Грамадства2727

Як былы хіпі стаў на чале манастыра. Гісторыя адыёзнага святара Андрэя Лемяшонка

Манастыр пад кіраўніцтвам гэтага святара збірае грошы расійскім акупантам і мае сумную славу сярод вернікаў, а сам ён не стамляецца падтрымліваць вайну і Лукашэнку. Расказваем пра Андрэя Лемяшонка — духоўніка мінскага Свята-Елісавецінскага манастыра і аднаго з самых адыёзных беларускіх святароў.

Фота: obitel-minsk.ru

«Жанчыны часам трымалі яго за руку, прыносілі яму блінчыкі»

Лемяшонак нарадзіўся 8 красавіка 1956 года, хутка яму споўніцца 68. Андрэй паходзіць з сям’і атэістаў, дзе пра Бога, паводле яго слоў, ніколі не гаварылі. Яго бацька — доктар гістарычных навук Уладзімір Лемяшонак, даследчык Другой сусветнай вайны.

Будучы духоўнік манастыра яшчэ падчас сталення праявіў свой пратэсны характар.

Пасля школы юны Андрэй трохі павучыўся ў інстытуце тэатральных мастацтваў, а потым кінуў яго і далучыўся да руху хіпі.

Спачатку яму гэта падабалася — падарожжы, сябры і рамантыка, свет свабоды і незалежнасці. Але, расказваў Лемяшонак, шмат хто з яго тагачасных сяброў не вытрымліваў таго стылю жыцця і трапляў у залежнасць ад алкаголю ды наркотыкаў.

Андрэй тым часам шукаў сябе.

Ён звяртаўся да кітайскай, індыйскай і тыбецкай духоўных традыцый, да рускіх хрысціянскіх цячэнняў — духабораў і талстоўцаў. Апошнія і сталі для яго прыступкай у РПЦ. А паралельна з гэтым Лемяшонак ажаніўся і стаў бацькам, яму давялося шукаць стабільную працу: будучы святар працаваў грузчыкам, вартаўніком і работнікам сцэны ў тэатры.

Свой пераход ад хіпі да зацятага верніка ён тлумачыць проста: «Душа пакутавала, у нейкі момант мне стала смяротна нудна». Ён згадвае — кінуўся ў веру так імкліва, што на яго «глядзелі як на хворага».

Фота: obitel-minsk.ru

У канцы 1970-х Лемяшонак хрысціўся і пачаў працаваць вартаўніком у Мінскім кафедральным саборы. За праваслаўе ён, як пазней расказваў, узяўся з запалам: акрамя асноўнай працы, спяваў у хоры, перадрукоўваў царкоўныя кнігі на машынцы, а галоўнае — шмат працаваў над аднаўленнем будынка.

Якраз у тыя гады з Лемяшонкам пазнаёміўся будучы святар Аляксандр Шрамко. Ён, тады студэнт, прыйшоў у кафедральны сабор, і Андрэй дапамог яму разабрацца ў асновах праваслаўя: «Ён працаваў там вартаўніком і дворнікам, хіпаваты хлопец. Раней у саборы не прадаваліся ніякія кнігі, былі толькі прымітыўныя абразкі, малітвасловы і календары, рэдка калі можна было купіць Новы запавет. Не было дзе даведацца пра веру, пачытаць пра яе, проста прыходзіш і слухаеш у храме незразумелыя спевы.

Аднойчы я так стаяў на службе, а Лемяшонак падышоў да мяне і спытаўся: «Што, табе цікава? Падыдзі, можа, я табе што прапаную». Ён распаўсюджваў царкоўныя рэчы, самвыдат, і шмат людзей такім чынам прывёў да царквы».

У нейкі момант Лемяшонак пачаў сумнявацца ў веры і царкве, але ў 1980-м трапіў на сустрэчу з рускім старцам Мікалаем Гур’янавым, дзе, паводле самога Андрэя, ён атрымаў натхненне застацца ў праваслаўі. Пасля гэтага яшчэ больш за 10 гадоў Лемяшонак адпрацаваў вартаўніком у саборы, хаця некалькі разоў і парываўся сысці, але Гур’янаў яго спыняў. Будучы святар тады падпарадкоўваў сваю волю старцу і праз гэта заставаўся на відавочна малааплачвальнай і неперспектыўнай працы, хаця і меў сям’ю. Выглядае, што тады Лемяшонак і засвоіў мадэль паводзінаў, якую ён пазней будзе ўжываць сам у дачыненні да сваіх прыхаджан і манашак: меркаванне бацюшкі — усё, а сваю волю трэба змірыць.

Шрамко апісвае тагачаснага Лемяшонка як кансерватара, чалавека манархічнага складу. Але пры гэтым адзначае, што Андрэй падтрымліваў уладу, і расказвае красамоўны выпадак:

«Неяк у 1980-я зладзілі паказуху. Прыехалі замежнікі, і трэба было, каб яны пагаварылі з вернікамі і тыя расказалі, што ў нас тут свабода рэлігіі. У гэтай паказусе галоўную ролю граў Андрэй Лемяшонак, тады яшчэ вартаўнік. Да яго падабралі «надзейных» вернікаў, і разам яны хлусілі замежнікам, як у нас тут добра. Мяне вельмі ўразіла, што потым Лемяшонак пачаў гэтым хваліцца — маўляў, прыйшлі тупыя замежнікі, і мы іх надурылі.

Гэтая хлусня працягваецца дагэтуль, манастыр хлусіць ва ўсім. Нават перад дзяржавай, бо рознымі хітрымі спосабамі пазбягае аплаты падаткаў. Калі яны пачалі нешта вырабляць у сваіх майстэрнях, гэта былі тавары вельмі дрэннай якасці, на гэтым яны таксама падманвалі людзей».

У 1991-м у Мінску пасля доўгага перапынку нанава адкрылі Петрапаўлаўскі сабор на Нямізе, у якім цягам савецкіх часоў месціўся архіў. Каб будынак вярнулі, вернікі ладзілі каля яго малебны, а ўзначальваў іх тагачасны святар кафедральнага сабора Георгій Латушка, на сёння настаяцель Петрапаўлаўскага сабора. Лемяшонак дапамагаў яму, і калі сабор вярнулі вернікам, Андрэя рукапалажылі туды святаром.

Андрэй расказваў, што яго хацелі рукапалажыць раней, але ён гэтаму супраціўляўся. Маўляў: «не меў натхнення» і «бачыў людзей, якія пасля рукапалажэння змяняліся не лепшым чынам». Шрамко заходзіў да Лемяшонка ў госці, калі таго рукапалажылі, і адзначае, што жонка маладога святара не падтрымлівала яго дзейнасць — казала, што «не за святара выходзіла». 

У Петрапаўлаўскім саборы малады святар зноў праявіў палкасць, а ў дадатак і моцную харызму. Кожны аўторак Лемяшонак служыў акафіст перад абразом «Невычэрпная чаша», ля якога звычайна моляцца пра збаўленне ад алказалежнасці. На акафіст прыходзілі сваякі алказалежных.

Тэолаг Наталля Васілевіч, якая ў тыя гады была прыхаджанкай сабора, згадвае: «Тыя людзі ўжо мелі разбураныя асабістыя межы, гэтыя жанчыны не маглі абаперціся на нейкага мужчыну, бо наадварот былі вымушаныя вызваляць сваіх блізкіх ад залежнасці. Лемяшонак навучыўся з імі працаваць».

Фота: obitel-minsk.ru

Старажылы сабора дагэтуль памятаюць споведзі ад Лемяшонка, якія часам заканчваліся бліжэй да апоўначы — і гэта прытым, што пачатак быў не пазнейшы за 18 гадзін, то-бок дзеля гутаркі з ім прыхаджане былі гатовыя чакаць чатыры-пяць гадзін. 

«Жанчыны часам трымалі яго за руку, прыносілі яму блінцы. Ён стаяў ля падваконня, і там была паліца, куды складваліся дары для гэтага бацюшкі. Жанчыны паміж сабой кантактавалі, да іх далучаліся новыя людзі. Калі б Лемяшонак ведаў, як працаваць з гэтымі людзьмі і пазбаўляць іх ад псіхалагічных праблем, гэта магло б скончыцца зусім па-іншаму»,

— кажа Васілевіч.

Прыхаджанкі сабора хадзілі ў мінскія бальніцы і спрабавалі там дапамагаць, паступова да іх далучыўся і Андрэй. Так вакол Лемяшонка сфармавалася жаночае сястрынства. З гэтай супольнасці і ўзнік сённяшні Свята-Елісавецінскі манастыр.

Фота: obitel-minsk.ru

На сёння манастыру ўжо 27 гадоў. За гэты час ён вырас да комплексу з сямі храмаў, гатэля і рэстарана для паломнікаў, некалькіх крам, патранажнай службы, больш за трыццаці майстэрняў, выдавецтва, медыярэсурса і падворку ў вёсцы Лысая Гара. І, вядома, самога манастыра, які ўжо шмат гадоў вядзе камерцыйную дзейнасць, у тым ліку за межамі Беларусі, куды супрацоўніцы манастыра прыязджаюць з вырабамі з яго майстэрняў (і не толькі).

Чытайце таксама: Як Свята-Елісавецінскі жаночы манастыр ператварыўся ў сапраўдны бізнэс-холдынг

«Лемяшонак адгаворваў хворых на рак ад лячэння, і гэта сканчвалася трагічна»

Адметная рыса Лемяшонка як святара — вельмі дрэнная адукаванасць у багаслоўі.

Як у пачатку служэння, так і цяпер Лемяшонак не паказвае сябе вялікім знаўцам багаслоўя, ён хутчэй аперыруе наборам простых цытат і канцэпцый. Семінарыю ён скончыў толькі ў 2021-м — і гэта прытым, што пра высокі ўзровень адукацыі ў Жыровічах гаворкі не ідзе.

Наўрад ці Лемяшонак, прызнаны і ўплывовы святар, вучыўся ў семінарыі на тых жа ўмовах, што і маладыя семінарысты. Верагодна, гэта было або завочнае аддзяленне, або мелі месца паслабленні.

Тэолаг Наталля Васілевіч расказвае, што пасля заканчэння Жыровіцкай семінарыі можна атрымаць два віды дакументаў: даведку пра тое, што ўсе курсы праслуханыя, або, калі апублікаваная дыпломная праца, атрымаць дыплом. Вядома, што Лемяшонак звяртаўся з просьбай даць яму дыплом без напісанай працы.

Прабелы ў адукацыі святар кампенсуе схільнасцю да харызматычнага лідарства, тлумачыць Васілевіч: «Чалавек можа сцвярджаць, што Бог яму адкрывае нейкія рэчы, якім не заўсёды ёсць пацверджанне ў Бібліі ці царкоўнай практыцы, проста «Бог яму адкрыў». У Лемяшонка сапраўды такія погляды: маўляў, Бог яму адкрыў, таму мы будзем рабіць так ці інакш, нават калі гэта нельга патлумачыць». 

«Думаю, ён слаба ведае хрысціянскае веравучэнне. Проста ён пачуў у ім тое, што хацеў пачуць, і раскручвае гэта. Атрымалася застарэлая і прадзяржаўная царкоўнасць. У хрысціянстве кожны знаходзіць сваё, там можна знайсці ўсё, і нават такое. А калі яго словы нечаму супярэчаць, паспрабуй з ім паспрачацца — ён жа мае больш магчымасцяў», — разважае Шрамко пра погляды Лемяшонка.

Лемяшонак прымае ў сваіх прыхаджан споведзь, і гэта дае яму яшчэ адзін рычаг для ўплыву на іх. Васілевіч спасылаецца на скаргі прыхаджан манастыра — маўляў, Лемяшонак пераказваў на казаннях фрагменты з іх споведзяў, хоць і ананімна. Калі чалавек знаходзіцца ў разбітым эмацыйным стане, такое парушэнне яго межаў яшчэ больш прывязвае яго да агрэсара.

«Ён таксічны духоўнік, і здолеў з гэтай сваёй асаблівасці выбудаваць цэлую імперыю. Лемяшонак адгаворваў хворых на рак ад лячэння і матываваў іх прымаць пакуты, і гэта сканчалася трагічна. 

Фота: obitel-minsk.ru

У людзей, якія наведваюць манастыр, збіваюцца маральныя арыенціры: ім кажуць, што тое, што яны бачаць — няпраўда, а тое, што бачыць айцец Андрэй — праўда. У чалавека разбураецца магчымасць адрозніваць дабро ад зла», — тлумачыць Наталля.

Казаў, што маці збітага амапаўцамі хлопца павінна пакаяцца

У 2020-м вотчына Лемяшонка стала скандальнай як ніколі. Усё пачалося з кавіду. У храмах, дзе людзі шчыльна стаяць адно ля аднаго на службах, вірусы ды інфекцыі лёгка пераносяцца, таму шмат якія вернікі падчас пандэміі вырашалі, напрыклад, паўдзельнічаць у службе анлайн. Былі і святары, якія спрабавалі зрабіць службу хоць трошкі больш бяспечнай — напрыклад, прапаноўвалі вернікам станавіцца ў царкве з дыстанцыяй адзін ад аднаго.

А вось Лемяшонак са старту далучыўся да адмаўляльнікаў пандэміі. Ужо ў красавіку 2020-га, перад Вялікаднем, было вядома пра выпадкі кавіду сярод манашак і святароў манастыра, але іх не ізалявалі належным чынам і не аказвалі патрэбнай дапамогі. На Вялікдзень у манастыр прыехалі тысячы вернікаў, і пра меры перасцярогі ніхто не згадваў. 

Лемяшонак тым часам публічна падтрымліваў ідэю не закрываць цэрквы з-за пандэміі і хваліў беларускую ўладу, якая забяспечыла для БПЦ такую магчымасць. Ён паказаў сябе прыхільнікам улады і пасля выбараў ды пачатку пратэстаў, калі падтрымаў Лукашэнку і жорсткі гвалт з боку сілавікоў. 

Адной з верніц святар прачытаў цэлую лекцыю пра шкоду рэвалюцый. Казаў, што амапаўцаў трэба пашкадаваць, а маці збітага імі хлопца павінна пакаяцца, бо «дрэнна выхавала сына».

22 лютага 2022 года, калі свет бачыў, што Расія ў кроку ад вялікага ўварвання ва Украіну, Лемяшонак казаў, што «ўся надзея толькі на Расію, на Русь Святую». А 1 сакавіка таго ж года называў фальсіфікацыяй кадры пацярпелага ад расійскіх атак Харкава і сцвярджаў: «Вайна ідзе не з Данбасам, не з Украінай, а з праваслаўем».

Цягам двух гадоў у Свята-Елісавецінскім наладзілі сістэмную падтрымку расійскай арміі, у тым ліку збор сродкаў на вайсковую амуніцыю для «ЛНР» і «ДНР». Манастыр арганізуе і збор рэчаў ды лістоў для расійскіх вайскоўцаў, а таксама заняткі для дзяцей па зборцы і разборцы аўтаматаў. Такая пазіцыя часам перашкаджае яго камерцыйнай дзейнасці. З-за падтрымкі вайны ў некаторых краінах манастыру адмаўляюць ва ўдзеле ў кірмашах і іншых фарматах продажу іх тавараў.

Фота: obitel-minsk.ru

У пачатку лютага на сходзе сясцёр манастыра Лемяшонак назваў Свята-Елісавецінскі крэпасцю, у якой моляцца за Русь, а расійскіх акупантаў ва Украіне — мучанікамі. 

Сын у майцы «ДНР» і святар на армейскі лад

Ва ўнісон са святаром паводзіць сябе і яго сын Дзмітрый, адзін з заснавальнікаў фанацкага руху ў футбольным мінскім «Дынама». Лемя, як яго звалі ў тыя гады, правёў маладосць не сярод хіпі — у адрозненне ад бацькі, яго занесла ў неанацысцкае асяроддзе, якое Дзмітрый змяніў з цягам часу на праваслаўныя і прарасійскія колы.

