«Я прыляцела да вас з Японіі». Як беларускамоўная японка шукала беларусаў у Польшчы
Сіёры зайшла, павіталася па-беларуску і пачала рабіць з іншымі беларусамі папяровых птушак. Ніхто не заўважыў нічога незвычайнага — яе беларуская мова была без акцэнту і цікавілася яна беларускай культурай і асяроддзем. У канцы яна сказала: «Я прыляцела да вас з Японіі» — і пачаставала прысутных японскімі цукеркамі. Карэспандэнтка Hrodna.life Таццяна Савіч пазнаёмілася з беларускамоўнай японкай Сіёры Кіёсава, калі беластоцкія беларусы рыхтаваліся ў хабе «Новая зямля» да гукання вясны.
Сіёры Кіёсава і Таццяна Савіч на гуканні вясны ў Беластоку
«Я прыляцела сёння і адразу прыехала ў Беласток, — расказала Сіёры. — Мяне цікавяць беларусы, якія працуюць, стараюцца захаваць сваю культуру, мову, гісторыю. Я была ў Мінску, Вільні, Варшаве — і мне параілі завітаць у Беласток. Сказалі, што тут я змагу знайсці ўсё, чым цікаўлюся».
Сітуацыя ў Беларусі — цікавая з пункту гледжання лінгвістыкі
Адкуль яна так добра ведае беларускую мову? Сіёры кажа, што гэта «не вельмі цікавая гісторыя».
«Спачатку мой навуковы кіраўнік ва ўніверсітэце параіў мне паглядзець на моўную сітуацыю ў Беларусі. Ён мне расказаў пра Беларусь, сказаў што ёсць беларусы і беларуская мова, але не вельмі шмат людзей на ёй там размаўляюць. Гэта вельмі цікавая сітуацыя з пункту гледжання лінгвістыкі».
Сіёры вучылася ва ўніверсітэце Хакаі-Гакуэн (Hokkai Gakuen) у Сапара. Універсітэт заключыў дамову з мінскім БДУ аб абмене студэнтаў — і ў дзяўчыны атрымалася стажыравацца год у Мінску. Там яна змагла вучыць беларускую мову паралельна з расійскай.
«Падчас стажыроўкі я наведвала шмат беларускіх імпрэз. І мне вельмі спадабаліся людзі i іх крэатыўнасць. Я яшчэ больш зацікавілася беларускай культурай і мовай, стала шмат чытаць. Чатыры гады таму я абараніла сваю доктарскую дысертацыю пра моўную палітыку і моўную сітуацыю ў Беларусі».
У Гродне — прыгожыя касцёл і сінагога
Пасля стажыроўкі Сіёры яшчэ шмат разоў прыязджала ў Беларусь. Яна і цяпер ахвотна ўзгадвае Мінск.
«Мне вельмі падабалася «Кнігарня Ў», але цяпер, кажуць, яе ўжо няма. Я вельмі любіла яе наведваць, мне падабаліся імпрэзы ў ёй. Яшчэ мне вельмі падабаецца Вязынка, яна знаходзіцца блізка да Мінска. Я там была некалькі разоў на культурных імпрэзах, вельмі памятаю «Гуканне вясны».
На «Гуканне» Сіёры акурат і патрапіла ў Беласток. На наступны дзень пасля яе прыезду беларусы ладзілі менавіта гэта свята ў самым цэнтры горада.
Акрамя Мінска і Вязынкі японка наведвала таксама Віцебск і Гродна. А ў замежжы яна шукала беларусаў, акрамя Беластока, яшчэ ў Вільні.
«У Гародні стары вялікі прыгожы касцёл. Яшчэ паглядзела там сінагогу. І ўвогуле горад вельмі прыгожы. І атмасфера там спакойная. Горад такі еўрапейскі. Мне вельмі спадабаўся».
Японскіх студэнтаў зацікавіла беларуская мова
Сіёры — не адзіная японка, якая цікавіцца беларускай культурай і мовай. Яна два гады выкладае ў прыватным універсітэце Дзёці ў Японіі — там арганізавалі курс па беларускай і польскай мовах.
«Спачатку я думала, што да мяне прыйдуць максімум чалавек з дзесяць. Але на мой курс ходзіць каля 30 чалавек. Я здзіўленая, але гэта праўда. Ёсць студэнты, якія хочуць ведаць беларускую мову і хочуць больш ведаць пра беларускую культуру. Таму я цяпер шмат чытаю і наведваю беларускія мясціны, каб адказваць на пытанні сваіх студэнтаў».
Яшчэ ў 2016 годзе Сіёры Кіёсава ў суаўтарстве з дацэнткай БДУ Таццянай Рамзай выпусціла першы падручнік беларускай мовы для японцаў пад назвай «Спрабуйма! Азнаямляльна-пачатковы курс беларускай мовы для японцаў».
«Каб маглі жыць, як хочуць»
Сіёры правяла ў Беластоку тры дні, паспела сустрэцца з беларускай меншасцю, пашукаць па горадзе шыльды на беларускай мове, прыняць удзел у культурным жыцці беларускай дыяспары — і паехала на канферэнцыю ў Варшаву.
— Чаго б ты пажадала беларусам, якія жывуць цяпер у Беларусі, Сіёры?
— Каб яны маглі жыць, як яны хочуць. Гэта самае галоўнае жаданне.
«Знаёмыя і сябры мяне, магчыма, лічаць дзівачкай». Японка вывучыла беларускую мову, выкладае яе на радзіме і вельмі любіць Беларусь
Японец, які вучыць беларускую мову: «Я не ведаю іншай краіны, дзе жывуць такія добрыя людзі!»
«Беларуская мова стала абярэгам у цяжкі перыяд майго жыцця». Расіянка вывучыла беларускую мову, жывучы ў Грузіі
Каментары