Грамадства44

Мінчукі атрымалі балгарскую шэнгенскую візу, але за дзень да паездкі яе анулявалі

У студзені Марына з мужам планавалі з'ездзіць у Еўропу. Пад паездку яны атрымалі балгарскую шэнгенскую візу. І ўсё ішло паводле плану, аднак за дзень да выезду ім на пошту прыйшоў ліст з амбасады. У ім паведамлялася, што іх візы ануляваныя. Сям'я мяркуе, што гэта звязана з адменай броні гатэля, піша «Люстэрка».

Марына (у мэтах бяспекі імя суразмоўцы зменена) з мужам з Мінска. У 2024 годзе яны звярнуліся да пасярэдніка па дапамогу ў афармленні шэнгенскай візы. Яе сям'і трэба было атрымаць як найхутчэй, таму ў фірме ім прапанавалі два варыянты.

Першы — звярнуцца ў консульства Іспаніі. Але, як успамінае Марына, для гэтага спатрэбілася б альбо «пару тыдняў пачакаць», альбо самім з'ездзіць з дакументамі ў Маскву. Другі — падаць дакументы на балгарскі шэнген у Менску. На ім муж і жонка акурат і спыніліся.

«Балгары тады давалі візы вельмі добра, — успамінае суразмоўца. — Адмоваў практычна не было».

На падачу сям'ю запісвала агенцтва. Яно ж аплачвала бронь гатэля ў Балгарыі. Аперацыю рабілі з расійскага рахунку, праз што ў візавым цэнтры да пары ўзніклі пытанні.

«Для доказу, што аплата сапраўды прайшла, у нас папрасілі пацвярджэнне з банка. Мы яго далі, — працягвае Марына. — Дзяўчынкі ўзялі дакументы, але папярэдзілі: сітуацыя стромная, скажам так. Гэта значыць, на броні акцэнт быў зроблены яшчэ тады».

Нягледзячы на гэта, праз месяц сям'ю чакалі добрыя навіны: візы ім далі. Прычым на той тэрмін, які яны прасілі. Агулам за паслугі пасярэдніка разам з консульскім зборам яны заплацілі 1000 рублёў.

Паездка была запланаваная на студзень, з гэтага месяца шэнген і пачынаў дзейнічаць. Скарыстацца з яго можна было на працягу некалькіх месяцаў.

«У снежні знаёмыя расказалі, што былі сітуацыі, калі людзі прыязджалі на мяжу і іх разварочвалі. Казалі: «Вашы візы ануляваныя». Я напісала ў агенцтва, каб удакладніць, ці праўда такое здараецца? — успамінае мінчанка. — Яны адказалі, што такое сапраўды цяпер часам адбываецца. Сказалі, калі адносна нас вырашылі правесці праверку і ануляваць наш шэнген, то нам паведамяць па электроннай пошце. Таму папрасілі абавязкова правяраць мэйл, а таксама папку «Спам» — глядзець, ці не прыходзіў ліст».

«Мяркуем, яны правяралі, ці сапраўды мы едзем у іх краіну»

У студзені 2025-га, калі здавалася, што ўсё добра, пара сапраўды атрымала ліст з консульства Балгарыі. Адбылося гэта за дзень да таго, як іх шэнген пачынаў дзейнічаць. У лісце было адзначана, што іхнія візы анулююцца, паколькі «не было пададзена абгрунтаванне мэты і ўмоў меркаванага знаходжання», а таксама «ёсць абгрунтаваныя сумневы адносна дакладнасці пададзеных пацвярджальных дакументаў або дакладнасці іх кантактаў». На падставе чаго консульства зрабіла такую выснову, не адзначаецца.

Марына адразу ж напісала ў агенцтва. Там ёй адказалі, што «Балгарыя стала вельмі старанна адсочваць менавіта мэтавае выкарыстанне візы», і зрабіць з ануляваннем нічога нельга.

«Мы пачалі высвятляць у знаёмых, у каго ёсць версіі, чаму так адбылося. Паколькі гаворка ідзе пра «мэтавае выкарыстанне», мяркуем, яны правяралі, ці сапраўды мы едзем у іх краіну, — разважае суразмоўца. — Наколькі памятаю, шмат гадоў таму ўжо такое было. Тады ад чалавека патрабавалася абавязкова перасячы мяжу краіны, чый шэнген ён атрымаў, пажыць там у гатэлі. Чула, італьянцы цяпер таксама пра гэта папярэджваюць тых, хто ў іх атрымліваў візы».

Жанчына не хавае, што яны з мужам сапраўды не збіраліся ў Балгарыю. Сям'я планавала наведаць Чарнагорыю, куды беларусам віза не патрэбная. Аднак, каб лётаць туды з Польшчы ці Літвы, патрабавалася перасячы мяжу ЕС, для гэтага і патрэбен быў шэнген. Таму, калі агенцтва-пасярэднік прапанавала адмяніць бронь гатэля, пара не была супраць.

