21-гадовая дзяўчына вярталася з Зыбіцкай і пашкодзіла восем аўтамабіляў
Яна напярэдадні пасварылася з хлопцам

На працягу ночы дзяўчына адпачывала на вуліцы Зыбіцкай і па дарозе дадому купіла яшчэ піва. Паколькі напярэдадні дзяўчына пасварылася са сваім маладым чалавекам, вырашыла спагнаць злосць на аўто, прыпаркаваных у двары жылых дамоў на вуліцы Кахоўскай, пішуць Мінск-навіны.
Яна адламала рукамі люстэрка задняга выгляду Geely Emgrand і разбіла пляшкай яго лінзу. Пасля такім жа спосабам яна пашкодзіла бакавыя люстэркі Skoda Octavia, Audi A6, BMW X1, Honda CR-V, Honda Civic, Lada Vesta і Renault Sandero, якія стаялі непадалёк. Агульная сума нанесенай аўтаўладальнікам шкоды склала без малога 2680 рублёў.
Калі ў адным з аўтамабіляў спрацавала сігналізацыя, мінчанка хуткім крокам накіравалася ў бок бульвара Шаўчэнкі. Там яе затрымалі супрацоўнікі міліцыі, якіх выклікаў сведка. У дачыненні да яе распачалі крымінальную справу.
Дзяўчыне пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі (хуліганства)
Мінчанка прызнала віну і кампенсавала прычыненую шкоду. Яна знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе і належных паводзінах.
Каментары