Усяго патроху1111

Праваслаўныя будуць адзначаць Раство 8 студзеня. Як так?

Сёння праваслаўная царква ў Беларусі і Расіі жыве па юліянскім календары, так званым «старым стылі». Але прычыны, праз якія ад яго калісьці адмовіліся, зноў адгукнуцца праваслаўным у будучыні.

Фрагмент абраза «Нараджэнне Хрыстова» з Баркалабаўскага Свята-Узнясенскага манастыра. Апошняя трэць XVII ст. Магілёў або Слуцк. НММ РБ

Юліянскі каляндар быў уведзены эдыктам рымскага дыктатара Юлія Цэзара з 1 студзеня 45 года да н. э. Новы каляндар грунтаваўся на тагачасным рымскім, але выпраўляў тыя хібы, якія ён меў.

У рымскім календары былі нерэгулярныя месяцы, даўжыню якіх вызначалі палітыкі, праз што яны хутка ператварыліся ў інструмент палітычнай барацьбы.

У выніку рымскі каляндар быў канчаткова заблытаны і патрабаваў рэформы. Новы юліянскі каляндар давёў сістэму да розуму.

Тускуланскі партрэт — адзіная прыжыццёвая выява Юлія Цэзара, створаная прыкладна ў 50—40 гг. да н.э. Музей антычнасці ў Турыне

Праўда, не абышлося без касякоў — жрацы чамусьці памылкова пачалі лічыць высакосным кожны трэці год, а не чацвёрты, як мусіла б вынікаць з астранамічных разлікаў. У выніку набегла памылка ў 3 дні. Яе выправіў першы рымскі імператар Актавіян Аўгуст, пры якім на працягу 16 гадоў не было ніводнага высакоснага. Пасля гэтага юліянскі каляндар стагоддзямі лічыўся бездакорнай сістэмай.

Паколькі Рымская імперыя стала цэнтрам хрысціянскага свету, іншыя еўрапейскія народы, прымаючы хрысціянства, прымалі і юліянскі каляндар. Але ў кожным рэгіёне, асабліва пасля падзення Рыма, маглі быць свае спецыфічныя адрозненні ў тым, з якой даты пачынаўся год.

Хрышчэнне Русі — разам з хрысціянствам на нашы землі прыйшоў і юліянскі каляндар. Фрэска працы В. Васняцова ў кіеўскім Уладзімірскім саборы. 1895-1896 гг.

Рымскі год пачынаўся з 1 студзеня і быў прывязаны да ўступлення на пасаду выбраных консулаў, але ў іншых частках Еўропы ён мог пачынацца 1 сакавіка ці 1 верасня. Візантыя, адкуль на Русь прыйшло хрысціянства разам з юліянскім календаром, прытрымлівалася «вераснёвага стылю».

Але за стагоддзі ад ідэальнасці календара нічога не засталося. У пачатку другога тысячагоддзя было заўважана, што юліянскі каляндар праяўляе ўсё большае разыходжанне з астранамічнымі з’явамі.

У 325 годзе на Першым Нікейскім саборы дату галоўнага хрысціянскага свята, Вялікадня, прывязалі да 21 сакавіка — даты вясновага раўнадзенства.

Але з-за хібаў юліянскага календара ў пачатку другога тысячагоддзя раўнадзенства надыходзіла на дзесяць дзён раней. Гэта прыводзіла да памылковага разліку дат святаў і невыканання Вялікага паста, што лічылася цяжкім грахом. 

Трыдэнцкі сабор, які даручыў пантыфіку перагляд календара. Копія карціны 1563 года. Швейцарыя. Фота: Wikimedia Commons

Трыдэнцкі сабор, які праходзіў з 1545 па 1563 гады, даручыў рымскаму пантыфіку выправіць каляндар. Спробы папаў Паўла III і Пія IV не мелі вынікаў, іначай сучасны каляндар мы б называлі па-іншаму. Толькі астраномы, прыцягнутыя папам Грыгорыем XIII, змаглі скласці новую сістэму. 

Праблема палягала ва ўсё тых жа высакосных гадах. Высакосны год — гэта год, які мае на адзін дзень больш, чым звычайныя. Ён уводзіцца, каб выправіць недакладнасць, якая ўзнікае праз тое, што зямля абарачаецца вакол Сонца за 365 дзён і амаль 6 гадзін.

