Краязнаўцы адшукалі новыя звесткі пра страчаны твор мастацтва.
Матэрыялы па стварэнні надмагільнага помніка былі апублікаваны ў фэйсбук-суполцы «Zapomniany Cmentarz».
Трагедыя, якая напаткала сям’ю грамадскага і гаспадарчага дзеяча Эдварда Вайніловіча, добра вядомая ў Беларусі, бо была ўвекавечана ў адным з сімвалаў сталіцы — Чырвоным касцёле, асвечаным у гонар Святых Сымона і Алены, заступнікаў ягоных дзяцей.
У 12-гадовым узросце памёр ягоны сын Сымон. Хлопчыку рабілі аперацыю ў Варшаве, дзе ў той час бушавала шкарлятына, якой ён заразіўся. А дачка Алена не дажыла да 19-годдзя. Дзяўчына памірала пакутліва, а бацькі не маглі нічога зрабіць — у лекараў не было нават дакладнага дыягназу. Найбольш верагодна, што гэта было запаленне лёгкіх.
Дзяцей Вайніловіча пахавалі ў радавым маёнтку Савічы. Ад сямейнага могільніка сёння застаўся толькі курган у полі, да якога няма дарогі.
Але, як даведаліся краязнаўцы, скульптурны помнік, вядомы па старых фотаздымках, меў канкрэтнага аўтара і быў адліты з дарагой бронзы. Журналіст польскага выдання заспеў скульптуру ў майстэрні і так апісаў сустрэчу:
«Пан Яноўскі працуе ў невялікім пакоі, які з'яўляецца прыбудовай да кабінета гіпсавых фігур. Тут, на фоне выдатнай копіі з «Страшнага суда» Віта Ствоша, займаючы значную частку сцяны, узвышаецца цалкам гатовая фігура Мадонны, якая топча змея.
Гэта апошняя праца пана Яноўскага, толькі што скончаная. Мастак будзе мець задавальненне, якое рэдка бывае ў нашых скульптараў: ён убачыць свой твор у бронзе.
Гэтая фігура ідзе проста з майстэрні, толькі завітаўшы па дарозе да лепшчыка, у ліцейню пана Вольскага.
Твор пана Яноўскага стане надмагільным помнікам пані Гэлене Вайніловіч, якая памерла ў росквіце жыцця. Атрымаецца прыгожае надмагілле.
Фігура Мадонны вымадэлявана надзвычай правільна, вытрымана ў шляхетных лініях, пастаўлена на зямным шары лёгка, свабодна і грацыёзна; асабліва драпіроўкі, вельмі ўмела складзеныя, сведчаць пра тое, што мастак вучыўся мастацтву свайму ў найвялікшых майстроў скульптараў Старажытнай Грэцыі».
Аўтарам скульптуры стаў варшаўскі скульптар, мастак і рэстаўратар Юзаф Яноўскі (1859-1941). Ён атрымаў адукацыю ў варшаўскай Рысавальнай школе пад кіраўніцтвам Войцеха Герсана і Аляксандра Камінскага. Скульптуры вучыўся ў Анджэя Прушынскага. Працягнуў вучобу за мяжой, у Мюнхене, Дрэздэне, Вене і Берліне. У 1902-1905 гадах быў захавальнікам кабінета гіпсавых адлівак у Варшаўскім універсітэце. Менавіта ў гэты перыяд ён атрымаў ад Вайніловічаў заказ на надмагілле для дачкі.
У час Першай сусветнай вайны скульптар знаходзіўся ў Рыме, дзе кіраваў уласнай скульптурнай майстэрняй. Каля 1918 г. вярнуўся ў Варшаву. Быў членам Таварыства заахвочвання прыгожых мастацтваў, дзе неаднаразова выстаўляў свае творы. У пазнейшай творчасці Яноўскага жывапісныя кампазіцыі сталі пераважаць над скульптурнымі формамі.
Выбраны вобраз Дзевы Марыі, якая топча змея, што паўзе па зямным шары, досыць распаўсюджаны. Ён адсылае да верша з Кнігі Быцця, у якім Бог праклінае змея, які спакусіў Адама і Еву:
«І варожасць пакладу паміж табою і паміж жанчынаю, і паміж семем тваім і паміж семем яе; яно будзе біць цябе ў галаву, а ты будзеш джаліць яго ў пяту». (Быццё 3:15)
Першапачаткова лічылася, што «будзе біць цябе ў галаву» адносіцца да Марыі, жанчыны, якая народзіць Месію. Гэтае ўяўленне пайшло з Вульгаты, лацінскага перакладу Бібліі, з якога пасля рабілі пераклады на іншыя еўрапейскія мовы. У выніку ў заходнім мастацтве з’явіўся іканаграфічны тып Дзевы Марыі, якая топча змея.
З прыходам бальшавікоў мясцовыя сяляне, з якімі дваранін Вайніловіч вырас і правёў усё жыццё, разрабавалі сядзібу, спалілі бібліятэку, мала таго — разбілі надмагіллі на кургане, знеслі фігуру Дзевы Марыі, якая ўзвышалася над помнікамі. Самі надмагільныя пліты расцягнулі па дварах.
Ад багатага надмагілля Алены не засталося нічога — гэта і зразумела, бо бронза каштоўны метал, ад пахавання Сымона цудам збярогся фрагмент надмагілля, які перанеслі пад Чырвоны касцёл, побач з перапахаванымі тут парэшткамі Эдварда Вайніловіча.
Курган у Савічах у 1990-х гадах акультурылі католікі, усталявалі тут крыж і памятныя знакі. Толькі ахоўнага статусу курган дагэтуль не мае.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары