Свет1111

Балтыя застаецца хабам для паставак санкцыйных тавараў у Расію. Чаму з гэтым нічога не робяць — Politico

Мытнікі краін Балтыі ведаюць, што дальнабойшчыкі пад выглядам тавараў у трэція краіны пастаўляюць падсанкцыйную прадукцыю ў Расію. Але гэта працягваецца і працягваецца.

Як піша Politico, на думку ўрадавых чыноўнікаў, мытнікаў і экспертаў памежныя пераходы краін Балтыі сталі асноўным месцам прызначэння для тых, хто спрабуе пазбегнуць санкцый у дачыненні да тавараў, якія могуць мець як грамадзянскае, так і ваеннае выкарыстанне, а таксама прадметаў раскошы, напрыклад, аўтамабіляў.

У той жа час, як заявіў у размове з журналістам выдання адзін з мытнікаў, «палітыкі не хочуць марнаваць грошы на мытню для рэалізацыі санкцый».

Па словах мытнікаў, іх рэсурсы абмежаваныя. Яны не маюць доступу да платных платформаў, якія маглі б даць інфармацыю аб рэальным уладальніку кампаніі ці прадставіць спіс акцыянераў. Гэта магло б праліць святло на тое, хто можа атрымаць выгаду ад здзелкі, або знаходзіцца пад санкцыямі.

Мытнікі скардзяцца на доўгі спіс з прыкладна 6 тысяч кодаў тавараў, якія могуць быць пад санкцыямі, і складанае заканадаўства, якое рэгулюе іх.

Пры гэтым праз мяжу краін Балтыі праходзяць тавары з усёй Еўропы. Паводле звестак міністэрства замежных спраў Літвы, толькі 6 % таго, што трапляе ў Беларусь або Расію з Літвы, вырабляецца ўнутры краіны.

Шмат якія катэгорыі тавараў падпадаюць пад санкцыі ў дачыненні да Расіі, але не да Беларусі, а гэта азначае, што мытнікі не могуць перашкодзіць вадзіцелям грузавікоў правезці праз мяжу груз, калі заяўлена, што ён накіроўваецца ў Мінск.

Акрамя таго, існуе праблема перавозак паміж краінамі: тавары, як заяўлена, накіроўваюцца праз Расію ў Казахстан ці Кыргызстан. Менавіта ў гэтыя краіны пасля ўвядзення санкцый назіраецца ўсплёск імпарту цэлага шэрагу тавараў — ад мабільных тэлефонаў да драўляных паддонаў.

Не сакрэт, што многія падсанкцыйныя тавары, якія павінны ісці транзітам праз Расію, проста выгружаюцца пасля перасячэння мяжы, а затым знікаюць. Іншыя дасягаюць месца прызначэння толькі для таго, каб быць рээкспартаванымі назад у Расію.

Каб ацаніць маштаб праблемы, мытнікі параўналі колькасць тавараў, якія былі задэклараваны на мяжы як тыя, што накіроўваюцца ў Казахстан, з колькасцю тавараў, якія былі заяўлены як дастаўленыя.

Паводле іх ацэнак, менш за палову тавараў, адносна якіх былі накіраваныя запыты, былі размытненыя ў краінах прызначэння.

Часам парушэнні бываюць абуральнымі. Як расказаў журналісту на ўмовах ананімнасці адзін з латвійскіх мытнікаў, быў выпадак, калі грузавік, які па дакументах накіроўваўся ў Казахстан, а гэта 3500 кіламетраў або 47 гадзін бесперапыннай язды, вярнуўся на мяжу праз два дні.

Існуюць і іншыя схемы. Мытнікі на латвійскай і літоўскай межах расказалі, што рэгулярна знаходзяць у грузавіках другі камплект дакументаў, які пацвярджае, што тавары прызначаны для Расіі.

Акрамя гэтага, рашэнню праблемы перашкаджае карупцыя сярод мытнікаў. Каб знізіць імавернасць хабару, Латвія правярае грузавікі аддалена, перадаючы рэнтгенаўскія здымкі з мяжы ў офіс у Рызе. Аднак у суседняй Літве ўсе праверкі па-ранейшаму праводзяцца на мяжы, што робіць сістэму неабароненай для злоўжыванняў.

Вялікая праблема існуе і з пакараннем злоўленых кантрабандыстаў. Па даных Упраўлення падатковай і мытнай паліцыі Латвіі, з 250 крымінальных спраў, звязаных з парушэннем санкцый, па стане на сярэдзіну снежня 2023 года, толькі дзевяць дайшлі да пракуратуры, а шасцёра абвінавачаных былі асуджаныя. На разгляд першай справы спатрэбіўся год. У выніку вінаваты атрымаў штраф у 6200 еўра.

