«2640 рублёў за 2 дні». Як блогерка абыходзіць забарону на манетызацыю тыктоку ў Беларусі
Афіцыйна зарабляць на тыктоку ў Беларусі нельга. Як і для Расіі, для нашай краіны адключана манетызацыя. Беларуская блогерка не толькі знайшла варыянт абысці перашкоду, але і прадае еўрапейскія акаўнты блогерам-пачаткоўцам.
Крысціна Левіна — даволі вядомая ў Беларусі вытворца драўляных сумачак з ручным роспісам (яна стварыла ўласны брэнд Moluzela). Дзяўчына таксама навучае стварэнню такіх сумачак, а яшчэ вядзе кансультацыі па асабістым брэндзе.
На акаўнты блогеркі ў інстаграме і тыктоку падпісаныя дзясяткі тысяч чалавек. І на гэтым прадпрымальная дзяўчына таксама ўжо зарабляе. Падключыць манетызацыю тыктоку ў яе атрымалася ў жніўні (прыйшлося завесці акаўнт, аўтар якога быццам бы знаходзіцца ў Францыі). Крысціна распавядала, што першыя тры месяцы зарабляла дадаткова на сацыяльнай сетцы каля 90 еўра штомесяц. Потым ужо па 200 еўра за 11 дзён.
Цяпер дзяўчына хваліцца, што прыкладна 30% сваёй іпатэкі (яна набыла кватэру ў «Зялёнай гавані») закрывае прыбыткамі з тыктоку. Да здымак відэа блогерка падключыла нават сваю бабулю, якая пагадзілася з’яўляцца ў кадры. За два дні на 5 відэа з яе ўдзелам Крысціна зарабіла 715 еўра, ці каля 2640 рублёў.
Крысціна прадае «французскія» акаўнты ў тыктоку для блогераў з Беларусі і Расіі, якія хочуць зарабляць у папулярнай сацыяльнай сетцы. Тлумачыць, што дае доступ да пустога акаўнту, чалавек паступова залівае туды свае відэа, а калі ў яго атрымаецца назбіраць 10 тысяч падпісчыкаў, пачынае атрымліваць грошы ад тыктоку.
— На карэйскім акаўнце трэба, дарэчы, набраць 50 тысяч падпісчыкаў. Рабіце французскі акаўнт, пакуль правілы не змяніліся.
Калі ў кастрычніку Крысціна прадавала «французскія» акаўнты за 70 еўра, то цяпер яна хоча за кожную старонку па 120. Тым, хто набудзе акаўнт праз яе пасярэдніцтва, яна таксама абяцае даць кантакты людзей, якія дапамогуць вывесці грошы.
— За 120 еўра вы атрымліваеце не проста акаўнт. Я заўсёды на сувязі са сваімі пакупнікамі. Тэхнічныя праблемы, баны, пацвярджэнне асобы, памятка па выкарыстанні акаўнта ў першыя 10 дзён, кантакты пасярэдніка (які выводзіць грошы на карту бяспечна за 20 хвілін). І мільён пытанняў, якія ў вас потым узнікаюць, таму што страшна і вы як сляпыя кацяняты ў гэтым.
Каментары
🇨🇳 Во дзе навіна! Тыктокам не карыстаюся, і заўжды здавалася, што для РБ у ім гарыць вельмі зялёнае сьвятло. Як жа так кітайскія таварышы пракінулі сваіх верных сябрукоў? :)