На аўкцыённай пляцоўцы Беларускай універсальнай таварнай біржы зноў збіраюцца прадаваць будынак былога бернардзінскага кляштара ў Дуброўне. Гэта ўжо далёка не першыя таргі, і калі раней за будынак спрабавалі ўзяць хоць нейкія грошы, то цяпер гатовыя аддаць усяго за адну базавую велічыню, піша Blizko.by.

Будынак агульнай плошчай 456,6 квадратнага метра быў узведзены яшчэ ў XIX стагоддзі. Паколькі будынак манастыра з'яўляецца помнікам гісторыка-культурнай спадчыны, то купец абавязваецца выконваць пэўныя патрабаванні ў частцы аховы гэтай спадчыны.
Разам з кляштарам пакупнік атрымае ў арэнду на 50 гадоў прылеглую тэрыторыю. У апісанні лота сказана, што выкарыстоўваць зямельны ўчастак можна для размяшчэння аб'ектаў жыллёвага будаўніцтва, адміністрацыйнага прызначэння, гатэльнага прызначэння, фізкультурна-аздараўленчага прызначэння, рознічнага гандлю, культурна-асветнага і (або) відовішчнага прызначэння і іншай прадпрымальніцкай дзейнасці.
Спачатку кляштар выставілі на таргі ў кастрычніку 2024 года. Тады за яго хацелі 371 000 рублёў. Таргі не адбыліся, і аб'ект перавыставілі са зніжэннем кошту: за 74 200 рублёў (гэта значыць, кошт знізілі роўна ў 5 разоў, або на 80%). Але і па гэтай цане ў студзені аўкцыён не адбыўся па прычыне адсутнасці заявак.
Цяпер кляштар перавыстаўлены на таргі ўсяго за 1 базавую велічыню, або 42 рублі. Такім чынам, адносна першапачатковай цаны кошт знізіўся ў 8833 разы.
Першы крок таргоў складае 2,1 рубля. Акрамя таго, пераможца павінен будзе пакрыць выдаткі на правядзенне таргоў: 100 рублёў. Такім чынам, стаць уладальнікам манастыра можна мінімум за 144,1 рубля, або прыкладна за 46 даляраў ЗША.
Таргі прызначаныя на 30 красавіка 2025 года.
Цяпер чытаюць
«Галоўнае не забываць падзараджаць не толькі тэлефон, але і сябе самога». Як украінскі вайсковец жыве з двума электрастымулятарамі. І што ў яго з сэксам?
Каментары