Свет

«Як выйду на пенсію, то хачу жыць ў доме для састарэлых». Беларуска расказала пра жыццё і працу ў Ісландыі

Беларуска Таццяна Семянчук жыве ў Ісландыі — краіне-выспе на поўначы Атлантыкі. Тут яна знайшла новы дом і абарону сваіх грамадзянскіх правоў. Марыць, каб гэтак жа сама было і ў Беларусі, піша BG.Media.

Таццяна Семянчук з Гродна перехала ў Ісландыю ў 2018 годзе, калі выйшла замуж за ўраджэнца Латвіі. Мужчына, у сваю чаргу, тут працаваў на будаўніцтве, але так палюбіў гэтую паўночную краіну, што застаўся тут жыць. «Шчаслівае інтэрнэт-знаёмства і каханне», — смяецца Таццяна і дадае, што «закахалася» таксама і ў Ісландыю.

«Беларусам ў Ісландыі прытулак амаль не даюць»

«Мне вельмі балюча і крыўдна, але пасля падзеяў 2020 года, калі так шмат беларусаў былі вымушаныя выехаць, тут у Ісландыі беларусам вельмі мала даюць палітычны прытулак. Мяне гэта вельмі ўражвае», — з жалем канстатуе Таццяна.

«Памятаеце Лапаціка, які казаў пра забойствы? Ягоная дачка звярталася па палітычны прытулак, мы нават цэлую петыцыю падпісвалі ў яе падтрымку, але ёй адмовілі. Уяўляеце?» — дзівіцца жанчына.

Яна кажа, што ў Ісландыі вельмі шмат эмігрантаў з арабскіх краін, палесцінцаў, пасля пачатку вайны прыехала шмат украінцаў, вельмі шмат палякаў.

«Увогуле, ісландцы нават не ведаюць такой краіны, як Беларусь. Калі мяне запытваюць адкуль я, то кажу — Беларусь. Яны — а-а-а, а самі не ведаюць».

У 2020 годзе яшчэ пісалі ў газетах, пасля таго, як самалёт пасадзілі, таксама ўзгадвалі.

«Калі Ціханоўская прыязджала, мы тут з беларусамі хадзілі на сустрэчу і пра гэта таксама газеты пісалі. А цяпер — не, і палітычнага прытулку беларусам амаль не даюць».

«Чорныя пляжы і «хвалі-забойцы», а сонца, неба і воблакі — можна рукой дастаць»

Клімат Ісландыі дастаткова мяккі, як для паўночнай краіны на ледніку, але прырода іншая, чым у Беларусі.

Калі ехаць у Рэйк’явік праз горы, то ехаць трэба «па аблоках», такія яны нізкія. Тут усё нізкае: сонца агромістае, месяц — па галаве ходзіць, усё можна рукой дастаць. А зямля — уся «ў дыме» ад шматлікіх гейзераў.

Паводле Таццяны, тут шмат вельмі прыгожых вадаспадаў і палі застылай лавы пакрытыя імхом. Восенню ўсё гэта набывае незвычайна прыгожую насычаную рознакаляровасць. Але прырода поўначы і поўдня самой Ісландыі істотна адрозніваюцца.

Салфас. Ісландыя.
Горад Салфас, дзе жыве беларуска з сям’ёй

— Я жыву на поўдні і тут ёсць горад Кефлавік — ён над акіянам, дзе адныя вятры, холадна і там зеляніны ўвогуле няма, толькі чорныя пяскі. Гэта вулканічныя чорныя пяскі, а таму тут такія ж незвычайныя чорныя пляжы.

Чорныя пляжы, у сваю чаргу, вядомыя «хвалямі-забойцамі». Такую назву яны атрымалі, бо раптам накрываюць узбярэжжа і «сцягваюць» усё ў акіян. Турыстаў папярэджваюць пра небяспечную з’яву, але трагедыі ўсё адно здараюцца.

«Ісландцы баравікоў не прызнаюць, а мы збіраем што шалёныя — хто хутчэй дабяжыць»

На поўначы Ісландыі ўжо няма гейзераў і чорнага пяску — звычайная зямля, як і ў Беларусі, але мясцовасць тут горная. І «вечная вясна»: і зімой, і летам мяккае надвор’е.

У горадзе Салфас, дзе жыве сям’я, ужо ёсць лес, хоць і з «маларосла-карлікавымі» дрэвамі.

«Затое вельмі шмат баравікоў. Ісландцы іх не прызнаюць за грыбы, у іх грыбы — гэта шампіньёны. А мы — беларусы, літоўцы, палякі — збіраем што шалёныя: хто хутчэй дабяжыць», — смяецца Таццяна.

Таццяна Семянчук. Ісландыя.
Таццяна на экскурсіі

Беларуска скардзіцца, што ў Ісландыі дзве праблемы: дождж і вецер, якія большую частку года і вельмі абрыдаюць — «папросту дэпрэсуюць». А сёлета мясцовыя «ўвогуле лета не бачылі — курткі не здымалі». Калі ж лета цёплае, то гэта 15-18 градусаў. А 20, то гэта ўжо спякота, як у Беларусі 30, бо вельмі нізкае сонца.

Зімы вельмі мяккія, найніжэй — 10 градусаў марозу, снег і «вельмі камфортна». Да таго ж у ісландцаў ёсць свой брэнд — адзенне «непрамакальнае і непрадзімальнае». А парасонаў тут няма — іх не носяць, бо з-за вятроў парасон — «на адну хвіліну».

«Чатыры-пяць дамоў — гэта ўжо горад»

Горад Сэлфас з шасцю тысячамі жыхароў — адзін з найбуйнейшых у Ісландыі. Большымі маштабамі можа пахваліцца толькі сталіца Рэйк’явік.

«Увогуле горад пачынаецца там, дзе ёсць царква, сад і школа — гэта абавязкова у Ісландыі. Яшчэ чатыры-пяць дамоў — гэта ўжо горад, і такая ўся Ісландыя», — кажа Таццяна.

У асноўным усе гарады размешчаныя па краях краіны-выспы — на ўзбярэжжы акіяну. Яе цэнтральная частка — гэта ляднік з бясконцай снежнай прасторай. А пад снегам «самы страшны вулкан, але вельмі прыгожа».

Гарадзенка кажа, што спатрэбілася крыху часу, каб прывыкнуць і да гарадзкой архітэктуры, дакладней — да яе поўнай адсутнасці.

«Першае ўражанне, што трапіў на іншую планету: дамы і іншыя пабудовы — абсалютна нестандартныя. Яны аб’ёмныя і нават можна сказаць — бясформенныя, нібыта вялікія ангары. І ўсе абабітыя металам, бо вятры і дождж хутка разбураюць цэмент ці цэглу. Ніякай архітэктуры, можна сказаць, няма — ісландцы проста гэтым не пераймаюцца. Галоўнае — эканамічна і надзейна».

Таццяна з мужам побач са Святланай Ціханоўскай падчас яе візіту ў Ісландыю.
Побач са Святланай Ціханоўскай падчас яе візіту ў Ісландыю

Двух-пяціпавярховыя дамы пачалі будаваць толькі апошнімі гадамі, пасля наплыву вялікай колькасці эмігрантаў. Дагэтуль і гарады і вёскі — суцэльна аднапавярховыя.

«Як па мне, дык тут усюды вёска, бо ўсё малое», — смяецца гарадзенка.

Няма ў Ісландыі і лецішчаў, у іх разуменні беларусамі. Ёсць летнія загарадныя дамкі з абавязковым джакузі ў двары. Ісландцы выязджаюць туды на выхадныя «на грыль і выпіўку».

Грамадскага ж транспарту амаль няма і ездзяць туды сваімі машынамі-электрамабілямі. У кожнай сям’і іх па 2-3, бо электрычнасць вельмі танная — як сілкаваць аўтамабілі дома, так і на спецыяльных станцыях.

«Жыллё тут вельмі дарагое — «наперадзе планеты ўсёй»

Жыллё ў Ісландыі — адно з самых важкіх артыкулаў выдаткаў, як для мясцовых жыхароў, так і для эмігрантаў. Арандаваць ці набыць жыллё стала яшчэ цяжэй і даражэй, чым гэта было ў «даваенныя і дакавідныя» часы, цэны — «наперадзе планеты ўсёй».

«У нас, напрыклад, 90-метровая кватэра з трыма спальнямі — лічыцца сярэдніх памераў кватэра. Зняць такую кватэру разам з камунальнымі паслугамі каштуе 280 тысяч ісландскіх крон на месяц — гэта каля дзвюх тысячаў еўра».

Таццяна кажа, што гэта нядорага, бо кватэру здаюць знаёмыя мужа. Цяпер цэны пачынаюцца ад 300 тысяч на меншыя кватэры — з двума спальнымі пакоямі.

Вельмі часта пад жыллё тут перарабляюць гаражы, дзе злучаныя спальнае месца з кухняй, кшталту беларускіх кватэр-студый. Прыстасоўваюць нават напаўпадвальныя памяшканні — на ніжэйшым узроўні і такое жыллё каштуе каля тысячы еўра. Гэтаксама дорага і набыць жыллё.

«Мая сяброўка прадае двухспальную кватэру з прыбудоўкай за 59 мільёнаў крон — каля 400 тысяч еўра. Кватэры ў прэстыжных дамах, калі яшчэ і з гаражом, дасягаюць 90 мільёнаў — каля 600 тысяч еўра».

Таццяна ўдакладняе, што гэта ў іх горадзе Сэлфасе. У сталіцы — Рэйк’явіку — жыллё яшчэ даражэйшае. Дадаткова выраслі адсоткі банкаўскіх крэдытаў і браць іх на жыллё на такіх умовах стала зусім не выгадна.

«Вада ў нас — бясплатная і халодная і цёплая, а электрычнасць каштуе капейкі»

Затое ў Ісландыі вельмі танныя камунальныя паслугі. Падлогі ў дамах, асфальт на вуліцах абавязкова маюць падагрэў і ён — з цёплай вады ад гейзераў. Таму для жыхароў гэта каштуе «літаральна капейкі». А халодная вада цячэ з гор і яна зусім бясплатная.

Вада такая чыстая, што не праходзіць нават фільтрацыю і адразу паступае ў вадаправодную сістэму. Турыстам нават раяць піць ваду проста з крана, а не набываць.

Газу тут няма — толькі электрычнасць і для жыхароў яна таксама каштуе «капейкі», і таксама дзякучы гейзерам.

«Святло мы можам увогуле не выключаць, аднойчы так і сталася: выехалі на тры дні і забыліся павыключаць святло ў кватэры і ніякай растраты мы не адчулі. На камунальныя паслугі ніхто тут не зважае», — канстатуе Таццяна.

А яшчэ ў Ісландыі ўсё лета — белыя ночы. Праўда, зіма гэта з размахам «кампенсуе»: святла можа быць тры гадзіны на дзень і тое калі не пахмурна.

«Тут няма такога паняцця, як у Беларусі: не падабаецца — звальняйся»

Заробак і памер падатку ў Ісландыі залежыць ад памеру даходаў.

«Мой муж працуе ў Ісландыі больш за 20 гадоў у будаўніцтве. Ягоны заробак дасягае мільёна крон — гэта каля 7 тысяч еўра. Я працую пакаёўкай у гатэлі і гэта 380 тысяч крон — каля 2,5 тысяч еўра. Мой заробак лічыцца нізкім, таму і падатак нізкі. У мужа падатак сягае 40%, аднойчы на падаткі пайшло 600 тысяч крон».

Перадусім людзі працуюць у сферы абслугоўвання: у Ісландыі развіты турыстычны бізнэс, таму вельмі шмат гатэляў, якія патрабуюць шмат працаўнікоў. Крамы, рэстараны, спартова-забаўляльныя цэнтры таксама разлічаныя на турыстаў.

А яшчэ — развітая сельская гаспадарка: фермеры разводзяць авечак, коней, кароў. Адпаведна запатрабаваная праца ў перапапрацоўцы.

«Бараны-авечкі-каровы — іх выпускаюць і яны ўсё лета пасвяцца ў гарах. Таму прадукты натуральныя і вельмі якасныя. Словам, з працаю праблемы няма», — сцвярджае Таццяна.

Паводле яе слоў, у Ісландыі развітая сістэма прафсаюзаў, якія вельмі ўплывовыя і сапраўды цалкам бароняць працаўнікоў.

«Тут працадаўца не здолее зрабіць шкоды працаўніку аніякай: ні падмануць, ні затрымаць заробак, ні звольніць. Бо адразу ўключаецца прафсаюз і бароніць кожнага працаўніка незалежна ад таго, ісландзец ён ці эмігрант з іншай краіны. Тут няма такога паняццы, як у Беларусі: не падабаецца — звальняйся, ці — не возьмем на працу, бо ўзрост перадпенсійны. Тут працоўны чалавек поўнасцю абаронены».

Таццяна кажа, што марыць, каб правы працаўнікоў гэтаксама баранілі і ў Беларусі. А яшчэ ў Ісландыі вельмі развітая сістэма падтрымкі беспрацоўных. Праз кожныя два гады працаўнік мае магчымасць два гады заставацца на дапамогах па беспрацоўі, а іх памер роўны памеру заробку. Гэта ўплывае на пенсію, але многія любяць карыстацца такой сістэмай.

«Многія школьнікі-падлеткі вучацца і працуюць па 4-6 гадзін»

Адукацыя ў Ісландыі прыкладна такая ж, як ва ўсіх скандынаўскіх краінах: малодшая, старэйшая школа. І навучанне тут сапраўды бясплатнае не на словах: кнігі, сшыткі, камп'ютары — усё, што неабходна для вучобы, — выдаецца бясплатна.

Пасля школы абавязковае навучанне ў каледжы — каля 100 еўра за паўгода. А далей — адукацыя вышэйшая і галоўным чынам — у Рэйк’явіку. Гэта платная адукацыя і вельмі дарагая — каля 8 мільёнаў крон за год, а гэта каля 50 тысяч еўра.

«Падыход да дзяцей — зусім іншы. Мая дачка скончыла пачатковую школу ў Беларусі — гэта было пекла. Мяне ўвесь час выклікалі ў школу, што яна непаслухмяная, несканцэнтраваная, што гіперактыўная. Тут перадусім — інтарэсы дзіцяці, ягоныя асабістыя якасці, ягоныя правы. І дзеці тут да такой ступені абазнаныя ў сваіх правах, што калі груба размаўляць, то могуць выклікаць паліцыю і паліцыя будзе бараніць дзіця», — кажа Таццяна.

Многія школьнікі-падлеткі вучацца і працуюць па 4-6 гадзін. У іх вельмі малы падатак і ў выніку зарабляюць дастаткова добрыя грошы.

«Мая дачка, ёй зараз 17 гадоў, яна школьніца і падпрацоўвае у краме. І заробак мае амаль такі ж, як і я — каля 2 тысяч еўра. Але і ўзровень адукацыі ў школьнікаў — ён, канешне, вельмі слабы».

Працоўная мова тут — ісландская. У побыце і паўсядзённасці дастаткова размаўляць па-ангельску — тут усе ведаюць ангельскую мову. Але ісландцы вельмі шануюць і ім вельмі імпануе, калі ты вучыш іх мову і стараешся размаўляць па-ісландску — яны гэта цэняць і паважаюць.

«А мяне тут ратуе польская мова, бо тут вельмі шмат палякаў і я — як рыба ў вадзе», — радуецца Таццяна.

«Мы плацім вялікія падаткі, але сацыяльна мы поўнасцю абароненыя»

Адсотак ад падаткаў ідзе на медыцыну. Не аплачваецца страхоўкай толькі лячэнне зубоў: гэта 100-150 еўра, але ў Ісландыі гэта лічыцца не дорага.

«Так, мы плацім вялікія падаткі, але сацыяльна мы поўнасцю абароненыя. У мяне была аперацыя, у мужа таксама — мы нейкія смешныя капейкі заплацілі. Калі сур’ёзныя захворванні, то лячэнне бясплатнае. Гэтыя нашыя падаткі — яны ўсе нам кампенсуюцца».

Цэны на некаторыя прадукты ў Беларусі нічым не адрозніваюцца ад цэнаў у Ісландыі. А вось алкаголь і цыгарэты дарагія. Адна пляшка віскі, да прыкладу, будзе каштаваць як цэлы кош гэтага ж алкаголю ў Беларусі.

«Як выйду на пенсію, то хачу ў дом састарэлых»

У Ісландыі жанчыны выходзяць на пенсію ў 65, а мужчыны ў 73 гады. Многія ісландскія пенсіянеры выязджаюць зімаваць на выспы ў Іспаніі, а свае кватэры здаюць. І за гэтыя грошы яны здымаюць жыллё ў Іспаніі і жывуць «ні ў чым сабе не адмаўляючы».

Пенсія — назапашвальная сістэма: 2% ад даходу плаціць сам будучы пенсіянер і 4% кампанія. У выніку на сталыя гады збіраецца добрая сума. Усе пенсіянеры ездзяць сваімі машынамі і ўсё гэта — вялікая розніца з жыццём пенсіянераў у Беларусі.

А яшчэ ў Ісландыі вельмі папулярныя дамы састарэлых. Сталыя людзі там вельмі добра жывуць: гэта агромістыя кватэры, дзе яны маюць медперсанал і ўсё абслугоўванне. У дадатак жыхары гэтых дамоў маюць розныя экскурсіі, выезды і за гэта яны плацяць частку сваёй пенсіі.

Таццяна ацэньвае гэта так: «Гэтыя дамы — сапраўдны рай. Кажу, што як выйду на пенсію, то таксама хачу жыць ў доме для састарэлых».

Таццяна на экскурсіі ў музеі.
Таццяна на экскурсіі ў музеі ледзяной пячоры
Таццяна на экскурсіі разам з мужам.
Таццяна на экскурсіі ў музеі ледзяной пячоры разам з мужам Калвісам

Каментары

Як склалася жыццё вундэркінда з Жодзіна, які ў 12 гадоў паступіў у медыцынскі ўніверсітэт?5

Як склалася жыццё вундэркінда з Жодзіна, які ў 12 гадоў паступіў у медыцынскі ўніверсітэт?

Усе навіны →
Усе навіны

АРІП мяняе правілы доступу ў асабісты кабінет

У Расіі двое дзяцей спалілі верталёт3

З 10 лістапада беларусы будуць заязджаць у Еўрасаюз па новых правілах. Што зменіцца?2

Тэйлар Свіфт абвясціла, каго падтрымае на амерыканскіх прэзідэнцкіх выбарах5

Харыс: Пуцін з'еў бы Трампа на абед6

Пажарныя патушылі пажар на балоце Ельня

Дэбаты Трампа і Харыс. Галоўнае11

180 рублёў за кілаграм, а смак як у елкі: здаецца, знайшліся самыя дарагія цукеркі ў Мінску3

Украінскі футбаліст так хацеў гуляць у Беларусі, што нелегальна пераплыў памежную раку1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Як склалася жыццё вундэркінда з Жодзіна, які ў 12 гадоў паступіў у медыцынскі ўніверсітэт?5

Як склалася жыццё вундэркінда з Жодзіна, які ў 12 гадоў паступіў у медыцынскі ўніверсітэт?

Галоўнае
Усе навіны →