Па манастырскім падвор'і Лемяшонак-малодшы хадзіў у майках «ДНР» і «Расія».

Дзмітрый Лемяшонак у майцы «ДНР»

Андрэй Лемяшонак змяшаў хрысціянскія прынцыпы паслухмянства з ідэаламі таталітарнай краіны. Стары святар прапагандуе жыццё на армейскі лад, дзе думаць не прынята, а прынята проста рабіць тое, што табе кажуць. Відаць, такой ён і хацеў бы бачыць Беларусь:

«Я не ведаю, можа, акцёр можа выгараць, танцор нейкі. А святар як? Ён жа жаўнер. Як жаўнер можа выгараць? Жаўнер ідзе і выконвае загад».

Лемяшонак для многіх стаў мадэллю духоўніцтва. Былі святары, кажа Наталля Васілевіч, якія таксама спрабавалі збіраць вакол сябе жанчын і ладзіць сястрынства, але ж для гэтага трэба мець належны талент і каманду. 

«Хаця манастыр і гуртуе вакол сябе людзей з праблемамі і псіхалагічнымі траўмамі, там усё ж вельмі шмат добрых людзей, якія маглі б ствараць нешта выдатнае, але гэтага не адбылося. Частку віны за гэта нясе Лемяшонак, але калі б яму не паттаквалі манахіні і супрацоўнікі, ён, можа, і не быў бы такім разбуральным чалавекам. 

Мне здаецца, частку адказнасці нясуць і тыя людзі, якія ведаюць пра злачынствы ў манастыры, але маўчаць, не папярэджваюць іншых», — падсумоўвае Наталля.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Чытайце таксама:

Як Свята-Елісавецінскі жаночы манастыр ператварыўся ў сапраўдны бізнэс-холдынг

Расійскія вайскоўцы ва Украіне падзякавалі за дапамогу некалькім беларускім манастырам. Сярод іх тыя, якія раней не свяціліся

«Я не ведаю, хто і каго выбірае». Праўладны святар Андрэй Лемяшонак спадзяецца, што замест яго нехта прагаласуе

Каментары27

  • Кадило крутится -лавэха мутится
    30.03.2024
    Клещ. Сосёт денюжку из людей с душевными расстройствами, и крыше барщину отрабатывать не забывает - вот и вся суть бизнес- схемы.
  • Пракоп
    30.03.2024
    [Рэд. выдалена]
  • А1
    30.03.2024
    Ён хіпі і застау́ся: ходзіць у плацье, нябрыты, патлаты, курыць нешта(?) бо нясе чуш...

Самалёт Баку-Грозны, падобна, быў падбіты з расійскага зенітна-ракетнага комплексу

Самалёт Баку-Грозны, падобна, быў падбіты з расійскага зенітна-ракетнага комплексу

Усе навіны →
Усе навіны

Цырульніца з-пад Брэста стварыла цудоўны вобраз кліентцы. Яе абвінавацілі ў спрыянні ЛГБТ8

У Германіі спынілі беларускую машыну, якая ўразіла мясцовую паліцыю9

Кіраўніка партыі «Зялёныя» асудзілі на 6 гадоў калоніі3

«Ніхто з кіраўніцтва з ім не спрачаецца». Якія былыя сілавікі абселі кіраўнічыя пасады буйных беларускіх прадпрыемстваў7

У Міжземным моры затанула расійскае судна, якое ішло ў Сірыю1

55 гадзін на машыне і да 100 еўра за падсадку ў аўтобус. Пекла на ўездзе ў Беларусь з Польшчы9

«Пераарыентаваць бізнэс на працу з айчынным сэканд-хэндам». Улады шукаюць рады на заходнія санкцыі1

Расія нанесла ўдар балістычнай ракетай па Крывым Рогу1

У Белавежскай пушчы дзеля рэдкай птушкі выкасяць больш за тысячу гектараў балота

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Самалёт Баку-Грозны, падобна, быў падбіты з расійскага зенітна-ракетнага комплексу

Самалёт Баку-Грозны, падобна, быў падбіты з расійскага зенітна-ракетнага комплексу

Галоўнае
Усе навіны →