Наколькі Мінску грэе сэрца Януковіч?
Калі разважаць просталінейна, то ў беларускіх вярхах нібыта павінны пляскаць у ладкі без пяці хвілін трыумфу Януковіча ва Украіне. Піша Аляксандр Класкоўскі.
Калі разважаць просталінейна, то ў беларускіх вярхах нібыта павінны пляскаць у ладкі без пяці хвілін трыумфу Януковіча ва Украіне.
У вачах добрай часткі публікі яго прыход да ўлады ставіць сімвалічны крыж на ідэалах аранжавай рэвалюцыі, якая пяць гадоў таму так напалохала беларускае начальства.
І тутэйшыя дзяржаўныя СМІ, трэба меркаваць, старанна адпрацуюць гэтую тэму. Вось, маўляў, наеліся нашы паўднёвыя суседзі хваленай дэмакратыі ад пуза. Пераканаліся: гэта не сала, ёю сыты не будзеш!
Але такія дубовыя сілагізмы — прымітыў для піпла. На справе ўсё больш складана.
«Гэта не лепшы варыянт для афіцыйнага Мінска, — так пракаментаваў верагодную перамогу лідэра Партыі рэгіёнаў на выбарах у суседзяў мінскі аналітык Андрэй Фёдараў. — У Януковіча імідж прамаскоўскага палітыка.
Беларускае кіраўніцтва, трэба думаць, пабойваецца, што апынецца ў цені. Для Масквы Украіна безумоўна важнейшая за Беларусь».
Іншая рэч, дадае Фёдараў, што праз нейкі час у адносінах Расіі з Украінай усё стане на свае месцы, бо насамрэч Януковіч — праўкраінскі палітык. Больш за тое, ён кроўна зацікаўлены агароджваць сваіх сяброў з бізнесу ад экспансіі з усходу, гаворыць эксперт.
Ён прагназуе: у любым выпадку Мінск будзе змушаны ратыфікаваць падвешаную яшчэ ў мінулым стагоддзі дамову пра мяжу з Украінай. Гэты «вісяк» элементарна тармозіць эканамічную супрацу. І наогул, у выпадку перамогі Януковіча дачыненні па лініі Кіеў — Мінск стануць болей прагматычнымі.
У адрозненне ад Юшчанкі, новы прэзідэнт не будзе прыбірацца ў тогу медыятара паміж аўтарытарнай беларускай уладай і дэмакратычнай Еўропай. На час заціхнуць, мабыць, і энергетычныя гульні, разлічаныя найперш на тое, каб ціснуць на псіхіку Маскве: вось мы зараз запусцім трубу Адэса — Броды ў аверсным рэжыме і да т.п.
Хоць шукаць альтэрнатывы расійскім энерганосьбітам усё роўна давядзецца і Мінску, і Кіеву. І гэта аб’ектыўна лепш рабіць у звязцы — як паміж сабой, так і з Еўразвязам.
Ну, а з Бруселем беларуская ўлада цяпер і так размаўляе без пасярэднікаў. І пры ўсёй непадатлівасці наўрад ці захоча страчваць гэты козыр. Заходні тыл патрэбны дзеля таго, каб ямчэй упірацца рогам перад Масквой.
Што да нібыта паразы дэмакратыі ва Украіне, то і гэтая выснова павярхоўная. Як ні парадаксальна, але гэтыя выбары паказваюць, што
дэмакратычная сістэма стрымак ды і процівагаў у нашых паўднёвых суседзяў умацавалася.
Так, там шмат бруду і карупцыі, саўковая спадчына ўчэпіста трымае ў палоне і эліты, і электарат. Але ўжо стала дадзенасцю палітычная канкурэнцыя. Там вышэйшы ўзровень свабоды прэсы. Там улада — пры любых персаналіях — у значна большай ступені, чым у нас, змушана лічыцца з настроямі ў грамадстве. Асабліва з улікам таго разлому ў краіне — практычна напалам, які адлюстравалі гэтыя выбары. Пры такім раскладзе абвяшчаць апанентаў «адмарозкамі», ладзіць усялякія вендэты вельмі небяспечна.
Дарэчы, многія эксперты мяркуюць, што небяспека правадырства была б значна мацнейшая, калі б апынулася пры стырне тэрмаядзерная Юлія Цімашэнка.
«Добрая навіна — не перамагла Цімашэнка, дрэнная навіна — перамог Януковіч»,
— змрочна пажартаваў на радыё «Свабода» публіцыст Анатоль Стрэляны.
Краіну яшчэ будзе ліхаманіць. Новаму прэзідэнту прарочаць праблемы з легітымнасцю. Дэмакратыя ўвогуле клапотная справа. «Гэта пытанне каштоўнасцяў, — гаворыць беларускі палітолаг Валер Карбалевіч. — Для кагосьці найважнейшы парадак любым коштам, для іншага найважнейшай ёсць дастатковая ступень свабоды. Дэмакратыя — гэта не выбар ідэальнага кіраўніка, а хутчэй магчымасць змяніць таго, хто не падабаецца».
У Беларусі працэс электаральнай ратацыі кіроўных эліт заблакаваны вось ужо другое дзесяцігоддзе. Можна ківаць на высокі рэйтынг нязменнага прэзідэнта. Але ў краіне выпаленага палітычнага поля ўсе рэйтынгі вельмі ўмоўныя. Іх сэнс страчваецца. Ну як можна разважаць, напрыклад, пра рэйтынг Сталіна ці Брэжнева? Народ у прынцыпе не ведае альтэрнатывы. Народ лічыць выбары выключна дэкаратыўнай, цырыманіяльнай рэччу: ну схадзіў на ўчастак піва папіць…
Ва Украіне барацьба ідзе ў рэале. Вось і цяпер пра перамогу Януковіча мы разважаем толькі гіпатэтычна. Напэўна пачнуцца спрэчкі.
Але ў любым выпадку некалькі незалежных экзіт‑полаў (за што ў нас даюць па галаве) — як рэнтген, што прасвечвае падлік галасоў.
Тут тузінам працэнтаў налева‑направа не пакідаешся.
Доўгі час фішкай беларускай улады была сытая стабільнасць. Але міф пасыпаўся, як толькі Расія прыкруціла кранік. І зараз усё ясней, што стагнацыя будзе доўга і пакутліва вылазіць бокам. Нас абгоняць суседзі, якія ўжо перажывуць да таго часу эканамічную і палітычную ломку.
Каментары