня 2021 года Ксенія Лебедзева стала весці аўтарскую рубрыку «Гэта іншае» на канале «Беларусь 1».
Яе назойлівасці не вытрымаў былы пасол Украіны ў Беларусі Ігар Кізім, якога Лебедзева чакала каля ліфта ў МЗС, калі таго выклікалі ў ведамства.
«Цяжка назваць карэспандэнтам вас. Ведаеце: вы прапагандыстка, не больш за тое», — сказаў дыпламат ёй у вочы.
Фота: інстаграм Лебедзевай
«У Ксюшы няма нейкіх шчырых, глыбокіх перакананняў, унутраных каштоўнасцяў, — лічыць адзін са знаёмых Ксеніі. — Яна жыве тым, чым займаецца ў гэты момант. Пісала пра фітнэс — цікавілася ўсім, што з ім звязана. Пачала рабіць эканамічныя сюжэты — заглыбілася ў гэтую тэму. Яна, як хамелеон, мяняецца пад абставіны. Выйшла замуж за мусульманіна — стала мусульманкай. Развялася — і забылася на гэтую рэлігію».
Некалі ў блогу сама сябе Ксенія апісвала як чалавека азартнага да першага пройгрышу, казала, што ў картах ёй звычайна шанцуе падчас першай партыі, а потым пачынае прайграваць — і губляе цікавасць.
У 2021 годзе Лебедзева, якая годам раней прысутнічала на таемнай інаўгурацыі Лукашэнкі, атрымала падзяку ад яго.
Пасля пачатку вайны ва Украіне Ксенія разам з іншымі беларускімі прапагандыстамі ездзіла ў акупаваны расіянамі Марыупаль, выкладала ў інстаграме здымкі з Бярдзянска і гарадоў Данбаса.
Чэрвень 2023 года. Фота: інстаграм Лебедзевай
Лебедзеву ўнеслі ва ўкраінскую базу «Міратворац»: яе абвінавачваюць у прапагандзе расійскага нацызму і фашызму, інфармацыйнай падтрымцы нападу Расіі на Украіну, свядомым парушэнні дзяржаўнай мяжы Украіны.
Сёлета прапагандыстка трапіла пад санкцыі Еўрасаюза. У Белтэлерадыёкампаніі ёй выпісалі за гэта прэмію.
Што засталося нязменным у кар'еры прапагандысткі, дык гэта няздольнасць ці нежаданне правяраць факты. Так, яна паведаміла Лукашэнку, што яго абвясціла ў вышук СБУ (гэты фэйк абвергла сама СБУ), а на бранзалеце Залужнага яна ўгледзела свастыку замест скандынаўскага ўзору. Зрэшты, ад прапагандыстаў дакладнасці і не патрабуецца.
Сувязная падазраванага Данелюса
Але, магчыма, Лебедзева больш чым проста прапагандыстка. На такую думку наводзіць працэс Мантаса Данелюса — юрыста, якога ў Літве абвінавацілі ў шпіянажы на карысць лукашэнкаўскага рэжыму.
Ён укараняўся ў беларускія арганізацыі, знаёміўся з прадстаўнікамі бізнэсу і актывістамі, а пасля таго як уваходзіў у давер, перадаваў інфармацыю не каму іншаму, а Ксеніі Лебедзевай.
Чытайце таксама: Укараняецца ў беларускія арганізацыі як юрыст, перасылае інфармацыю Лебедзевай. Дзіўная дзейнасць Мантаса Данелюса
«З Ксеніяй Лебедзевай мы пазнаёміліся ў Паланзе задоўга да пандэміі. Яна здымала там відэа пра рэгулярныя рэйсы «Белавія». Паколькі я свабодна размаўляю па-руску, то дапамагаў ёй выконваць абавязкі журналіста. Ксенія прыняла іслам, у мяне таксама шмат сяброў-мусульман, яшчэ мы абое аднаго знака задыяка, розніца ў гадах невялікая. Гэта больш падобна да сімпатыі мужчыны да жанчыны, чым да супрацы», — апісваў Данелюс знаёмства.
Ён казаў, што перадаваў прапагандыстцы інфармацыю, бо гэта дапамога жанчыне, якую ён вельмі любіць.
«Ксенія — фатальная жанчына. Яна ўмее зачараваць мужчын. Гэты тып жанчын па-літоўску называецца «чорная архідэя».
Лебедзева рабіла інтэрв'ю з польскім дэзерцірам Эмілем Чэчкам, які збег у Беларусь. У сакавіку 2022 года яго знайшлі павешаным. Фота: інстаграм Лебедзевай
Калі вам важна тое, што робіць «Наша Ніва», то падтрымаць нас можна праз Патрэон па спасылцы ніжэй. Тады мы зможам больш.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары