Літаратура33

«Восем крокаў і назад». Кніга пра турму для дзяцей — гэта правільна?

Ці трэба малым расказваць пра турму? Новая кніга журналіста Алега Груздзіловіча «Прыгоды дзядзі Віці на Валадарцы» выклікае цяжкія пытанні, піша Зося Лугавая. 

Гэтая кніга — прэцэдэнт. Вялікі турэмны досвед — тое, што цяпер мы, беларусы, маем. Але як яго выкарыстоўваць правільна, а як — няправільна? Ці мусім мы «ў гэтым жыць»?

Кнігу Алега Груздзіловіча нельга назваць адназначна дзіцячай. Для разумення, пра што ў ёй ідзе гаворка, дзецям спатрэбяцца дарослыя.

Кніга складаецца з простых вершаў, якія аўтар пісаў у СІЗА сваім унукам, кароткіх нататак пра турэмны побыт і аўтарскіх замалёвак, якія дапаўняюць тэкст. Фармальна пра прыгоды на Валадарцы расказвае не Алег Груздзіловіч, а дзядзя Віця.

Дзядзя Віця яшчэ жвавы,
Хоць ужо не маладжавы.
Усё жыццё вусы насіў,
А сюды папаў і збрыў.

У люстэрка зазірне,
Сам сябе не пазнае.

Алег Груздзіловіч кажа, што вершы ён пісаў, каб патлумачыць унукам, дзе ён знаходзіцца і што з ім адбываецца. Толькі адзін верш быў напісаны ўжо пасля вызвалення. Празаічныя фрагменты створаныя, як можна зразумець, ужо пастфактум. У іх аўтар расказвае пра турэмны побыт, аддаючы перавагу больш-менш пазітыўным эпізодам. 

Па турме званок — аўрал!
Хутка прыйдзе генерал.
З ложкаў хлопцаў пазганялі,
Ручнікі папрыбіралі.

Дзядзя Віця дзень не спаў,
Не з’явіўся генерал.
А ў абед ім быў сюрпрыз:
Першы раз падалі рыс.

Значыць, не дарма чакала
Валадарка генерала.

Чаму ў турме становіцца надзвычай важна быць карысным іншым? Таму што тут, як нідзе, спрацоўвае правіла, пра якое мне з самага дзяцінства казалі бацькі: «стаўся да людзей так, як хочаш, каб ставіліся да цябе». У звычайным жыцці гэта можа і не заўсёды відавочна. Але ў турме яно працуе як гадзіннік. Падзелішся ты — падзеляцца з табой, дапаможаш ты — дапамогуць табе, паклапоцішся ты — паклапоцяцца пра цябе. Алег Груздзіловіч дае канкрэтныя прыклады таго, як гэта адбываецца. 

«Першы тыдзень майго сядзення на Валадарцы мы толькі пару разоў выходзілі на прагулку. На мой здзіў, не таму, што ахоўнікі не выконвалі сваіх абавязкаў, а з прычыны байкоту сукамернікаў. Адзін з хлопцаў быў хворы, а перад тым начальнік ізалятару абвясціў правіла, што гуляе абавязкова ўся камера, ніхто не можа застацца… Каб падтрымаць хворага, хлопцы казалі канваіру, які прыйшоў да камеры, каб выводзіць на прагулку: «Мы ўжо гулялі».

І быццам сумна без свежага паветра, але вось «дзядзя Віця» захварэў і спазнаў на сабе турэмную салідарнасць:

«Раптам сталася холадна, разбалелася горла, яўна паднялася тэмпература… Але яшчэ дзейнічала правіла «ўсе альбо ніхто» — і хлопцы дзеля мяне схлусілі ахоўнікам: «Мы гулялі». Хаця стаялі маразы, свяціла сонца, і кожны з іх яўна хацеў бы пабачыць блакітнае неба, але вось гэта — «Мы гулялі». 

Пра салідарнасць аўтар расказвае ледзь не ў кожнай празаічнай зацемцы: і тое, як сукамернікі дзеляцца лекамі, і як частуюць адно аднаго перадачамі, і як дапамагаюць навічкам з дзяжурствам па камеры. Бо ўсё мусіць быць зроблена адпаведным чынам і ў адпаведны час, інакш атрымаеш вымову. У сваю чаргу вымовы за што заўгодна — неахайна пагаліўся, не так паклаў падушку ці кнігу, развесіў бялізну сушыцца, — нагода паразмаўляць пра несправядлівасць і стварэнне дадатковых цяжкасцяў тым, хто залежыць ад цябе ў звычайным жыцці. 

Ці трэба пра турэмны досвед «дзядзі Віці» ведаць нейкім іншым дзецям, акрамя ўнукаў аўтара? Ці трэба пра гэта ведаць дзецям, якіх не закрануў такі досвед? Напэўна, хтосьці скажа, што не. Бо дзяцінства мусіць заставацца дзяцінствам: утульным, бяспечным, з цудамі і казкамі. Маўляў, дзеці яшчэ паспеюць сутыкнуцца з несправядлівасцю і жахамі дарослага свету. 

Але беларускія дзеці пад лукашэнкаўскім рэжымам ужо з імі сутыкнуліся. Яны бачылі, як у кватэру прыходзяць з ператрусам. Як б’юць тату, забіраюць маму, і яна не вяртаецца. Яны жывуць у чаканні і пры любой магчымасці загадваюць: каб тата вярнуўся, каб мама была дома. Альбо калі выехалі ў іншую краіну з-за пагрозы турмы для бацькоў. І нават калі гэта не закранула бацькоў, то закранула дзядзьку, суседа, аднакласніка. Схавацца ад гэтага кашмару складана. 

Што такое турма? Што там адбываецца? Хто тыя людзі, якія трапляюць у турму? Што са мной, з маімі бацькамі ці сваякамі не так, што нас хочуць пасадзіць у турму? Мы кепскія? Я, калі мае бацькі ў турме, кепскі? Гэтыя пытанні могуць заставацца непрамоўленнымі. Аднак гэта не значыць, што іх няма. Проста дзіцяці давядзецца шукаць адказы самому. І такія пошукі могуць аказацца значна больш траўматычнымі, чым сама праўда.

Кніга пра прыгоды дзядзі Віці дазваляе пагаварыць пра турму побытавай мовай. Без пафасу і, напэўна, нават без напружання. Людзі, якія трапляюць у турму, — гэта чыесьці таты, мамы, дзядулі, бабулі, браты, сёстры, дзеці. Што яны робяць разам? Намагаюцца захаваць сябе. Намагаюцца паразумецца і быць карыснымі адно аднаму. Таму што ў такіх умовах надзвычай важная падтрымка чалавека побач. Гэтыя таты і мамы пішуць і чытаюць лісты, чакаюць перадачы, чытаюць кнігі, ходзяць на шпацыры ў маленькіх унутраных дворыках, спрабуюць разгледзець неба ў маленькія акенцы, ядуць турэмную баланду, купляюць сціплыя слодычы ў турэмнай краме. У іх узнікаюць новыя задачы, з якімі яны раней не сутыкаліся: парэзаць хлеб без нажа і без нажа накрышыць салат; схаваць тое, што варта схаваць так, каб не знайшлі падчас праверкі. А яшчэ — не разгубіцца, не рассыпацца, падтрымаць сябе — кнігай, лістом, размовай, успамінам, фізкультурай.

Снег ідзе, калонкі граюць,
Вязні ў дворыку гуляюць.
Восем крокаў і назад —
Дзядзя Віця вельмі рад.

Ё гадзіна таўкатні
І з хлапцамі балбатні.

Як і дарослая, дзіцячая літаратура мае права рэагаваць на рэальнасць, дапамагаць асэнсоўваць тое, што адбываецца вакол. Часам у дарослых не стае слоў для такіх размоў. Але дзеці ўсё адно адчуваюць наш настрой, боль, трывогу. Дзіцячая літаратура можа дапамагчы знайсці словы і вобразы, каб гаварыць з дзецьмі пра траўматычны досвед. Больш за тое, праз візуальныя вобразы кніга можа перадаць тое, што складана фармулюецца. 

«Прыгоды дзядзі Віці на Валадарцы» — вельмі канкрэтная кніга. Тут няма складаных вобразаў, як і няма невыноснага болю і нечалавечай жорсткасці. Тут ёсць фармальны хэпі-энд: герой выйшаў на волю, напісаў і выдаў кнігу. Іншая рэч, што, пакуль за кратамі застаецца хаця б адзін палітычны вязень, пра сапраўдны хэпі-энд гаварыць не выпадае. Але каб ён надышоў, акурат і трэба гаварыць. 