За чатыры гады набягае як раз 24 лішнія гадзіны, таму да кожнага чацвёртага года дадаюцца дадатковыя суткі.

Папа Грыгорый XIII кіруе пасяджэннем камісіі па рэфармаванні юльянскага календара. Фота: Wikimedia Commons.

Але тых самых «лішніх» гадзін не роўна 6, а ў сярэднім прыкладна 5 гадзін 48 хвілін 45,19 секунды. На невялікіх адрэзках часу гэтая недакладнасць незаўважная, але за паўтары тысячы гадоў набягае значнае разыходжанне.

Такім чынам стала зразумела, што высакосныя гады ўводзіліся занадта часта. Каб выправіць накопленую памылку і пазбегнуць такога змяшчэння надалей, папа Грыгорый XIII у пачатку 1582 года сваёй булай «Inter gravissimas…» увёў новы каляндар. 

Сцэна ўвядзення новага календара на магіле папы Грыгорыя XIII у саборы Святога Пятра ў Рыме. Фота: Wikimedia Commons

У Рэчы Паспалітай спецыяльнага загаду ці соймавай пастановы адносна пераходу на грыгарыянскі каляндар, хутчэй за ўсё, не было. З кастрычніка 1582 года на грыгарыянскі каляндар цягам пары тыдняў перайшлі сойм, канцылярыі Кароны Польскай і ВКЛ, цягам наступнага года — усе іншыя дзяржаўныя ўраднікі і гарадское самакіраванне.

Але праваслаўныя патрыярхі, да якіх звярнуліся вернікі з Рэчы Паспалітай, адмовіліся ад выкарыстання новага календара, палічыўшы яго ерассю, якая парушае каноны хрысціянскай царквы. Цягам 1584—1586 гадоў Стэфан Баторый надаў права праваслаўным і надалей карыстацца юліянскім календаром. 

Гравюра англійскага мастака Уільяма Хогарта, выкананая ў 1754 ці 1755 годзе. На ёй выяўлены сход перад выбарамі ў англійскі парламент, і сярод іншага відаць лозунг «Вярніце нам нашы адзінаццаць дзён!». Вялікабрытанія перайшла на грыгарыянскі каляндар за некалькі гадоў да таго, у 1752-м, і з карціны відаць, што далёка не ўсе да гэтага ставіліся з захапленнем

Нараджэнне Божае каталікі адзначылі 25 снежня 1582 года ўжо па новым стылі, а праваслаўныя ў той жа дзень, але па старым стылі — то-бок… 4 студзеня 1583 года. Так, звыклае нам святкаванне праваслаўнага Раства 7 студзеня з’явілася зусім нядаўна!

Чаму ж дата змяняецца? Тут усё проста: каб выправіць хібы юліянскага календара былі «спісаныя» не толькі 10 лішніх дзён, але і ўведзены новыя правілы вызначэння высакоснага года. Калі ў юліянскім гэта быў кожны 4-ы год, то ў грыгарыянскім усё больш складана. Высакоснымі перасталі лічыцца гады, якія былі кратныя 100, але таксама з важным выключэннем — гады, якія былі кратныя 400, наадварот, працягвалі лічыцца высакоснымі.

29 лютага — дадатковы дзень, які з'яўляецца толькі ў высакосны год, каб кампенсаваць адставанне каляндарнага года ад астранамічнага

1600-ы год паводле гэтых правілаў грыгарыянскага календара лічыўся яшчэ высакосным, але 1700-ы, 1800-ы і 1900-ы — ужо не. Пасля кожнага з гэтых гадоў розніца з юліянскім календаром павялічвалася на дзень.

У 1701 годзе праваслаўнае Раство адзначалася 5 студзеня, у 1801 — 6 студзеня, і нарэшце ў 1901 — 7 студзеня, у звыклы для нас дзень. 

Тое, што большасць не заўважыла гэтага «адпаўзання» даты, патлумачыць лёгка. Канец XVIII і ўсё XIX стагоддзе беларускія землі правялі ў складзе Расіі, дзе дзейнічаў юліянскі каляндар ва ўсіх сферах жыцця.

«Пірог каралёў» — алегорыя на падзелы Рэчы Паспалітай. У выніку далучэння беларускіх зямель да Расійскай імперыі агульны каляндар быў пераведзены на юліянскі, так што большасць насельніцтва і не заўважыла, што за больш чым стагоддзе розніца з грыгарыянскім календаром павялічылася на два дні. Жан-Мішэль Маро ле Жэн. 1773. Фота: Wikimedia Commons

Уніяцкая і праваслаўная большасць у літургічным календары ніколі на новы стыль не пераходзіла, карыстаючыся ўвесь час старым. Калі ж каляндар справаводства і свецкага жыцця вярнуўся з грыгарыянскага на юліянскі, то ім не было па чым ужо заўважаць, што паміж аднымі і тымі ж датамі ў розных стылях усё больш дзён.

Тое, што розніца вырасла ў 1800-м і 1900-м гадах, ніхто на Беларусі і ў імперыі ў цэлым асабліва і не заўважыў.

Знос Храма Хрыста Збаўцы ў Маскве — у XX стагоддзі Рускай праваслаўнай царкве было не да разваг пра розніцу паміж календарамі, якая ўвесь час павялічваецца. Фота: Wikimedia Commons

Толькі пасля рэвалюцыі і ўвядзення бальшавікамі новага для Расіі грыгарыянскага календара разыходжанне дат зноў стала яўным. Але з папярэднімі стагоддзямі розніцу ніхто не звяраў — рэлігія адразу была абвешчана «опіумам для народа» і перастала адыгрываць нейкае важнае значэнні ў жыцці савецкага грамадства. 

У 1923 годзе Руская праваслаўная царква спрабавала перайсці на новаюліянскі каляндар, які аналагічны грыгарыянскаму, але кансерватыўныя царкоўныя колы аспрэчылі новаўвядзенне. У той жа час многія праваслаўныя цэрквы ў свеце такі пераход зрабілі.

Каляднае набажэнства ў мінскім Свята-Духавым кафедральным саборы ў 2024 годзе. Скрыншот трансляцыі «Беларусь 1»

У Беларусі, дзе праваслаўныя вернікі належаць да РПЦ, мы маглі б быць сведкамі змяшчэння яшчэ на дзень праваслаўнага Раства ў 2000 годзе, але не сталі, бо гэты год таксама кратны 400. На два стагоддзі замацавалася дата 7 студзеня, якая сёння выглядае адзінай кананічнай. Але гэта не так, і ў аддаленай будучыні нас чакае новы зрух даты.

Розніца паміж календарамі зноў павялічыцца на адзін дзень у 2101 годзе. Вернікі Рускай праваслаўнай царквы — калі яна захаваецца і не пяройдзе за гэты час на новы стыль — будуць адзначаць сваё Раство ўжо 8 студзеня.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары11

  • Агностык
    01.06.2024
    А ў гэтых усе не як у людзей
  • дочка Максима Дизайнера
    01.06.2024
    Максимка адабрае
  • патрабую ўдакладніць
    01.06.2024
    Іегова, што і грэкі таксама, баўгары, румуны, украінцы, жыхары балкан ?

Кавід забраў у Беларусі 90 тысяч жыццяў, а не 7 тысяч, як сцвярджалі ўлады14

Кавід забраў у Беларусі 90 тысяч жыццяў, а не 7 тысяч, як сцвярджалі ўлады

Усе навіны →
Усе навіны

54-гадовага беларуса знайшлі мёртвым у Антальі4

Блогер, на якога пісала даносы Вольга Бондарава, апублікаваў сумесны здымак з Колем Лукашэнкам15

Пад Мінскам прадалі ўчастак за рэкордныя грошы

КНДР адказала Лукашэнку: ніякіх запрашэнняў яму не дасылалі, гэта ён дамагаецца сустрэчы31

Time змясціў на вокладку Трампа, які змятае дакументы ў Авальным кабінеце 3

За ўдзел у пратэстах судзяць 29-гадовую настаўніцу сталічнай гімназіі5

Кіраўнік МАРГ распавёў, што гандлю варта ўспомніць з савецкага мінулага11

Паглядзіце, колькі мінчукоў стаяла ў чарзе па ваду на Вадохрышча ФОТЫ11

Беспілотнікі атакавалі Казань. У горадзе чулі выбухі2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Кавід забраў у Беларусі 90 тысяч жыццяў, а не 7 тысяч, як сцвярджалі ўлады14

Кавід забраў у Беларусі 90 тысяч жыццяў, а не 7 тысяч, як сцвярджалі ўлады

Галоўнае
Усе навіны →