На ўрачыстым сходзе, прысвечаным 3 ліпеня, Лукашэнка нечакана анансаваў вызваленне часткі цяжкахворых палітвязняў — найперш з анкалогіяй. Хто можа апынуцца ў гэтым спісе?
У каго анкалогія?
Сярод цяжкахворых палітвязняў, напрыклад, былы лідар партыі БНФ 67-гадовы Рыгор Кастусёў, асуджаны па «справе аб змове» на 10 гадоў калоніі. У яго шмат хвароб, ёсць таксама падазрэнне на анкалогію.
Былая журналістка БТ Ксенія Луцкіна, якой прысудзілі 8 гадоў калоніі, мае пухліну ў галаўным мозгу, пакутуе ад невыносных боляў.
Палітвязень Павел Кучынскі з Маладзечна мае першую групу інваліднасці, у яго лімфома Ходжкіна чацвёртай стадыі. Замест калоніі Паўла Кучынскага накіроўвалі ў рэспубліканскую лякарню для зняволеных у Калядзічах на курс хіміятэрапіі. Але лячэнне не дапамагала, хвароба прагрэсавала.
Пенсіянерка Галіна Дзербыш, якой далі 20 гадоў па «справе Аўтуховіча», таксама мае анкалагічную хваробу, другую групу інваліднасці і праблемы з сэрцам.
Рэйкавы партызан Руслан Слуцкі, якога адправілі ў калонію на 11 гадоў, мае пухліну галаўнога мозгу.
У Алы Зуевай (пенсіянерку асудзілі за каментары на 2,5 года калоніі) лейкоз.
Андрэй Войніч (7 гадоў калоніі) мае шмат хвароб: цыроз печані, цукровы дыябет, пухліну над наднырачнікамі, выдалены жоўцевы пузыр, розныя ўскладненні.
Хто яшчэ мае сур'ёзныя праблемы са здароўем?
У пісьменніка Аляксандра Фядуты (яму прысудзілі 10 гадоў) вострая сардэчная недастатковасць, здараліся прыступы стэнакардыі і арытміі.
Уладзімір Гундар (фігурант «справы Аўтуховіча») мае інваліднасць другой групы, у яго адна нага.
Бубнач гурта Tor Band Яўген Бурло (прысуд — 8 гадоў калоніі) пакутуе на некроз тазасцегнавых суставаў.
Сцяпан Латыпаў захварэў за кратамі на цынгу.
Праблемы з сэрцам у віцэ-старшыні Саюза палякаў у Беларусі, журналіста Андрэя Пачобута, які быў асуджаны на 8 гадоў зняволення.
Прафсаюзны актывіст Вацлаў Арэшка не бачыць на адно вока.
У былога прафсаюзнага лідара Генадзя Фядыніча цукроўка, за кратамі пачаліся праблемы з ныркамі.
У Васіля Бераснева (таксама «справа прафсаюзаў») пачаліся праблемы з ныркамі, абвастрыліся хранічныя захворванні.
Гэта няпоўны пералік.
Прадстаўніца Аб'яднанага пераходнага кабінета па сацыяльнай палітыцы Вольга Гарбунова раней называла, што ў гуманітарным спісе ёсць
32 чалавекі з экстраным медыцынскім запытам, якім тэрмінова неабходна апынуцца на волі і атрымаць якасную дапамогу.
Каментары