Сяргей Астравец. Праз гарадзенскія акуляры

Экзарцысцкая соль

Сяргей Астравец узгадвае на сваім блогу Салжаніцына і нябесную канцылярыю.

Нам сёньня патрэбна экзарцысцкая соль. Ці я памыляюся? Хаця за іншых гаварыць ня варта. Скажу прыватна. Якой не шкада солі? Не-не, толькі не буйной марской, якая нібы крышталі ў хімічнай лябараторыі. Лепей прасьцейшай, сярмяжнай, адпаведна, скажам, іхняму нутру, што плябейскім засталося, не зважаючы на дыплёмы, на гарадзкі асфальт і на дотык да абраза ці да расьпяцьця, напрыклад.

Выходжу на Гарадніцу, тамака аднойчы знаёмыя стаялі размаўлялі. І вось адзін гаворыць зьнячэўку: цябе моладзь называе… і вымаўляе вядомае кінапрозьвішча белагвардэйскага палкоўніка. Ніколі ня думаў, што мянушку маю. Аднак, халера, цалкам нядрэнную, можна сказаць. Ну хоць гэта, каб ня ўпасьці ўнутры вачэй уласных, ясна. Прыблізна так выказваўся часам знаёмы жмогус калісьці. «Езус Марыя!» — гэта ж ад яго ў мяне (ці хутчэй ад настаўніцы мовы Гражыны Мар’янаўны). «Ня ўпасьці гразьзю ў твар» — таксама іхняя прымаўка. Ясна, яны ж нярускія, як і мы, зрэшты, але з намі іншы выпадак, супрацьлеглы, аднак ня будзем адхіляцца.

Заходжу да знаёмага ў старую камяніцу, кажа: бачу цябе часам цераз вакно, некаторых можа раздражняць, скажам, твая пастава, твая вонкава самадастатковасьць. Што зробіш! Зазіраючы ў інтэрнэт: ніколі ня ведаў, што ў Прыбалтыцы школу закончыў… Што зробіш! Ты на іх і падобны чымсьці сваёй стрыманасьцю бадай, паводзінамі… Добра, няхай, я й сам ведаю, ці адчуваю часам, ускосна хай. Напаткаеш бывала салодкую парачку, паздароўкаешся першы, «дабрыдзень» вам, з зычлівай усьмешкай, не па-савецку. І ўсьведамляеш затым, што ўсьмешку тваю ўспрымаюць за няшчырую, бо не чакаюць шчырай.

Нячаста са мной такое здаралася: выклікаць непрыхільнасьць, нянавісьць у адказ на ўсьмешку ці на годныя паводзіны, пералічыць на некалькіх пальцах можна. Перш успамінаецца капітан Шлянгман, які абураны не раўнуючы скрынка, у адказ на маўчаньне, на маўклівы погляд яму ў вочы, затым — убок. Праблема ломанава яйца ня стоіла, а ў яго твар скажоны, быццам я жаўнер нейкага бундэсвэру ці хаця б рэмень маю, выбачайце, на яйцах — па-дзядоўску.

Пасьля начнога дзяжурства павінен быў дрыхнуць у казарме, але ўперад -міса кашы, цыліндрык масла ад хлебарэза-ачкарыка, пара кавалкаў рафінаду і рэдкі салдацкі чаёк. А ён на мяне соннага і галоднага «наехаў», як скрынка любіць выражацца. Чаму няголены? «На сябе паглядзеў бы лепей!» — у думках апатычна агрызаўся я, не вымаўляючы нічога. Напэўна ён чакаў, каб пачаў прыніжацца, нешта тлумачыць, прасіць прабачэньня ўрэшце. Дальбог: папросту кіпяціўся, ну выкапаная скрынка! Я відаць усьведамляў у тую хвілю, што распальваю яго менавіта, што не рэагую. Што да скрынкі, мы час-часам рэагуем спантанна: рагочам спачатку, затым гасім. (Ня памятаю, да слова, ці ён загадаў мне неадкладна пагаліцца?).

Можа мае здагадкі, але супадзеньне надта дзіўнае. Шлянгман быў чужаком, у нас у казарме кіравалі хахлы-маёры. І раптам той, што нампаліт, заяўляе: быццам бы я быў у самаходзе, ха-ха, па-цывільнаму, у джынсах (адкуль?!) і ён мяне застукаў. Сапраўдная падэсьць! А-а, і называе, паразіт, — дзень, час і месца. І ў мяне шчырая думка тады: няўжо гэтак нажэрся, бо сьвята ж — СА і ВМФ… Але такія ня п’юць, ці крышку толькі, рэдкасьць, ясна, але факт. Так, становішча даволі фантасмагарычнае: бачыў і ўсё, хоць яго страляй! Дзякуй сяржанту Пільвінскаму, шкада — забыўся — якое меў імя (памятаю толькі адкуль быў). Вацлаў? Вацлавам хутчэй быў яфрэйтар Збарашэўскі (Бог мой, ці ня ў Войску Польскім гэта адбывалася?).

Ды не, у родным савецкім, але гэта ўсё свае хлопцы, нашыя. Сутычкі здараліся з іншымі: са згаданым маёрам-хахлом, са Шлянгманам, які зьнянацку замяніў яго на пасадзе (можаце сабе ўявіць маё становішча!), успамінаецца і зайздросьлівы хахол-Мыкола, які настучаў па-здрадніцку на мяне нашаму палкоўніку. Што да ўкраінцаў, з імі праблемаў у мяне не існавала, наколькі памятаю, хаця і сяброў асаблівых не прыгадаю. З прыбалтамі некаторымі добра сышоўся, хоць у нас іх было вобмаль (ці можна так сказаць?). З русакамі знаходзіў агульную мову, малочна-тварожнай вайны у нас дакладна не было. Сяржанта Буніна памятаю, масквіча, далікатны чалавек. Воўка Сухаў з-пад Масквы мне на розьвіт зрабіў настольны прыбор пісьмовы, вытачыў шклянку мэталічную для алоўкаў і пёраў, каб я пісаў. Вось я й пішу, але сіх-тых раздражняе. Што ж, няхай.

Успамінаецца яшчэ прапаршчык Амбараў, ён мне нагадваў прускую муштру рускага цара сваімі паказамі на плацы — «Дзелай раз! Дзелай два!» Ён укладаў у шыхтавую ўсяго сябе, ён і быў жаўнерыкам, якога завялі ключом са сьпіны, і ён аўтаматычна, але заўзята выконвае крокі-рухі-шыхт-практыкаваньні з асалодаю і з пустымі вачыма. Ён вывучыў два нямецкія словы, пабываўшы за мяжою, — грос-бух і яшчэ нейкае і вельмі часта іх паўтараў. Ён быў нашым вучыцелем і ён абазваў мяне аднойчы Салжаніцыным, калі выцягнулі цэнзурна мой нататнік. Мне было толькі 18.

Я яшчэ чуў мянушку ад двух-трох дзядоў — «Салжаніцын», але хіба ўжо з меншым асуджэньнем, зьдзіўлена-няўхвальна. Словам, я атрымаў ярлык. Прозьвішча тады было якраз на слыху. Ня памятаю як, але нататнік мне вярнулі, пэўна на «Архіпэляг» зьместам усё ж не цягнуў… Пазьней пачаў рабіць свае вайсковыя запісы ў тоўстым сшытку, літаратурныя спробы, карацей, слова «Салжаніцын», якоесьці цыбульнае, алоэснае, заставалася ў галаве, але дзесь на ўскрайку, у сьпіжарні.

…Збаў нас ад злога і адпусьці нам грахі нашы, як і мы прабачаем вінаватым нашым. Так, ён ня супраць мабыць, калі мы да яго зьвяртаемся. Загваздка ў іншым. Яны застаюцца зацятымі, яны ня вераць у шчырасьць, у прабачэньне, яны ня маюць у ім патрэбы, ім гэта нецікава, іх гэта толькі раздражняць можа. У іх, скажам, адчуваецца нейкая хібнасьць. Так, я быў задумаўся: чаму? Таму што ў іхнім жыцьці штось ня так. Разумееце? Чаму не сунімаецца скрынка? З той жа нагоды. І калі ў кагось звонку ўсё так, яны не утаймуюцца. Тваё прабачэньне — як ад сьценкі гарох, ня болей. У гэтым соль, не экзарцысцкая, ясна.

З пэўнага часу я трымаю ў кішэні мяшэчак з той сольлю экзарцысцкай. Калі іду вуліцай, сьціскаю яго часам. Але ня ведаю, ці не ашукваю сам сябе, ці не прыцягвае яна ў такім варыянце, наадварот, увагу ўсіх пакрыўджаных на сябе саміх? Такіх пытаньняў звычайна не задаюць ксяндзам. Праўда, у адным нашым касьцёле ёсьць сувязь з нябеснай канцылярыяй, пра што нямногім вядома, але існуюць праблемы з доступам, апроч таго я ў лаціне ні бум-бум.

Што да Шлянгмана, ён мне на арывэдэрчы характарыстыку выпісаў: індывідуаліст, ганарлівы, на заўвагі не рэагуе — нейкую падобную лухту. А пры чым тут гэта? Уся рэч хутчэй у нашым сьцішана-стрыманым крывіцкім духу, хочацца сказаць нават — гарце, але занадта прыгожа, літаратурна, ды разам — сурова, па-нямецку яксьці гучыць. А крывічы з немцамі — зусім ня дзеці розных народаў. Самалёт Бэрлін-Менск, да слова, нават у халодную вайну існаваў, хаця гэта ўжо зусім з іншай оперы, я-я, Гот міт унз.

Каментары

У Беларусі з'явіўся народны паэт7

У Беларусі з'явіўся народны паэт

Усе навіны →
Усе навіны

Сёння — чарговы суд над палітзняволеным журналістам Ігарам Карнеем. Некалькі месяцаў яго трымаюць у памяшканні камернага тыпу1

Колькі беларусам трэба для камфортнага жыцця?3

Як у Мінску запалілі галоўную ёлку ФОТЫ4

Ва Украіне паспяхова выпрабаваная новая ракета «Рута»3

Запісацца на візу хутчэй можна праз «радары». Пра што размова?7

Былы міністр абароны Паўднёвай Карэі спрабаваў скончыць жыццё самагубствам

Расійскія Таганрог і Бранск падвергнуліся атацы2

Марафон рэпрэсій не спыняецца. Паказваем жахлівыя лічбы8

Спікер парламента Наталля Качанава разбіралася з ляхавіцкай маршруткай4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Беларусі з'явіўся народны паэт7

У Беларусі з'явіўся народны паэт

Галоўнае
Усе навіны →