«Першы раз бачу такое»
«У Менску зьбіраць подпісы цяжэй, чым у рэгіёнах, сярод моладзі — цяжэй, чым сярод старэйшых людзей». Пра што яшчэ сьведчаць вынікі збору подпісаў за кандыдатаў у прэзыдэнты?
Кампанія збору подпісаў скончыцца 27 студзеня, але пэўныя тэндэнцыі ўжо вымаляваліся. Каманда Лукашэнкі абвесьціла пра 930 тысяч подпісаў, сабраных за першую палову кампаніі. Штаб Мілінкевіча ў нядзелю 15 студзеня называў лічбу 140 тысячаў. Гэта пры тым, што спачатку Калякін дакляраваў жаданьне сабраць мільён, пасьля — 500 тыс. подпісаў. Астатнія кандыдаты набіраюць яшчэ меней. Ці можна гаварыць ужо пра пэўныя тэндэнцыі на грунце гэтых лічбаў? Аналізуюць палітык Уладзімер Навасяд, палітоляг Юры Чавусаў, журналіст «БелГазеты» Кірыла Жываловіч, кіраўнік аддзелу ўнутранай палітыкі газэты «Белорусы и рынок» Паўлюк Быкоўскі і Лявон Баршчэўскі, ганаровы старшыня Беларускага ПЭН-Цэнтру.
Уладзімер Навасяд: «У Менску найцяжэй»
«Калі праводзіць нейкія паралелі з 2001 г., то трэба зазначыць, што ініцыятыўная група Мілінкевіча працуе сёньня як валанцёры. Няма ніякіх заробкаў, як гэта практыкавалася ў мінулую кампанію. І я вельмі зьдзіўлены гэтай працай, бо першы раз убачыў такое.
У Менску зьбіраць подпісы цяжэй, чым у рэгіёнах: тут вышэйшы ўзровень жыцьця, і стала больш тых, хто падтрымлівае Лукашэнку. У абвешчаныя тэрміны правесьці нармалёвую піяр-кампанію немагчыма. Калі б Кангрэс дэмсілаў адбыўся напярэдадні Новага году, як прапаноўвалі некаторыя, то Адзіны кандыдат цяпер нічога не рабіў бы. Нездарма выбары былі перанесеныя зь лета на вясну.
Шмат стала запалоханых — я б сказаў, такіх большасьць: людзі шмат разумеюць, але ставіць свае подпісы баяцца.
Перамены ў тым маштабе, які мы хацелі б бачыць, яшчэ ў краіне ня высьпелі. Але трэба працаваць. У тых умовах, якія ёсьць цяпер. Карыстацца легальнай магчымасьцю працаваць з насельніцтвам падчас гэтай кампаніі. Потым будуць мясцовыя выбары і выбары ў парлямэнт. Трэба ўпарта працаваць — крок за крокам».
Паўлюк Быкоўскі: «930 тысяч — таксама піяр-акцыя»
«Варта зазначыць, што гэта ўсё ж пакуль не рэальна сабраныя, а толькі абвешчаныя галасы. Звычайна ў Цэнтравыбаркам падаецца іншая колькасьць. Дарэчы, абвешчаная празь БелТА колькасьць подпісаў у падтрымку Лукашэнкі — гэта такая ж піяр-акцыя, як і ў іншых прэтэндэнтаў.
Хачу нагадаць, што Лідзія Ярмошына яшчэ ўлетку 2005 г. казала, што ўдзельнічаць будуць чатыры кандыдаты. Думаю, яна не памыліцца. Найбольш верагодна, што гэта будуць Лукашэнка, Гайдукевіч, Мілінкевіч і Казулін. На маю думку, ЦВК ня будзе рэгістраваць Пазьняка ні ў якім разе, бо ён абяцаўся, што ў выпадку рэгістрацыі прыедзе ў Беларусь. Па-першае, гэта будзе інфармацыйная нагода, што ўскалыхне палітычную сытуацыю ў Беларусі. Па-другое, Пазьняк ня будзе гуляць па ўладных сцэнарах і можа вывесьці людзей на вуліцу.
Наяўнасьць у выбарчых бюлетэнях прозьвішча Мілінкевіча стане аргумэнтам для Захаду, што выбары адбываліся дэмакратычна. Наяўнасьць прозьвішчаў Мілінкевіча і Казуліна будзе расьцягваць галасы дэмакратычнага электарату. Сытуацыя, калі яны здымуць свае кандыдатуры з выбараў, для ўлады непажаданая. Для гэтага і існуе Гайдукевіч — каб выбары былі легітымныя.
У 2001 г. Гайдукевіч атрымаў каля 3% галасоў — прыкладна столькі ж, колькі сабраў подпісаў за сябе. Але тыя выбары дазволілі стаць яму фігурай нацыянальнага маштабу. Ён трэці палітык па пазнавальнасьці сярод выбарцаў, згодна з апытаньнямі, якія ладзяць незалежныя сацыёлягі на чале з прафэсарам Алегам Манаевым. На першым месцы ідзе Лукашэнка, на другім — Пазьняк, на трэцім — Гайдукевіч, на чацьвертым (цяпер ужо) — Мілінкевіч».
Кірыла Жываловіч: «Як грамадзянін, я мару»
«Як грамадзянін, я мару, каб праз два месяцы мы жылі ў краіне без Лукашэнкі. Але па выніках гэтай падпісной кампаніі можна сказаць нават і без падліку галасоў, што ў першым туры прэзыдэнцкіх выбараў пераможа Лукашэнка — паводле вэрсіі Цэнтравыбаркаму. У дэмакратычных кандыдатаў няма ні часу, ні магчымасьцяў схіліць шалі на сваю карысьць.
Пасьля выбараў дзейны прэзыдэнт будзе мець яшчэ больш паўнамоцтваў. Але ёсьць тое, пра што сёньня ніхто не гаворыць: дэмакратычныя сілы ўжо могуць паказацца перад усімі як згуртаваная супольнасьць. У шэрагах апазыцыі за сьпінамі вэтэранаў ужо праглядаецца моладзь, якая зможа перамагчы Лукашэнку. Праўда, адбудзецца гэта, на жаль, нават не ў 2011 годзе...
Галоўнае пытаньне, якое пакуль не агучваецца нікім: куды сыдзе Лукашэнка — на Дошку гонару, у турэмную камэру, на пэнсію? Адказ на гэтае пытаньне залежыць ад той моладзі, якая ёсьць у дэмакратычных сілаў».
Юры Чавусаў: «Роля каманды будзе ўзрастаць»
Я б не казаў, што збор подпісаў ідзе марудней, чым чакалася. Ня трэба сур’ёзна браць пад увагу мэты, пра якія гучна абвяшчалася, — найчасьцей за ўсё гэта ня болей чым піяр. Штаб Адзінага кандыдата задаволены тэмпамі збору подпісаў. Яны набралі крэйсэрскую хуткасьць і складаюць прыблізна па 10 тыс. подпісаў за дзень.
Галоўнае адрозьненьне, якое адчуваецца ў параўнаньні з кампаніяй 2001 году, — гэта тое, што ёсьць Адзіны кандыдат. І людзі ўспрымаюць Мілінкевіча як Адзінага. Тады ж — памятаеце? — збор подпісаў ішоў адначасова і за Домаша, і за Ганчарыка. А цяпер пытаньне “Хто акрамя Лукашэнкі?” перад намі не стаіць, мы маем цьвёрды адказ — Мілінкевіч.
Натуральна, што агучаныя на сёньня 200 тыс.подпісаў — гэта “брудная” лічба. Іх яшчэ будуць пераправяраць, каб потым ня выкрасьліла ЦВК. Таму “ўсушка” непазьбежная.
У 2001 г. адразу некалькі кандыдатаў заявілі, што яны сабралі 100 тыс.подпісаў (і нават група паважанага Зянона Пазьняка зрабіла такую заяву). Але потым высьветлілася, што гэта не зусім так. Такія заявы таксама варта разглядаць як элемэнт піяр-барацьбы. Прыгадайце хіба, што першым пра 100 тыс.подпісаў заявіў старшыня ЛДПБ Гайдукевіч. Да такога кшталту заяваў трэба ставіцца асьцярожна.
Наконт кароткатэрміновай пэрспэктывы, то бок самой падпісной кампаніі. 100 тыс. подпісаў Мілінкевіч зьбярэ. Думаю, некаторыя іншыя дэмакратычныя кандыдаты таксама могуць сабраць такую колькасьць. Вельмі сур’ёзна і адказна дзейнічае група Казуліна — думаю, ёй удасца сабраць неабходную колькасьць. Ведаючы ролю Гайдукевіча, можна не сумнявацца, што і ён зьбярэ. Фаварыты гонкі ўжо вызначыліся: Мілінкевіч, Казулін, Гайдукевіч, магчыма — Пазьняк.
У сярэднетэрміновай пэрспэктыве (г.зн. усёй выбарчай кампаніі) трэба разумець адно: усе кандыдаты, апрача Мілінкевіча, будуць у Лукашэнкавай батлейцы выконваць ролю, якую адыгрываў Гайдукевіч у выбарах 2001 г. Наяўнасьць іх дае ўладам магчымасьць нэўтралізаваць фаварыта прэзыдэнцкіх выбараў, адзінага кандыдата.
Пра доўгатэрміновую пэрспэктыву, пасьля выбараў, меркаваць цяжка. Можна зазначыць, што ў асобе Мілінкевіча мы атрымалі агульнанацыянальнага лідэра дэмакратычных сілаў, які здольны і дзяржаву ачоліць, і аб’яднаць кааліцыю гэтых самых дэмакратычных сілаў. Думаю, непазьбежна будзе ўзрастаць роля каманды, якая выбрала Мілінкевіча, — не ягонага выбарчага штабу, а менавіта каманды.
Лявон Баршчэўскі: «Пасыўнасьць моладзі ўражвае»
«Вялікая колькасьць подпісаў за Лукашэнку мае ўзвышаць уладу ў яе вачах і ўмацоўваць яе ў ейным жа інфармацыйным полі. Уладу менш цікавіць меркаваньне замежжа, у тым ліку Расеі, дзе мільённая колькасьць подпісаў напэўна выкліча іронію і кпіны. Ёй важная легітымізацыя свайго існаваньня ўнутры беларускага грамадзтва і асабліва ў сваіх уласных вачах.
Павольны збор подпісаў за адзінага сьведчыць перадусім пра тое, што ўладзе ўдалося зрабіць людзей цынічна-апалітычнымі, што заўжды на руку дзейнай уладзе. Памылкай апазыцыі быў разьлік на малады электарат: пакаленьне маладзейшых за 30 аказалася апалітычнае цалкам. Яго пасіўнасьць уражвае.
Акрамя Лукашэнкі, Мілінкевіча й Пазьняка, ніводзін іншы кандыдат ня мае шырокай вядомасьці і шанцаў выйграць. І іхны ўдзел у палітычным жыцьці грунтуецца на мабілізацыі фінансавых і іншых рэсурсаў, якія паходзяць ад тых сілаў, што зацікаўленыя, каб адзіны не застаўся адзіным».
❏
Зробім высновы і прагнозы. Віктар Шэйман хоча даказаць шэфу сваю адміністрацыйную звышэфэктыўнасьць. Таму ўпершыню пад¬трымка сёньняшняга курсу будзе падмацаваная таталітарнымі лічбамі ў два, а можа нават тры мільёны подпісаў.
Зянон Пазьняк шчыра змагаецца за збор ста тысячаў подпісаў. Ягоную справу ўскладняе адсутнасьць струк¬тураў у многіх рэгіёнах і непрысутнасьць палкаводца на полі бітвы.
Кандыдаты, якія зьбіраюць подпісы, не адрасуючыся ні да якой канкрэтнай сацыяльнай ці культурнай групы, здаецца, найбольш заклапочаныя тым, каб не нанесьці выпадкам шкоды электарату галоўнакамандуючага.
Лічба 200—250 тысячаў подпісаў за адзінага кандыдата сьведчыць пра прынцыповую сумленнасьць ягонай каманды, але і пра адсутнасьць у дэмакратаў прыхаванага фінансавага ці іншага рэсурсу. Маем тое, што маем.
Каментары