Эканоміка99

Рэальныя заробкі ў Беларусі растуць, нават у бюджэтнікаў. У якой сферы рост найбольшы?

Заробкі ў Беларусі працягваюць расці. Сярэдні за ліпень склаў 2772 рублі (2384 на рукі), а ў Мінску — 3686 рублёў (каля 3170 на рукі — гэта прыкладна 1070 даляраў). Еўразійскі банк развіцця заўважае, што і рэальныя заробкі прыкметна растуць, асабліва ў бюджэтнікаў. Спыталі ў эканаміста, як доўга будзе гэта тэндэнцыя і якія галіны адчуваюць сябе найбольш упэўнена.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Чаму заробкі растуць

Прычын росту заробкаў некалькі. Сярод іх — рост макраэканамічных паказчыкаў і ВУП, а таксама складаная дэмаграфічная сітуацыя і міграцыя працаздольнага насельніцтва. Кампаніі і прадпрыемствы адчуваюць дэфіцыт кадраў. Каб прыцягнуць спецыялістаў, яны вымушаныя павышаць зарплату.

Разам з тым эксперт BEROC Настасся Лузгіна звяртае ўвагу, што тэмпы росту заробкаў запавольваюцца.

«Летась за студзень-ліпень рост рэальнага заробку склаў 13,3%, за аналагічны перыяд гэтага года — плюс 10,5%.

Калі браць перыяд ліпень да ліпеня, то ў 2024 годзе прырост склаў 15,4% у адносінах да ліпеня 2023 года. Цяпер гэты паказчык знізіўся да 7,6%. Тым не менш рост захоўваецца, і па некаторых галінах яго тэмпы застаюцца досыць высокімі», — адзначае эканаміст.

Дзе зарабляюць больш за ўсіх

Што тычыцца лідараў па заробках, то на першым месцы сярод галін традыцыйна «дзейнасць паветранага транспарту» (7,5 тысячы рублёў у ліпені) і «інфармацыйныя тэхналогіі і дзейнасць у сферы інфармацыйнага абследавання».

Сярэдні налічаны заробак у IT у ліпені склаў 7,2 тысячы рублёў.

Пры гэтым у рэальным выражэнні заробак у сектары за год знізіўся на 4,2% (у адносінах да ліпеня мінулага года). Лузгіна тлумачыць гэта тым, што магчымасці развіцця IT не такія, як былі 5-6 гадоў таму. На дынаміку заробкаў айцішнікаў хутчэй за ўсё ўплывае зніжэнне курсу даляра да рубля, паколькі зарплата некаторых спецыялістаў можа залежыць ад курсаў валют.

Лідарам жа па тэмпах росту рэальных даходаў стаў будаўнічы сектар — плюс 16,3% за год.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: Мінскбуд

Па Мінску заробкі ў будаўніцтве складаюць 4166 рублёў (3583 на рукі) і саступаюць толькі такім галінам, як «інфармацыя і сувязь», «дзейнасць паветранага транспарту» і «фінансавая і страхавая дзейнасць».

Будаўніцтва Лузгіна называе адным з асноўных цяперашніх драйвераў беларускай эканомікі.

Рост рэальных даходаў у пары з даступнымі крэдытамі прыкметна ўплывае на рынак нерухомасці. Цэны растуць рэкорднымі тэмпамі. Аднак тут немалаважную ролю адыгрывае і той факт, што цэны на нерухомасць у Беларусі прывязаныя да даляра, які прыкметна прасеў у дачыненні да беларускага рубля. У выніку атрымалася, што, нягледзячы на рост цаны, для сярэднестатыстычнага менчука квадрат стаў амаль на 10% даступней.

У прамысловасці сітуацыя ўскладняецца 

«Акрамя будаўніцтва, высокія тэмпы росту рэальных заробкаў назіраюцца ў дзяржкіраванні — 14,5% за год.

А вось у прамысловасці мы бачым сур'ёзнае запаволенне — да +4,9%, што ніжэй за сярэдні паказчык. Так адбываецца, паколькі многія прадпрыемствы дасягнулі мяжы свайго абароту. Складскія запасы растуць, маюцца складанасці з экспартам тавараў», — адзначае эксперт.

Прадукцыйнасць працы ў прамысловасці па-ранейшаму расце павольней, чым рост заробкі.

«Разрыў паміж узроўнем росту заробкаў і прадукцыйнасцю працы застаецца вялікім. За першае паўгоддзе прадукцыйнасць вырасла ўсяго на 2%, а заробкі на той момант выраслі на 11%. Для параўнання: летась рост прадукцыйнасці працы быў на ўзроўні 5,3%.

Гэта з'яўляецца важным момантам, чаму кампаніі не могуць захоўваць ранейшы рост тэмпаў заробкаў, нягледзячы на дэфіцыт кадраў, паколькі гэта будзе прыводзіць да росту выдаткаў. Атрымліваецца, што яны дасягнулі пэўнай столі», — тлумачыць эканаміст.

Чаго чакаць у будучыні?

На думку Лузгіной, далей захаваецца ўсё тая ж тэндэнцыя, калі рэальныя даходы працягнуць расці, але тэмпы росту будуць зніжацца.

Напрыклад, з восені варта чакаць павелічэння заробкаў у бюджэтнікаў, паколькі вырасла базавая стаўка.

«А вось у прамысловасці па вышэй указаных прычынах чакаць паскарэння росту рэальных заробкаў не варта», — лічыць эксперт.

Каментары9

  • даведка
    02.09.2025
    В строительстве реально зарплаты стали такими, каких никогда ранее не было.
    Строители, которые стали получать по две тысячи долларов в месяц, тратят их на дорогие машины, а квартиры-малосемейки в провинции резко подорожали.
    Люди живут одним днём, не понимая, что в один момент это всё схлопнется...
  • Ох
    02.09.2025
    даведка, Все в жизни в один момент схлопнется, раз - и темнота. Вопрос как скоро. Минск пухнет от денег уже четвертый год, обложенная санкциями россиюшка заливает кэшем. Очередной привет санкционистам.
  • Питон
    02.09.2025
    даведка, было уже.. "лакамациу" луканомики (страицели) сошел с рельс в свое время.. ходили все печальные.. но решили на теже грабли встать.. ждем расплаты..

Цяпер чытаюць

Той самы масажыст расказаў, навошта здымаў голых кліентак2

Той самы масажыст расказаў, навошта здымаў голых кліентак

Усе навіны →
Усе навіны

Палякі разабралі на мяжы аўтамабіль жонкі важнага беларускага чыноўніка. У пошуках наркотыкаў13

У Мінску 1 і 2 кастрычніка будуць перакрываць рух. Спіс вуліц1

У Малінаўцы прадалі платную паркоўку на аўтарынку— цана ўражвае

Кіраўніка аддзела Support Desk Technologies асудзілі на пяць гадоў калоніі — меркавана, за данаты на падтрымку Украіны6

У Эстоніі мужчына ўзламаў чужую кватэру, каб забраць свайго ката1

Apple абнавіла спадарожнікавыя здымкі Мінска. Цяпер гэта самыя свежыя касмічныя здымкі сталіцы2

«Шаўрон можна зняць толькі з майго халоднага цела». Добраахвотнік «Соня» — пра тое, чаму вайна для яго стала надзеяй31

Паўднёвакарэйская разведка расказала пра здароўе Кім Чэн Ына2

Крышціяну Раналду завяршыў кар'еру ў зборнай Партугаліі?

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Той самы масажыст расказаў, навошта здымаў голых кліентак2

Той самы масажыст расказаў, навошта здымаў голых кліентак

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць