Беларуская «Карчма 1863» у Вільні на мяжы закрыцця. Што адбылося?
У інстаграме «Карчмы 1863» — беларускага кафэ ў Вільні — з’явіўся допіс пра тое, што ўстанова цяпер у складанай сітуацыі і можа закрыцца напрыканцы лета. Саўладальнік «Карчмы 1863» Ілля Ясінскі распавёў «Нашай Ніве», што адбываецца.
— Нас напаткалі фінансавыя цяжкасці. І цяпер мы на перакрыжаванні: не ведаем, што рабіць далей. З фінансавага пункту гледжання трэба зачыняць гэтую справу, але вельмі не хочацца, бо сапраўды ўклалі свае сілы. Гадавалі, аберагалі — рабілі ўсё, што маглі. Здаецца, патрацілі ўсе свае фізічныя, маральныя і фінансавыя сродкі.
«Карчма 1863» сутыкнулася з шэрагам цяжкасцяў. Адным са звёнаў у ланцужку праблем Ілля лічыць бухгалтара, якога нанялі па чужой рэкамендацыі.
— Але гэта аказаўся вельмі некампетэнтны чалавек. Ён натварыў бед у нашай бухгалтэрыі. І калі мы пачалі размаўляць з іншымі беларусамі, высветлілася, што ад яго некампетэнтнасці пацярпелі не толькі мы. Потым знайшлі іншых бухгалтараў, і яны некалькі месяцаў разбіралі ўсе завалы ў нашай бухгалтэрыі.
Яшчэ адна з праблем — складанасці ў адносінах з суседзямі. Ілля кажа, што з гэтым сутыкаюцца многія рэстаранныя бізнэсы, якія знаходзяцца ў жылых дамах.
— Адна жанчына нават хвалілася, што яна закрыла некалькі кафэшак дзякуючы бясконцым скаргам.
Адзначыў сузаснавальнік «Карчмы» і невялікі перыяд, калі, па яго словах, актывізаваліся прарасійскія сілы, якія хацелі прамацаць антыбеларускія настроі ў літоўскім грамадстве і штучна імкнуліся стварыць канфліктныя сітуацыі.
Праз усё гэта і ўзніклі фінансавыя складанасці.
— Гэта даволі складаная тэма — рабіць нешта, заснаванае на адметнасці беларусаў, на нашай гісторыі і культуры. У першую чаргу складана з фінансавага пункту гледжання. Але я разумею, што гэта важна. Гэта дае асэнсаванасць жыцця, на мой погляд.
Па адчуваннях Іллі, не ўсе беларусы змаглі перамагчы страх: нехта баіцца зайсці ў «Карчму», бо думае, што можа некалі паехаць у Беларусь — а раптам усплыве дзе фота на фоне бел-чырвона-белага сцяга.
Ілля кажа, што асноўныя варыянты два: ці мяняцца, ці закрывацца.
— Таму мы вырашылі звярнуцца да беларусаў у Вільні, бо ў першую чаргу мы адкрывалі «Карчму» для і пра беларусаў. Нам трэба зразумець, ці патрэбна гэтае месца, ці вялікае кола тых людзей, каму падабаецца тое, што мы робім.
Ён адзначае, што, як толькі з'явіўся пост у інстаграме, шмат людзей (не толькі беларусаў) пачало прыходзіць у «Карчму», казаць словы падтрымкі.
— Нам задаюць пытанні: «А што далей?». Калі некалькі месяцаў з дапамогай мы пратрымаемся і выкарабкаемся, плануем больш пашырацца на літоўскую аўдыторыю і на турыстаў-замежнікаў. І ў гэтым бачым сваю місію.
Бо калі першай місіяй было зрабіць месца для беларусаў, расказваць маладым беларусам пра нашу гісторыю, то цяпер мы плануем распавядаць замежнікам, што беларусы — гэта людзі, якія змагаюцца, любяць волю. Расказваць пра тое, як мы можам аб'ядноўвацца і даваць адпор таталітарызму.
Беларусы, якія жывуць у іншых краінах, таксама могуць падтрымаць «Карчму 1863» і заданаціць — ці проста зрабіць рэпост, распавесці ў сваіх сацыяльных сетках пра беларускае месца, напісаць водгук.
Сам Ілля часова працуе на бары і любіць размаўляць з наведвальнікамі.
— Напрыклад, нядаўна зайшла жанчына, замовіла безалкагольны напой. Я нават не адразу зразумеў, адкуль яна, бо размаўляла з польскім акцэнтам. А потым яна глядзіць на сцены з фотаздымкамі: «А божачкі, гэта ж мая гісторыя, Эмілія Плятэр!». Высветлілася, што гэта беларуска, якая ў Літве працуе настаўніцай польскай мовы. Яна з такім натхненнем пра ўсё гэта расказвала.
Час ад часу заходзяць і замежнікі:
— Былі італьянцы, немцы, якія глядзелі на нашу «Карчму 1863» як на невялікі музей. Я распавядаў ім пра нашых герояў. Мне здаецца, гэта важна для таго, каб падтрымліваць брэнд Беларусі.
Дзякуй тым, хто нас падтрымлівае. Прыходзьце — у нас смачныя сняданкі і не толькі. Будзем далей шукаць цікавыя стравы беларускай кухні.
Як «Карчма 1863» у Вільні змагаецца з «сапраўднай мафіяй» скаржнікаў. Новы «ТОК» — з артыстам Іллёй Ясінскім
«Гэта было канкрэтнае шкодніцтва». Як бухгалтар ледзь не абанкруціў беларускае кафэ ў Вільні
Самая прыязная для беларускага бізнэсу Польшча, у краінах Балтыі ўсё горш. Апублікаваныя новыя даныя
Каментары