На эфектыўнасць разгляду справаў уплывае недахоп кадраў. Нягледзячы на рост узбуджаных спраў колькасць следчых засталася на тым жа ўзроўні.

Мінулым летам Літва паспрабавала вырашыць праблему з парушэннямі ў дастаўцы падсанкцыйных тавараў з дапамогай больш строгіх законаў, патрабуючы дадатковыя дакументы ад тых, хто хоча перасячы мяжу з Беларуссю. Але ў іншых суседніх краінах, у тым ліку Латвіі, Эстоніі, Фінляндыі і Польшчы, такія правілы адсутнічаюць.

У студзені гэтага года мытныя органы Эстоніі і Латвіі таксама паабяцалі запытваць у перавозчыкаў дэкларацыю, якая пацвярджае асобу канчатковага карыстальніка і што «здзелка не выклікае асцярог з нагоды магчымага абыходу міжнародных санкцый».

Але ці прывядзе гэта да памяншэння колькасці спроб абысці санкцыі, яшчэ невядома. Калі Латвія восенню мінулага года закрыла адзін са сваіх пагранічных кантрольна-прапускных пунктаў, піша аўтар, мытныя органы не чакалі, што гэта прывядзе да значнага павелічэння колькасці грузавікоў, якія спрабуюць перасячы мяжу з Расіяй або Беларуссю ў іншых пунктах пропуску.

Чытайце яшчэ:

Эстонія папярэдзіла Расію пра магчымае закрыццё мяжы

Мяжу Расіі з Беларуссю закрылі для ўсіх фур з кіроўцамі-іншаземцамі

Літоўская мытня не прапускае ў Беларусь пустыя фуры, зарэгістраваныя ў Еўрасаюзе

«Якія, бл…дзь, шэрыя схемы?!» Як беларусы ганяюць у Расію люксавыя еўрапейскія аўто ў абыход санкцый

Каментары11

  • Пудж
    15.02.2024
    Балтыя, Турэччына, Каўказ, Сярэдняя Азія -- гандлююць з Расеяй, парушаюць эфектыўнасць санкцый да нуля, а вінаватыя ўсё роўна беларусікі, закрыям-ка ім яшчэ пару пунктаў пропуску на летувіскай мяжы.
    Наўседа патрабуе жалезнай заслоны для ўсіх гэтых гудасаў-тэрарыстаў! Дарэчы, забарона ўезду і чыгуначнага спалучэння дзейнічае толькі для пасажырскіх перавозак. Таварнякі ў Мордар дасюль шастаюць туды-сюды.
    Думайце, спадарства. Асабіста мне падаецца, што мэты Лукашэнкі і нашых любімых дэмакратычныйх еўрапейскіх летувіскіх суседзяў супадаюць -- максімальна знішчыць усю беларушчыну і не пускаць нас ва ўсходнюю Эўропу

  • Праўдаруб
    15.02.2024
    “Калі Латвія восенню мінулага года закрыла адзін са сваіх пагранічных кантрольна-прапускных пунктаў, піша аўтар, мытныя органы не чакалі, што гэта прывядзе да значнага павелічэння колькасці грузавікоў, якія спрабуюць перасячы мяжу з Расіяй або Беларуссю ў іншых пунктах пропуску“.
    Сур’езна?! Няўжо там прапрацуюць 100% імбіцылы, якія не разумеюць, што пры закрыцці адных ПП фуры перанакіруюцца ў іншыя ПП?
  • бабруйчанін
    15.02.2024
    ))) Німа сродкау?? Яны там у прыБалціі дасюль учєт " на пальцах" вядуць ці оооочень гаааальмуючыя у свой бок??? )) Мужык прэмьеркі Єстоніі ні гальмуе )) за той год болей 10млн€ нашынкавал.

У Беларусі з'явіўся народны паэт7

У Беларусі з'явіўся народны паэт

Усе навіны →
Усе навіны

Сёння — чарговы суд над палітзняволеным журналістам Ігарам Карнеем. Некалькі месяцаў яго трымаюць у памяшканні камернага тыпу1

Колькі беларусам трэба для камфортнага жыцця?3

Як у Мінску запалілі галоўную ёлку ФОТЫ4

Ва Украіне паспяхова выпрабаваная новая ракета «Рута»3

Запісацца на візу хутчэй можна праз «радары». Пра што размова?7

Былы міністр абароны Паўднёвай Карэі спрабаваў скончыць жыццё самагубствам

Расійскія Таганрог і Бранск падвергнуліся атацы2

Марафон рэпрэсій не спыняецца. Паказваем жахлівыя лічбы8

Спікер парламента Наталля Качанава разбіралася з ляхавіцкай маршруткай4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Беларусі з'явіўся народны паэт7

У Беларусі з'явіўся народны паэт

Галоўнае
Усе навіны →