Дзядзю Віцю возяць у суд,
Сёння ў яго прысуд.
Дзядзька ўначы падняўся,
У цішыні засабіраўся.

Мог ляжаць яшчэ паболей,
Не, сядзіць. Чакае волі.

Я не магу сказаць, што гэтая кніга ідэальна спраўляецца з задачай расказаць пра жыццё за кратамі. Яна занадта лаканічная, каб адказаць на ўсе пытанні нават для дзяцей. Вершы ў ёй вельмі простыя. 

Я прыхільніца таго, што пра ўсё можна і трэба гаварыць.

«Не забуду шэрых муроў, замазаных цэментавай рошчынай, тое, як праз цэмент дзе-нідзе праступалі чырвоныя цагліны з бел-чырвона-белымі сімваламі. Не забуду ламанай бетоннай падлогі ў плямах снегу з ледзяной, накоўзанай да бляску дарожкай. Мы кідалі снежкі адзін у аднаго, смяяліся як дзеці, снежкамі набілі на сцяне абрыс сэрца, напісалі на снезе на лавачцы «З Новым годам!»… Па вяртанні ў камеру я гадзіну ляжаў моўчкі на сваім другім паверсе. Уперачы вачыма ў шэрую столь, я бачыў скрозь яе блакітнае неба, якога ў той дзень не было».

Напрыканцы дадам, што кніга зроблена прыгожа і якасна. Прыемная шчыльная папера, зручны шрыфт, стылёвае аздабленне. Выдавец Яраслаў Іванюк расказваў, што не адразу атрымалася знайсці дызайнера, які б намацаў падыход да матэрыялу. Але Уладзімер Міхневіч і Studio Magenta такі падыход знайшлі. І атрымалася напраўду годная праца. У якасці ўступу кніга мае невялікі артыкул псіхолага Вольгі Вялічка. У ім яна абгрунтоўвае, чаму не варта ізаляваць дзяцей ад турэмнай тэмы. 

Алег Груздзіловіч. Прыгоды дзядзі Віці на Валадарцы. — Беласток: Фонд Kamunikat.org, 2024. Ілюстрацыі — Алег Груздзіловіч, дызайн — Studio Magenta

Каментары3

  • Брэст
    05.12.2024
    Вось куды ты Лукашэнка нас завёў (((
  • Лепрекон
    06.12.2024
    Фашистский концлагерь - вот что значит лукашистская РБ!
  • Беня
    06.12.2024
    Искусство учит прекрасному.

Былы адказны за ахову ўсіх пасольстваў на тэрыторыі Беларусі атрымаў крымінальны тэрмін — але з нюансам

Былы адказны за ахову ўсіх пасольстваў на тэрыторыі Беларусі атрымаў крымінальны тэрмін — але з нюансам

Усе навіны →
Усе навіны

У Кітаі здарыўся землятрус. Дзясяткі загінулых2

«Кот Кеша праходзіў суразмоўе з гаспадарамі кватэры». Беларусы распавялі пра свой кранальны досвед эміграцыі разам з жывёламі

Дзяўчына робіць беларускамоўныя каверы на папулярныя песні. Выбар некаторых артыстаў здзіўляе31

Кароль Даніі ўпершыню за 50 гадоў памяняў герб краіны на фоне выказванняў Трампа18

Блогеры пажылі ва ўсіх палацах і замках Беларусі і склалі свой рэйтынг з цэнамі11

Чарга на беларуска-польскай мяжы пераваліла за 2500 аўто2

«Святкуйце сваю індывідуальнасць». Поп-зорка нулявых Нэлі Фуртада паказала, як змянілася за гэтыя гады19

Дзе ў Еўропе лепш за ўсё інвеставаць у нерухомасць у 2025 годзе?4

Трыумф Латвіі: анімацыйны фільм пра ката стаў лепшым нават за мульцік ад Pixar, самы касавы ў гісторыі3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Былы адказны за ахову ўсіх пасольстваў на тэрыторыі Беларусі атрымаў крымінальны тэрмін — але з нюансам

Былы адказны за ахову ўсіх пасольстваў на тэрыторыі Беларусі атрымаў крымінальны тэрмін — але з нюансам

Галоўнае
Усе навіны →