Грамадства2222

«У людзей у Беларусі няма зброі? Дапаможам». Камандзір палка Каліноўскага расказаў пра сілавы сцэнар, прэтэнзіі і стомленасць

Роўна месяц таму полк Каліноўскага сабраў у Кіеве прадстаўнікоў ледзь не ўсіх дэмакратычных сіл Беларусі, нават тых, што не зусім добра ставяцца адно да аднаго. Паводле задумы арганізатараў, у выніку дэмсілы мусілі аб’яднацца і пачаць распрацоўку стратэгіі вызвалення Беларусі. Ці ўдаецца нешта рабіць? Пра гэта, а таксама пра прэтэнзіі байцоў да кіраўніцтва, сыход часткі людзей у іншыя падраздзяленні і скарачэнне дапамогі ад беларусаў «Люстэрка» пагаварыла з камандзірам палка Каліноўскага Дзянісам Прохаравым.

Камандзір палка Каліноўскага Дзяніс Кіт Прохараў, лістапад 2023 года. Фота: прэс-служба палка Каліноўскага

«Ёсць пэўная праблема ў нейкім вельмі аптымістычным стаўленні да Расіі. Маўляў, яна слабее, а я так не скажу»

— З канферэнцыі, якую арганізаваў полк, прайшоў ужо месяц. На мерапрыемстве выніковы мемарандум і «Адозву да вольных народаў свету» падпісалі не ўсе. Што дзеецца цяпер?

— Яшчэ Офіс Ціханоўскай і Кабінет не падпісалі. Але да нас далучыўся шэраг іншых структур.

— Чаму полк вырашыў узяць на сябе ініцыятыву і правесці аб’яднальную канферэнцыю? Вы не бачыце нейкіх дзеянняў ад іншых дэмсіл?

— Бачым-бачым. Проста да нас таксама запыты ідуць. Ёсць пэўныя прэтэнзіі: «Ой, а чаму яны не аб’яднаюцца, ой, а чамусьці яны закрыліся і нікога не пускаюць». Вось, калі ласка, усе, хто мог, прыехаў — розныя дэмакратычныя сілы, розныя погляды. Я рады, што гэта адбылося. Няхай і ёсць трохі непаразуменняў, але я ўпэўнены, што мы прыйдзем да агульнага погляду на той самы план, што нам рабіць далей.

Асабіста я хачу, каб беларусы аб’ядналіся. Я дзевяць гадоў жыву ва Украіне і страшна сумую па Беларусі. Я хачу, каб вызваленне нашай краіны адбылося. Хачу пабачыць свае вуліцы, дом, садочак, школу. У мяне ёсць гэты боль, так. І ў многіх беларусаў ён таксама ёсць. Дык давайце не будзем кідаць адно ў аднаго камяні.

— На канферэнцыі ў Кіеве беларускія дэмсілы ўсё роўна сварыліся і выказвалі незадаволенасць.

— Я гляджу на гэта, як ні дзіўна, нармальна, бо разумею, што цяпер разнамасная каманда сабралася. І ў кожнага ёсць сваё меркаванне. Але ў спрэчках нараджаецца праўда. Мы зараз праз іх пройдзем. І я спадзяюся, што прыйдзем да аднаго агульнага плана, да адной агульнай думкі. Проста час ляціць вельмі хутка, і хацелася б, каб усё гэта таксама вельмі хутка вырашалася. Бо некаторыя пытанні на канферэнцыі рэальна задаваліся нясвоечасова.

— Што вы маеце на ўвазе?

— Сітуацыя такая, што вайна ідзе і нікуды не падзелася. Гэта самае актуальнае пытанне. І дапамогі адчувальна менш.

— Беларусы пачалі менш дапамагаць добраахвотнікам?

— Не толькі беларусы. Яе ў прынцыпе стала менш. Калі спачатку дапамога ўсё нарастала, то цяпер мы назіраем хвалі: то стабільнасць, то правал. А вайна мусіць быць заўсёды актуальнай.

Людзі пачынаюць: а давайце палітычнае прадстаўніцтва, яшчэ нешта. Мне вельмі цяжка гэта чуць. Ведаю, што дзесьці мусяць быць вось гэтыя дамоўленасці што да пэўных рэчаў, з пэўнымі людзьмі. Але я разумею, што хлопцы цяпер у акопах. Іх абстрэльваюць. Там вельмі складана думаць пра нейкія дамоўленасці і нейкую палітыку ўвогуле. Проста дайце пікапы, дроны, кулі, зброю, адэкватную ратацыю і адпачынак. Усё. Тады мы зробім сваю справу. Хаця б не дамо ворагу далей прасунуцца.

Таксама ёсць пэўная праблема ў нейкім вельмі аптымістычным стаўленні да Расіі. Маўляў, яна слабее. А маё меркаванне іншае — я не скажу, што Расія слабее. Няма такога, не адчуваецца. Яны трымаюцца, узмацняюцца, вучацца. Глабальна трымаюцца. Не трэба спадзявацца на тое, што «рашка» — гэта нейкія неадэкватныя неандэртальцы-дзікуны. Гэта не так. Яны рэальна могуць трымаць супраціў, фронт і яшчэ, напэўна, наступаць. А нам трэба да гэтага рыхтавацца.

Калі пачалася поўнамаштабная вайна, я адразу сказаў: яна працягнецца мінімум пяць гадоў. Мінімум. Так, спачатку ўсё вельмі хутка адбывалася. Але я разумеў: прыйдзе час, калі яны замацуюцца, будзе кшталту АТА-2. І на гэтым фоне нам важна не быць тымі беларусамі, што ладзяць, як кажуць, «бульбасрач».

— Вы падпісвалі выніковыя дакументы канферэнцыі ад палка. У вас з’явіліся персанальныя палітычныя амбіцыі?

— У мяне асабіста?

— Так.

— Я ніколі не думаў пра гэта. Не бачу сябе палітыкам. Але мне кажуць: у цябе ёсць здольнасці. Таму, калі будзе трэба — магчыма.

Камандзір палка Каліноўскага Дзяніс Кіт Прохараў, лістапад 2023 года. Фота: прэс-служба палка Каліноўскага

«Кактэйлі Молатава яны не будуць успрымаць, біты, палкі — гэта ўсё для іх смех»

— У мемарандуме канферэнцыі 29 лістапада было сказана, што дэмсілы павінныя будуць выпрацаваць стратэгіі па вызваленні Беларусі. Як ідзе гэтая праца?

— Цяпер створаная група, да якой мы далучым нашыя новыя сілы, што падпісалі дакументы. Яна якраз і займаецца распрацоўкай стратэгіі вызвалення Беларусі. Трэба разумець, што само пытанне стратэгіі вельмі няпростае і можа заняць пэўны час. Мы мусім улічыць шматлікія думкі ўсіх нашых сілаў. Таму працэс ідзе, а мы кантралюем гэта.

— Ці лічыце вы рэальным сілавы сцэнар вызвалення Беларусі на сёння? Усё ж добраахвотнікаў па-за межамі Украіны непараўнальна менш, чым вайскоўцаў у Беларусі.

— Глядзіце, сілавы сцэнар разглядаецца не як асноўная мэта. Мы мусім мець зброю, каб быў фактар ціску. Мы, на жаль, павінны змусіць улады баяцца. Калі ёсць зброя і ты выходзіш нават на тыя ж перамовы, то цябе будуць слухаць. З гэтай уладай па-іншаму нельга. Табе ж нават слова не дадуць сказаць — заб’юць, пакалечаць і гэтак далей. Таму мы мусім мець абарону. Гэта па-першае.

А па-другое, калі пэўныя нашыя прапановы не будуць выслуханыя, мы будзем змушаныя дзейнічаць па-іншаму. Паказаць сваю мэтаскіраванасць і сур’ёзнасць. Кактэйлі Молатава яны не будуць успрымаць, біты, палкі — гэта ўсё для іх смех. Вы ж бачыце, што ўжо ствараюцца спецыяльныя атрады супраць каліноўцаў, бачыце іх стаўленне.

— Як думаеце, у выпадку сілавога сцэнара Беларусь чакае грамадзянская вайна, якой можа скарыстацца Расія?

— Не думаю, што так будзе. Нават самыя праўладныя, нават лукашысты, думаю, будуць стаяць убаку, бо мы пабачылі ў 2020-м, у каго была большасць. Таксама важна разумець, што калі будзе барацьба беларусаў за свабоду знутры, калі будуць бачныя пэўныя дзеянні, гэта прымусіць уладу мяняць шлях.

— Але знутры ў людзей няма зброі.

— Дапаможам (смяецца).

— Украіна не будзе супраць?

— Вядома, украінцы наўрад ці зараз будуць ваяваць з Беларуссю. Іх таксама можна зразумець — другі фронт не патрэбны. Але разам з тым цяпер нават тэзісна дэпутаты ўкраінскія кажуць: рабіце, дзейнічайце — мы вам дапаможам. Яны не хочуць нас падштурхоўваць. Бо відавочна, што беларусы — уладары сваёй краіны, мы мусім самі вырашаць. А там ужо… Хто зразумее, украінец ці беларус (смяецца).

— Улетку, падчас мяцяжу Прыгожына, вы запісалі відэазварот, у якім заявілі, што ўнутры краіны «ёсць вялікі рэзерв, які гатовы вызваляць Беларусь». Вы нейкім чынам з гэтымі людзьмі працуеце?

— Так, у нас ёсць рэзерв, ёсць планы яго падрыхтоўкі. Пэўныя людзі проста чакаюць моманту.

— Беларускія вайскоўцы з вамі спрабавалі звязвацца, трымаць кантакт? Казалі, што падтрымаюць у выпадку чаго?

— Так, вядома. Была хваля запытаў, калі расіяне пачалі пераходзіць у палон. Тады напісала шмат тых, хто хацеў ведаць, што рабіць, як здавацца, калі іх раптам павязуць ваяваць. Ну і цяпер мы таксама супрацоўнічаем з некаторымі, каб мець пэўную інфармацыю ўнутры беларускага войска. Каб дзяліцца з разведкай.

— Як вы ацэньваеце, ці шмат людзей у беларускім войску, што могуць вас падтрымаць?

— Я думаю, 70−80 працэнтаў — гэта тыя, хто не хоча ўдзельнічаць у вайне ва Украіне. Тых, хто гатовы падтрымаць?.. Вядома, менш. Але трэба ўлічыць яшчэ працэнт тых, хто не хоча ўвогуле нідзе ўдзельнічаць. Такія «я проста пастаю», а яны там штосьці думаюць, зараз павесяць іншы сцяг, я буду пад іншым сцягам. Таму… Думаю, мінімум 50 працэнтаў дакладна падтрымлівае нас.

— Ці сачылі вы за рэакцыяй беларускай прапаганды на канферэнцыю? Ці сочыце ўвогуле за тым, што пра полк здымаюць на ТБ?

— Я асабіста не паспяваю апошнім часам аж сачыць за навінамі беларускага тэлебачання. Але да мяне даходзяць некаторыя рэакцыі прапагандысцкіх СМІ. Як Азаронак шалеў, як захлынаўся пенай, як намагаўся сказаць усе магчымыя і немагчымыя кепскія словы. Я з гумарам стаўлюся да іх. Не ўспрымаю сур’ёзна. Пра мяне там аднойчы цэлы выпуск зрабілі. Там мой партрэт быў на дзвярах біяпрыбіральні (смяецца). Увогуле, мне зразумелая палітыка лукашэнкаўскіх СМІ. У іх задзел на адно — ачарніць нашу працу, абпляваць, запэцкаць словамі, бо іншага яны не могуць. А для нас гэта значыць, што мы на правільным шляху. Сваімі дзеяннямі мы трымаем рэжым Лукашэнкі ў тонусе.

Татуіроўкі камандзіра палка Каліноўскага Дзяніса Кіта Прохарава, лістапад 2023 года. Фота: прэс-служба палка Каліноўскага

«Што толькі пра мяне не казалі, у чым толькі не абвінавачвалі»

— Добраахвотнікі часта крытыкуюць штаб і кіраўніцтва палка…

— (перабівае) Давайце пра штаб. Сама назва «штаб» гучыць так, нібыта гэта нейкі выдуманы персанаж. Я ўжо чуў, што нават паблікі нейкія пра яго ёсць. Як на мяне, гэта можа быць мэтаскіраванай працай спецслужбаў. Альбо проста працай супраць палка, якая робіцца за вялікія грошы. Для мяне існаванне такіх рэчаў — пацвярджэнне, што мы ідзём у правільным кірунку.

Спачатку было цяжкавата чуць плёткі пра полк, а цяпер я ўжо прывык. А што рабіць. Плёткі будуць заўсёды, што б ты ні рабіў, дабро ці зло. Ты тут жывеш 9 гадоў ідэяй Вольнай Беларусі, а ў цябе знаходзяць адну памылку…

— Якую?

— На адной з задач — такія рэчы здараюцца — са мной адсутнічала сувязь, бо сваю рацыю я перадаў іншаму ваяру. Сувязі не было пэўны час, што прывяло да пэўных кепскіх думак пра мяне — што са мной нешта здарылася, — і пытанняў, куды я знік. Якраз з гэтай нагоды я сабраў людзей, расказаў усім ваярам, як усё было. Я ў прынцыпе збіраю людзей на дэбрыфінг, разбіраю свае памылкі. Бо я таксама чалавек.

А тут робяць цэлы сайт, на якім расказваюць, што Кіт штосьці там не так зрабіў, дадаюць да праўды хлусні… Разумееце, я арыентуюся на адэкватных людзей, якія падыдуць і спытаюць, так гэта ці не так. Пакуль да мяне яшчэ ніхто не дайшоў, каб задаць пытанні ці абвінаваціць мяне ў чымсьці ў твар.

— Адна з частых прэтэнзій да кіраўніцтва палка — грошы. Так, баец Дзяніс Ваўкалак Урбановіч падазрае кіраўніцтва ў махлярстве, у тым, што полк для вас — гэта бізнэс, у тым ліку па перапродажы машын.

— Што толькі пра мяне не казалі, у чым толькі не абвінавачвалі. Дык давайце пагаворым пра мяне. У 19 гадоў я ва Украіне пачынаю сваё дарослае жыццё. Цяпер мне 28. Што я дзевяць гадоў раблю? Азоўскі рух, каляазоўскі рух, беларускі добраахвотны рух, поўнамаштабная вайна — зноў рух, беларускі. Дзе ў гэтым перыядзе я мог знайсці сілы на стварэнне бізнэсу? Хацеў бы, але не змог.

І ведаеце што? Мне самому нават трошкі крыўдна, што я не паспеў стварыць сябе як яшчэ і такога, ведаеце, паспяховага мужчыну, у якога ёсць свая кватэра ці яшчэ штосьці. У мяне нічога няма. Я кажу шчыра, як ёсць. Ні кватэры, ні машыны. Толькі матацыкл. Пра гэта ўсе ведаюць. Таму калі мне гавораць пра мяхі з золатам, з грашыма, пра кватэры, я на гэта не рэагую, разумееце?

Кожны можа, зноў жа, падысці да мяне, пагаварыць. Ды што хадзіць, адкрыйце рэестр (у мяне ёсць грамадзянства Украіны) і паглядзіце маёмасць, якую я маю ва Украіне. На кагосьці іншага я магу нешта аформіць? Ды ў мяне няма нікога, я разведзены. Гэта ж усё вельмі хутка можна пераправерыць.

Пры ўсёй павазе да Дзяніса Урбановіча (я быў яго ротным, калі мы ўсё толькі пачыналі), цяперашняя сітуацыя — гэта хворы чалавек. Калі вы думаеце, што мы не спрабавалі з ім размаўляць, вы памыляецеся. Былі нават зробленыя пэўныя крокі, каб яго вывесці са стану вайны і адправіць на адпачынак. Але гэты чалавек проста нездаровы. Канструктыўны дыялог немагчымы.

Калі ён пройдзе лячэнне, калі сам захоча паразмаўляць, мы будзем з ім размаўляць — я не нейкі дзікі чалавек. Я вельмі шмат ужо пражыў ва Украіне, і мне кожны беларус, акрамя спецслужбаў, як родны. Ведаючы праблематыку некаторых людзей, я проста станаўлюся на іх бок. І не злуюся. Хай мне гэта нават бокам выйдзе. Спадзяюся, потым, калі Ваўкалак вылечыцца, ён пацісне мне руку, і ўсё будзе добра.

Што да фінансаў і справаздачнасці, то я магу правесці прадстаўніка ў наш штаб, вам дадуць папку выдаткаў — вывучайце. Прыходзьце і глядзіце.

— Пра грошы казаў і баец з пазыўным Хмель. Ён вінаваціць полк у тым, што праз яго не атрымаў кампенсацыю за раненні. Маўляў, яго прымушалі плаціць дзесяціну. А калі ён не захацеў, то адмовілі ў дапамозе з дакументамі пра раненне.

— Грошы, якія яму за раненне мусіла выплаціць Украіна, з цяжкасцю атрымліваюць нават самі ўкраінцы. І няма сітуацыі, калі мы нейкім чынам не даём гэта зрабіць. Іх выплачваюць як захочуць. Тут пытанне ў прынцыпе дзіўна пастаўленае. Полк не мусіў даваць сродкі. Сродкі мусіла аддаць Украіна. Бо мы як падраздзяленне стараемся дапамагчы ваярам, калі яны праходзяць лячэнне альбо пасля лячэння, проста сваімі сіламі, калі ў нас ёсць сродкі.

Наконт дзесяціны — гэта не прымусовая рэч. Ніхто не мог прымусіць яго гэта рабіць. Дзесяціна — гэта добраахвотніцкі ўнёсак, якім закрываецца пытанне якраз падтрымкі параненых ваяроў, іх лячэння і падтрымкі сваякоў загінулых. І калі добраахвотнікі не хочуць скідвацца, гэта іх асабісты выбар. Але тады трэба разумець, што і на дапамогу ад палка не варта разлічваць.

— Яшчэ ёсць прэтэнзія, што кіраўніцтва не ўдзельнічае ў баявых выездах.

— Ну вось я нядаўна прыехаў з Купянска. Шчыра, там вельмі цяжка. Хлопцы — малайцы, вядома, але сітуацыя вельмі цяжкая.

— Акрамя вас, астатняе кіраўніцтва палка ездзіць на баявыя? Бо, зноў жа, Урбановіч кажа, што вялікая частка палка знаходзіцца ў Кіеве.

— Так, вядома, ездзім. Гэта таксама можна праверыць.

— І Вадзім Кабанчук, і вашыя намеснікі Мікола і Ваніш?

— Яны могуць самі адказаць, ездзяць ці не.

Камандзір палка Каліноўскага Дзяніс Кіт Прохараў, лістапад 2023 года. Фота: прэс-служба палка Каліноўскага

«Чаму ваяры сыходзяць? Таму што не знаходзяць агульнай мовы ў вядзенні і бачанні працы падраздзялення»

— На «Байсоле» з’явіўся збор для падраздзялення «Танга-Рамэа», якое раней было часткай батальёна «Волат», а цяпер — частка «Замежнага легіёна». Яны сцвярджаюць, што былі рознагалоссі з кіраўніцтвам палка. Раней аддзяліўся «Тэрор». Што адбылося, чаму хлопцы сышлі?

— Чаму ваяры сыходзяць? Калі проста і каротка — таму што не знаходзяць агульнай мовы ў вядзенні і бачанні працы падраздзялення. Пытанні могуць быць розныя: не хочам рабіць гэта ці хочам рабіць па-іншаму. Хлопцы проста невялікім калектывам сабраліся і вырашылі, што ім, напрыклад, будзе зручней з іншымі весці працу. Яны вырашылі, што будуць не ў шэрагах беларускага падраздзялення, а ў шэрагах украінскага.

Не так даўно я быў на сектары ў Купянску і бачыўся з гэтымі хлопцамі. Мы павіталіся і паціснулі адзін аднаму рукі. Стаялі на адным сектары, на адных пазіцыях і рабілі агульную справу — знішчалі ворага. Таму аб’ядноўваемся і працуем у адным кірунку.

— Да гэтага, як мне вядома, з палка канчаткова сышоў былы амапавец Павел Кулажанка, таксама пра адыход заявіла камандзір парамедыкаў Анастасія Махамет. Чаму так адбываецца?

— Наконт Паўла Кулажанкі. Гэта медыйны чалавек, якога вы асобна можаце спытаць. У мяне з ім нармальныя стасункі. У мяне ўвогуле няма ворагаў. Я ўсіх беларусаў паважаю. Таму пра Пашу магу сказаць, што гэта яго выбар, а чаму ён зрабіў так — трэба ў яго пытаць. Я паважаю яго як ваяра і ў прынцыпе як чалавека. Наконт Север таксама — гэта медыйны і адкрыты чалавек. Раю вам асабіста ў яе спытаць.

— Многія байцы кажуць, што нязгодных з нечым у палку адпраўляюць на паліграф. Гэта праўда?

— О божа. Ды я сам тройчы праходзіў паліграф.

— А для чаго гэта робіцца?

— Калі ёсць сумневы ва ўладаў Украіны. Гэта па-першае.

— То-бок гэта не вашая ініцыятыва?

— Напрыклад, калі чалавек робіць нейкую дзіўную працу, так бы мовіць, супраць палка, я думаю, мы можам нашых сяброў з ГУР папрасіць проста задаць яму пытанні. Гэта не выглядае як катаванне. Гэта проста размова. Ёсць цэлы шэраг пытанняў. Супрацоўнічаеце са спецслужбамі? Адказвае «не», а тут гоп — і няпраўда.

— Столькі прэтэнзій выліваецца на полк за ўвесь гэты час. Чаму вы не выйдзеце ў той жа, напрыклад, ютуб і па паліцах усё не раскладзяце?

— Калі ўсё гэта пачалося, я трымаўся такой жа думкі і прапаноўваў гаварыць праўду. На што каманда адказала, што мы проста загразнем у тлумачэннях. Як кажуць, не спрачайся з дурнем, бо ён пераможа тупасцю. Ты яму аргументы, а ён кажа, што гэта не аргументы, а херня, бо я вось ведаю. А фактаў не прыводзіць. Ну і людзі, што чытаюць навіны, мусяць самі думаць, што яны чытаюць. Дзе факты?

— Ці ёсць нейкія навіны пра палонных Яна Дзюрбейку і Сяргея Дзёгцева?

— Палонныя — гэта наш боль. Яны ў агульных спісах на абмен, якія ёсць у ГУР. Апошняя інфармацыя была, што іх бачылі жывымі і ўсё з імі нібыта добра. Яшчэ дае надзею тое, што іх не выкарыстоўваюць як цырк на беларускім тэлебачанні, а значыць, іх не перадалі ў Беларусь. Бо калі б гэта здарылася, думаю, прапаганда ўжо нешта з імі зрабіла б. Ёсць надзея, што іх проста трымаюць як вязняў. Спадзяёмся, што надыдзе час і іх вызваляць.

— Шмат хто з беларускіх вайскоўцаў пацярпеў на вайне. Ці ёсць дапамога ад Украіны такім ваярам?

— У нас ёсць свая патранажная служба, якая цалкам займаецца пытаннем рэабілітацыі ваяра ад моманту, калі ён выйшаў з траўмы, да яго поўнага выздараўлення. Але ёсць пэўныя праблемы, з якімі сутыкаюцца супрацоўнікі гэтай службы — непаразуменне некаторых украінскіх кіраўнікоў. Там дзіўныя сітуацыі бываюць, але мы намагаемся неяк усё гэта вырашыць. Ёсць фраза, што вельмі падыходзіць да гэтай праблемы. Акрамя беларуса, іншы беларус нікому не патрэбны.

— То-бок нашыя добраахвотнікі не роўныя ў такіх правах з украінцамі?

— Не роўныя зусім. Як я і казаў, нават з выплатамі байцам УСУ сітуацыя вельмі цяжкая. Напрыклад, калі ты не маеш часу і пэўнага характару, каб пайсці і пакачаць правы за сябе, табе проста могуць не даць выплат. Тваіх заслужаных, за раненне ці за штосьці яшчэ. Складана. Цяпер Украіна таксама перажывае пэўныя перыяды крызісу. Гэта кожны мусіць разумець. Цяпер трошкі цяжкая сітуацыя. Але калі вы адчуваеце дно, то гэта значыць, што зараз вы адштурхняцеся — і будзе ўздым.

— Ці ёсць праблема з папаўненнем?

— Нам заўсёды не хапае людзей. Людзі — гэта самы каштоўны рэсурс. Але ў нас і летась было менш людзей зімой. Бо гэта заўсёды цяжкія ўмовы для вайны. Суперпраблемы як такой няма. Ёсць пэўныя моманты, але мы над імі працуем. Я думаю, у хуткім часе будзе вынік. Магчыма, я змагу паехаць у Польшчу з нейкім турам. Паразмаўляць з людзьмі, сустрэцца. Магчыма, заматывую кагосьці.

А так… Адчуваецца пэўная стомленасць.

— Стомленасць ад вайны адчуваюць не толькі ваяры, але і ўсе астатнія. Што вы маглі б сказаць ім?

— Па-першае, калі мы кажам пра беларусаў, то ў асноўным яны прыехалі ва Украіну, каб потым ехаць у Беларусь і ратаваць сваю краіну. Так, яны разумеюць, што цяпер ва Украіне вайна, і пакуль яна не скончыцца, мы не можам штосьці актыўнае рабіць для нашай краіны. Па-другое, стамляюцца ўсе, на жаль. Але тут трэба разумець вось што. Ведаеце, калі пад Кіевам стаяла войска ворага, там было не да стомленасці. Я заўсёды думаю, што будзе, калі ўсе стомяцца адначасова і проста адыдуць ад фронту. Таксама ўспамінаю пра тых, хто ўжо, на жаль, не з намі. Пра сілы, якія мы ўклалі ва ўвесь гэты рух. Трэба разумець, што гэта новая гісторыя, якую мы ўсё ж мусім давесці да канца. Гэтая дарога распачатая, яе трэба толькі завяршыць.

Магу даць параду. Людзі стамляюцца, бо не знаходзяць каманды. Так часта бывае, што чалавек робіць шмат працы: адну, другую, трэцюю, чацвёртую. Трэба ствараць каманды і дэлегаваць абавязкі. А сабе даваць адпачыць у пэўны момант, каб не заставацца ў вайне назаўсёды.

— Вы сабе даяце магчымасць адпачыць?

— (смяецца) Не цяпер.

Каментары22

  • Вапр
    28.12.2023
    Даже за ранения трудно свой мизер получить солдатам .. а как все поляки кричали про великую европейскую Украину,..а на самом деле самый коррупционный совок
  • Kalinousk
    28.12.2023
    Bilarus pounasciu padtrymlivaje regiment imia K.Kalonouskaha.
  • Нешта
    28.12.2023
    Зброя., Нешта ў 20-м ніхто не даў. А ўзяць - лёгка сказаць, цяжка зрабіць

Усё здарылася на Новы год. Смерць самай публічнай супрацоўніцы мінскага АМАПа дагэтуль пакідае пытанні14

Усё здарылася на Новы год. Смерць самай публічнай супрацоўніцы мінскага АМАПа дагэтуль пакідае пытанні

Усе навіны →
Усе навіны

Беларусы адказалі, які падарунак ад працадаўцаў іх найбольш бы парадаваў3

Што азначае загадкавы код R99 у прычынах смерці Уладзіміра Макея і Вітольда Ашурка?6

Упаў з крэсла і не паспеў адключыць камп‘ютар. На якіх дробязях праколваліся расійскія разведчыкі?5

Прызначылі суд над святаром Анджэем Юхневічам, замест палітыкі абвінавачваюць у педафіліі

Саудаўская Аравія папярэджвала Германію пра небяспеку чалавека, які заехаў у натоўп у Магдэбургу3

Над Беларуссю сёння цягнулі на буксіры верталёт ВІДЭА

Медсястру з «Сінэва» асудзілі на немалы тэрмін па палітычным артыкуле і абвесцілі тэрарысткай9

Пракуратура Лейпцыга не выявіла складу злачынства ў дзеяннях дэпутата Дорнау ў Беларусі4

Манашкі Свята-Елісавецінскага манастыра дабраліся да Швейцарыі12

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Усё здарылася на Новы год. Смерць самай публічнай супрацоўніцы мінскага АМАПа дагэтуль пакідае пытанні14

Усё здарылася на Новы год. Смерць самай публічнай супрацоўніцы мінскага АМАПа дагэтуль пакідае пытанні

Галоўнае
Усе навіны →