У Літву не прапусцілі 74 катоў, якіх спрабавалі завезці з Беларусі ў жудасных умовах
Жывёл везлі транзітам у Германію.
Дзяржаўная ветслужба Літвы вярнула ў Беларусь 74 катоў і кошак, якіх спрабавалі завезці ў краіну. 13 верасня на ветэрынарны памежны пост у Медніках з Беларусі прыбыла велізарная партыя жывёл — 74 катоў везлі ў машыне транзітам у Германію, паведамляе LRT.
Па даных літоўскіх уладаў, жывёл везлі ў дрэнных умовах: у адной клетцы было па некалькі катоў, у аўтамабілі стаяў непрыемны пах, паветра дрэнна цыркулявала.
З-за такіх сур'ёзных парушэнняў умоў перавозкі катоў не пусцілі ў Літву. Іх вярнулі ў Беларусь.
Такое рашэнне было прынята для таго, каб жывёлы як мага хутчэй вярнуліся ў пункт адпраўлення, замест таго, каб здзяйсняць доўгі шлях у Германію.
«Перавозка такой колькасці жывёл у такой цеснай прасторы ў адным аўтамабілі — адзін з рэдкіх выпадкаў, якія здараліся ў маёй рабочай практыцы. У вялікіх клетках стаялі скрыні, у якіх змяшчаліся кошкі, побач з якімі знаходзіліся розныя староннія прадметы. Скрынкі былі занадта малыя, каты не маглі свабодна перасоўвацца, ім не хапала месца нават для таго, каб зручна легчы на падлогу і адпачыць», — распавяла кансультант Дэпартамент памежнага кантролю Міністэрства ўнутраных спраў і камунікацый Крысціна Дайноўскіце-Шусціке.
Паводле яе слоў, у аўтамабілі не было туалетных латкоў, а яны неабходныя для таго, каб належным чынам забяспечыць умовы догляду за жывёламі і гігіену.
Аб гэтай сітуацыі будуць праінфармаваныя дзяржаўныя кампетэнтныя службы Германіі, а таксама латвійскія службы, паколькі перавозчык быў з Латвіі.
Інфармацыя таксама будзе перададзена кампетэнтным органам іншых краін Еўрасаюза.
Каментары