Калі дакладна пасярэднік гэта зрабіў, Марына не ведае. Мяркуе, што адразу, як толькі кліенты атрымалі візы.

«Падрабязнасці ў агенцтва мы не ўдакладнялі, таму што нам патрабавалася тэрмінова вырашаць пытанне з паездкай», — адзначае суразмоўца.

Як у консульстве маглі даведацца, што сям'я не збіраецца ў Балгарыю? Адказу на гэтае пытанне беларуска не ведае.

«Паколькі ехаць мы збіраліся на машыне, то падавалі маршрут руху. У ім былі пазначаныя гарады, якія збіраліся праязджаць. Думаю, звязацца з гатэлямі ў гэтых гарадах і спытаць, ці браніравалі мы там нешта, не склала б працы, — дзеліцца здагадкамі жанчына. — Магчыма, іх насцярожыла, што паездка на невялікі тэрмін, а дабрацца нам трэба да Балгарыі».

Нягледзячы на складаную сітуацыю, свае планы паехаць у Еўропу сям'я ўсё ж такі ажыццявіла. Праўда, у Чарнагорыю яны ляцелі з перасадкамі. Хоць надзея не рабіць такі круг была.

Атрымаўшы адмову ад консульства, Марына ўдакладніла ў агенцтва, ці змогуць яны зноў падавацца на шэнген. Там адказалі, што так. На іх думку, самы хуткі варыянт — запісацца ў Маскве на іспанскую візу.

«На іх думку, гэта б заняло арыенціровачна паўтара месяца, — кажа суразмоўца. — Потым мы вырашылі пракансультавацца яшчэ з адной спецыялісткай, якая займаецца візамі. Яе меркаванне: «Пакуль нават не суньцеся. Вы 100 працэнтаў страціце час, любое пасольства вам адмовіць». Адзінае выключэнне яна рабіла для Германіі, але папярэдзіла, што чакаць прыйдзецца месяцаў з 18».

Дарэчы, абмяркоўваючы гэтую сітуацыю са знаёмымі, сям'я высветліла, што ў іх коле былі людзі, якія шмат гадоў таму таксама сутыкаліся з падобнымі сітуацыямі. Гэта былі адзінкавыя выпадкі.

«Знаёмая, якая некалькі гадоў таму праз гэта праходзіла, сказала, што пасля такой гісторыі лепш падавацца хоць бы праз паўгода-год і ісці да італьянцаў», — адзначае Марына.

Ці прасіла сям'я, каб агенцтва-пасярэднік вярнула ім грошы, бо візы анулявалі? Муж Марыны адказвае, што хацелася б, але яны гэтага не рабілі.

«Па-першае, не было часу, патрабавалася хутчэй паехаць, — кажа мужчына. — А па-другое, фактычна яны сваю паслугу выканалі, хоць і дрэнна, няякасна. Вырашаць пытанне давялося б праз суд, а не хацелася».

Каментары4

  • Рацыя
    24.01.2025
    Столькі грошай прас..лі! Маглі б у беларускі санаторый з'ездзіць. Усё адно ў Чарнагорыі ў студзені не лета.
  • Абы не свое
    24.01.2025
    Рацыя, Ничего вы понимаете. Люди объездили пол света, поплавали в сливах многих курортных помоек, а что у соседа за забором творится, и какая там речка 150 метров от дома течет - абсолютно до фонаря.
  • Ноўнэйм
    24.01.2025
    "Мы пачалі высвятляць у знаёмых, у каго ёсць версіі, чаму так адбылося."
    Не, ну вы сур'ёзна?)

Цяпер чытаюць

Дрон прыляцеў у пасажырскі аўтобус на мяжы Расіі і Беларусі14

Дрон прыляцеў у пасажырскі аўтобус на мяжы Расіі і Беларусі

Усе навіны →
Усе навіны

Уладзімір Каранік у Інданезіі папазіраваў у знакамітай мясцовай кашулі ФОТАФАКТ5

У Нараўлянскім раёне знайшлі раней невядомую абарончую вежу часоў ВКЛ5

Валожын накрыла магутная залева ВІДЭА1

На вуду расійскіх пранкераў трапіў дарадца прэзідэнта Літвы1

Навукоўцы ўжо зафіксавалі рэкордную тэмпературу Сусветнага акіяна3

На чэмпіянаце свету была блізкая сенсацыя. Зборная Англіі ледзь уратавалася ад кангалезцаў2

Міністэрства абароны Расіі заявіла, што Украіна ўпершыню ўжыла балістычную ракету вялікай далёкасці12

Калі крама можа адмовіцца прыняць назад ці абмяняць няношанае адзенне? Патлумачылі ў МАРГ1

Загінуў 34‑гадовы Антон Арцямёнак, складальнік слоўніка беларускіх футбольных тэрмінаў5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Дрон прыляцеў у пасажырскі аўтобус на мяжы Расіі і Беларусі14

Дрон прыляцеў у пасажырскі аўтобус на мяжы Расіі і Беларусі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць