Больш за два месяцы невядома, дзе спікерка Каардынацыйнай рады. Кіраўнік «Байпола» прапанаваў экзатычную версію яе знікнення: Мельнікава паляцела адпачываць на Кубу, там яе затрымалі і перадалі ў Беларусь, піша «Белсат».

Вядома, што Мельнікава планавала адпачынак, інфармавала пра гэта паплечнікаў, пра гэта казаў у тым ліку Латушка. На думку Азарава, яна магла нейкі час пабыць у Лондане з дзецьмі, а потым паляцець з Брытаніі на Кубу — самалёты з Лондану туды лётаюць.
«У 2022 годзе я сустракаўся з Анжалікаю на эканамічным форуме ў Карпачы, і яна расказвала, што ездзіць адпачываць на Кубу, — згадвае Азараў. — Яна тады толькі нядаўна прыляцела, паказвала цыгары адтуль, казала, што ёй вельмі спадабалася, і Куба — вельмі танная краіна, там цудоўны адпачынак. Ездзіла, з ейных словаў, адна».
Калі ёй спадабалася на Кубе і мінулым разам з ёю там нічога не здарылася, а цяпер яна збіралася ў новы адпачынак, то магла зноў паляцець на Кубу, мяркуе Азараў. Кажа, Куба была ягонаю першаю здагадкаю, калі пачуў пра знікненне Мельнікавай. Ён падкрэслівае: гэта не факт, а менавіта здагадка, ды лічыць гэта найбольш імавернаю версіяй.
«Вядома, я быў здзіўлены, як яна наважылася паехаць у краіну, якая сябруе з Лукашэнкам, — адзначае Азараў. — Але ў 2022 годзе яна была проста работніцай офісу Паўла Латушкі, яна не ўзначальвала Каардынацыйнай рады».
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары