Грамадства

«Дырэктар спадзяваўся, што я буду хадзіць на спатканні з канкурэнтамі». Жанчыны — пра найгоршыя сумоўі

На што даводзіцца ісці жанчынам на сумоўях, каб атрымаць працу, якія дзіўныя прапановы і пытанні ім даводзіцца выслухоўваць? 

Скрыншот відэа ютуб-канала «Максімальна»

Сваім досведам працаўладкавання жанчыны падзяліліся ў выпуску на ютуб-канале «Максімальна».

Схавала, што замужам

Гісторыя Кацярыны адбылася пры працаўладкаванні адразу пасля завяршэння вучобы ва ўніверсітэце на платным аддзяленні па спецыяльнасці «лагістыка».

«Я выпускалася ў 2020 годзе і сама сабе шукала працу. У прынцыпе, чалавек без досведу працы і так у не найлепшай сітуацыі, а я яшчэ была 21-гадовай дзяўчынай з штампам у пашпарце».

Па словах Кацярыны, на ўсіх сумоўях ёй задавалі пытанне пра сямейнае становішча. Яна адказвала шчыра, што замужам. Па словах дзяўчыны, побач са спакойнай рэакцыяй на такі адказ былі і выпадкі, калі пачыналі задаваць пытанні кшталту: «Ці плануеце вы дзяцей, пайсці ў дэкрэт?» На такія пытанні Каця таксама адказвала шчыра, што дзяцей не плануе.

На нейкім з сумоўяў на дзяржаўным прадпрыемстве ёй сказалі прыкладна наступнае: «Дзяўчына, вы дакладна хутка сыдзеце ў дэкрэт. Вам 21 год».

Каця распавяла, што ў той момант яна моцна перажывала з нагоды такога кшталту пытанняў. «Мне быў 21 год. Я не магла расставіць нейкія свае межы і сказаць, што не будзе адказваць на гэтыя пытанні».

У выніку, калі яе ўзялі на працу, яна яшчэ некалькі месяцаў нікому не казала, што замужам.

Выйшла з сумоўя ў слязах

Дар'і было 20 гадоў і яна толькі скончыла ўніверсітэт, калі прыйшла на сумоўе ў салон прыгажосці ў wellness-цэнтры. Яго праводзіла жанчына. Яна пачала распытваць пра досвед, а пазней стала задаваць пытанні пра асабістае, спытала, ці замужам. Дзяўчына распавяла, што не замужам, але мае маладога чалавека. На пытанне, дзе яна жыве, адказала, што са сваім маладым чалавекам.

«Яна пачала маральна мяне душыць, спытала, ці мае бацькі ведаюць пра гэта. Я адказала, што так. І тут пачаўся самы цырк. Яна сказала: «Ну гэта ненармальна. Ты разумееш, што вы жывяце з ім нераспісаныя».

Па словах дзяўчына, у яе было такое адчуванне, што яна патрапіла ў самы страшны кашмар, у якім гэтая жанчына стала ўвасабленнем «пачварнай мамы», якая гаворыць: «Цябе проста выкарыстоўваюць. Ты потым будзеш нікому не патрэбная. Ён на табе ніколі не жэніцца».

Як згадвае Дарʼя, яна выйшла з гэтага сумоўя ў слязах, хоць, па яе словах, яна дастаткова маральна ўстойлівы чалавек.

Абвінавацілі ў тым, што захоча дзяцей і сыдзе з установы

Ірына згадвае, што яе гісторыя адбылася пад час працы па размеркаванні на Мінскім заводзе колавых цягачоў. Ёй там не вельмі падабалася, таму яна шукала новае месца працы.

Як згадвае Іра, ва ўстанове, куды яна прыйшла на сумоўе, у яе мала што пыталі. «Адразу сказалі: «Вы маладая, вам 24 гады. Спыталі, ці ёсць у мяне хлопец (ён на той момант у мяне быў). І сказалі: «Вось вы напэўна захочаце выйсці замуж, а затым захочаце мець дзяцей і ад нас сыдзеце». І гэта для іх не крута».

Дзяўчына спрабавала пераўпэўніць, гаварыць, што калі нават выйдзе замуж, то не захоча дзяцей і нікуды не сыдзе. Яна прыводзіла ў прыклад сваю знаёмую, якая там працавала.

«Пасля сумоўя мы пайшлі да вышэйстаячага кіраўніка. Ён адобрыў маю кандыдатуру. Але сказаў, што апошняе слова будзе за непасрэдным кіраўніком. Той мне сказаў, што не: «Мы маладых дзяўчат не бяром. Таму што гэта ненадзейна».

Прапаноўвалі хадзіць на спатканні з распрацоўшчыкамі з іншых кампаній

Кацярына згадвае сумоўе ў невялікай IT-кампаніі, калі ёй было гадоў 20-21. Па словах дзяўчына, яго праводзіў сам генеральны дырэктар.

«Ён мне сказаў, што ёсць дзве пазіцыі — эйчар (праца з персаналам. — НН) і піар. Кім ты хочаш быць? Я была на сёмым небе ад шчасця. Падавалася, што гэта проста ваў, мне даюць права выбару».

У выніку, як распавядае Каця, яна выбрала пазіцыю эйчара. «Усё было класна тыдні два. Затым мяне выклікалі. І наш гендырэктар сказаў: «А чаму ты не працуеш?» Я распавяла, чым займаюся.

У выніку высветлілася, што, калі ён мне прапаноўваў работу эйчарам, то спадзяваўся, што я буду знаёміцца з распрацоўшчыкамі-тымлідамі з EPАM, выводзіць іх на асабісты кантакт, хадзіць з імі на спатканні і пераманьваць тымліда і яго каманду ў нашу «цудоўную» кампанію».

Кацярына не ведала, як рэагаваць на такую прапанову. Яшчэ месяц яна спрабавала нармальна працаваць, змагла знайсці супрацоўнікаў на тры вакансіі. «На гэта мне сказалі, што я маладзец і распавялі, што гэта быў выпрабавальны тэрмін (пра які я не ведала). Я сышла ў адпачынак на тыдзень (трэба было зʼехаць). А калі вярнулася, то намеснік генеральнага дырэктара сказаў, што мне не заплацяць. І ўвогуле, яны падлічылі, што я буду ім дорага абыходзіцца».

У выніку, як распавяла Кацярына, гэтая сітуацыя прывяла да кардынальнай змены вектару яе развіцця.

«Мяне проста адрэзала ад працы ў кампаніях. Я больш не была ні на адным сумоўі гадоў пяць. У мяне было моцнае адмаўленне гэтай карпаратыўнай культуры. Я сышла ў фрыланс. У мяне быў свой бізнэс. Толькі значна пазней я прыйшла на працу ў буйное агенцтва».

Распытвалі, на што збіраецца траціць заробленае

Гісторыя Таццяны адбылася, калі ёй было 26 гадоў. На той час яна мела пяцігадовы досвед працы, была на дзясятках сумоўяў.

Сумоўе, пра якое згадвае дзяўчына, адбылося ў даволі буйным беларускім рэкламным агенцтве. Яна прыйшла ўладкоўвацца на пасаду акаунт-менеджара. На той час у Таццяны было некалькі гадоў адпаведнага досведу ў міжнародных кампаніях з вялікімі праектамі і мільённымі бюджэтамі.

«На старце сумоўя я адчула трохі борзы тон майго суразмоўцы. Гэта быў акаунт-дырэктар гэтага агенцтва. У нейкі момант, пасля таго, як пагаварылі пра мой досвед і перайшлі да абмеркавання заробку, ён у вельмі нахабным тоне спытаўся: «Ну, і на што збіраецца траціць столькі грошай такая маладая дзяўчына?»

І я ў той момант пачала, трохі хіхікаючы, распавядаць пра шмат цікавых справаў, якімі можна займацца, і паспрабавала гэта вывесці ў нейкае канструктыўнае для сябе рэчышча».

Як заўважае дзяўчына, згадваючы пра гэтую сітуацыю цяпер, яна разумее, што так рабіць не патрэбна было:

«Цяпер бы я яму сказала пра тое, што гэта некарэктнае пытанне, што наша ўся папярэдняя размова ішла не ў карэктным рэчышчы, і ў іх кампаніі я дакладна працаваць не стану».

Чытайце яшчэ:

Працадаўцы не хочуць браць на працу зумераў — вось чаму тыя правальваюць сумоўі

«Ці не краў я?» Як айцішнікі праходзяць паліграф дзеля працы

Расказваем, як пакідаць добрае першае ўражанне

Каментары

На матчы «Легія» — «Дынама» былі затрыманыя двое мужчын, якія здымалі беларускіх заўзятараў7

На матчы «Легія» — «Дынама» былі затрыманыя двое мужчын, якія здымалі беларускіх заўзятараў

Усе навіны →
Усе навіны

З’явілася відэа люксавых аўто з гаража Башара Асада13

Усе кіраўнікі, супраць якіх выступалі пратэстоўцы падчас Арабскай вясны 2011 года, сышлі ў мінулае. Асад стаў апошнім5

Пяскоў абверг словы Трампа аб суадносінах страт РФ і Украіны13

Башар Асад пакінуў пасаду прэзідэнта Сірыі і краіну — МЗС Расіі7

Зяленскі назваў сваю ацэнку страт на фронце ўкраінцаў і расіян7

У Маскве фекаліямі загадзілі лесвічную пляцоўку імавернай палюбоўніцы Пуціна14

Фрыдман: Лёс Асада паказвае, што Лукашэнку «арэшнікі» не дапамогуць18

З'явіліся ФОТЫ з захопленага прэзідэнцкага палаца ў Дамаску19

У Воранаве 19-гадовы хлопец патануў з машынай1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

На матчы «Легія» — «Дынама» былі затрыманыя двое мужчын, якія здымалі беларускіх заўзятараў7

На матчы «Легія» — «Дынама» былі затрыманыя двое мужчын, якія здымалі беларускіх заўзятараў

Галоўнае
Усе навіны →