Усяго патроху3333

Польскі блогер наведаў Беларусь — некаторыя яго высновы вас здзівяць

Польскі ютуб-канал Tanie podróżowanie («Танныя падарожжы») выпусціў серыю відэа пра тое, як бюджэтна падарожнічаць па Беларусі. Найпапулярнейшым аказаўся выпуск пра Мінск — у сталіцы польскі блогер знайшоў шакуючыя цэны, акунуўся ў начное жыццё і набыў мерч Лукашэнкі.

Фота: кадр з відэа

У канала Tanie podróżowanie на сёння больш за 89 тысяч падпісчыкаў. Мяркуючы па сацсетках канала, у падарожжы звычайна выпраўляюцца два чалавекі — аўтар канала са спадарожніцай.

Верагодна, у Беларусь блогеры прыязджалі яшчэ летам, бо пра гэта сведчаць іх лёгкае адзенне і стан прыроды ў кадры. Але выклалі ролікі яны толькі цяпер.

Цяпер на канале ёсць дзевяць відэа з таго падарожжа, здзейсненага на кемперы. Блогеры наведалі Брэст і Брэсцкую крэпасць, Белавежскую пушчу, руіны канцлагера часоў міжваеннай Польшчы «Бяроза-Картузская», возера Свіцязь і Мірскі замак.

Але найбольш папулярным аказаўся ролік пра Мінск — ён набраў за чатыры дні 96 тысяч праглядаў.

Пачынаецца відэа з таго, што блогеры пакідаюць кемпер і едуць у цэнтр горада на грамадскім транспарце. Першае, што іх зачапіла, — новы будынак «Белэкспа»:

«Паглядзіце, які прыгожы будынак можна ўзвесці без датацый ЕС. Няма тут ніякіх шыльдаў, ніякага сіняга сцяга з залатымі зоркамі».

Фота: кадр з відэа

Не прайшоў паляк і міма БелАЗа, што стаяў на вуліцы каля «Белэкспа», а потым выправіўся ў паездку да Курапатаў. Яшчэ адна славутасць, якую наведаў блогер — мінскае метро.

«Усё гэта выглядае як нешта з 1980-х. Здаецца, з таго часу нічога не змянілася. Вагон страшна трасе, пакуль ты едзеш, але ёсць трохі настальгіі. У Варшаве такога больш не знойдзеш», — апісвае ён паездку.

Паказаўшы трохі сталінак на праспекце Незалежнасці, паляк выправіўся на Зыбіцкую, каб пазнаёміцца з мінскім начным жыццём. Шпацыр навёў яго на філасофскія думкі:

«Зусім не падобна да правінцыйнай Беларусі. Калі беларус з вёскі прыязджае сюды, ён, напэўна, думае, што трапіў у іншае вымярэнне, бо тут усё сапраўды выглядае інакш. Калі параўнаць гэта з месцамі, якія вы можаце пабачыць у іншых частках гэтай серыі [пра Беларусь], то гэта як дзве розныя краіны».

Фота: кадр з відэа

Яшчэ адно назіранне паляка: хаця на вуліцах тады яшчэ летняга Мінска шмат людзей, але ў пабах не так шматлюдна. Ён здзіўляецца: магчыма, у мінчукоў няма грошай на пабы?

Мінск мужчына лічыць касмапалітычным горадам. І робіць вельмі нечаканую заўвагу:

«Яшчэ мяне здзівіла, што ў метро я пабачыў некалькі аднаполых пар, і мужчынскіх, і жаночых. Не памятаю, каб у Варшаве я бачыў дзвюх дзяўчат, якія б дэманстратыўна цалаваліся, ці двух хлопцаў, якія б трымаліся за рукі на вуліцы […] Зразумела, што ніхто гэтага не хавае, тут пануе поўная талерантнасць».

Фота: кадр з відэа

Пасля шпацыру па горадзе паляк пайшоў на закупы — для гэтага ён абраў гандлёвы цэнтр «Сталіца». І зноў, як і ў выпадку з пабамі, мужчына адзначыў, што людзей там няшмат. Зноў вінаватыя цэны? Сам паляк пайшоў са «Сталіцы» толькі з адным набыткам: з усіх крамаў ён выбраў краму з мерчам Лукашэнкі, дзе купіў сабе цішотку з выявай палітыка.

На думку блогера, у Мінску шмат кітайскіх рэстаранаў, але ж ён усё-такі знайшоў сабе еўрапейскую ежу. За гародніну з бульбай на грылі, дранікі са смятанай і піва аматар бюджэтных падарожжаў аддаў 78 рублёў. Яго выснова трохі смешная — стравы на смак былі дрэнныя, і гатаваў іх, відаць, беларус.

З усіх музеяў Мінска блогер выбраў для наведвання Музей Вялікай Айчыннай вайны. Уражанні ў яго прыемныя:

«Чакаў пабачыць тут савецкі бетонны блок, але ж не. Нават Музей сучаснага мастацтва ў Варшаве не пасаромеўся б мець такі дызайн».

Фота: кадр з відэа

Паляку спадабалася экспазіцыя, ён правёў у музеі тры гадзіны і падрабязна расказаў пра яго. Але адна заўвага да музея ў яго ўсё ж ёсць.

Яна датычыць пачатку Другой сусветнай: на адной з таблічак у музеі расказваюць пра тое, што вайна пачалася 1 верасня 1939 года, але не кажуць ні слова пра тое, што 17 верасня 1939‑га на тэрыторыю тагачаснай Польшчы ўвайшлі савецкія войскі. Блогер прайшоўся па музеі — у яго склалася ўражанне, што падзеі другой паловы верасня 1939 года стваральнікі музея вырашылі цалкам прапусціць.

У канцы выпуску паляк знайшоў некалькі добрых словаў, каб апісаць уражанні ад Мінска:

«Гэта не тыповы шэры і бетонны камуністычны горад, як можна было б падумаць, нічога такога. Тут вельмі шмат зеляніны і прасторы. Гэта тое, чаго асабіста мне ў апошні час вельмі бракуе ў Польшчы, бо ў нас звужаюць дарогі, робяць палосы для аўтобусаў, пракладаюць нейкія там веласцежкі.

Глядзіце, а тут [на дарозе] тры паласы ў кожны бок, ёсць яшчэ месца на вялікі газон абапал, на тратуар і веласцежку, і ніхто не ставіць тут будынкі каля самай дарогі».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары33

  • Беларусь богатая страна
    28.11.2025
    Беларусы всегда жили богаче Поляков. Сейчас и цены на квартиры в Минске догонят и обгонят варшавские.
  • Тутэйшы аглядальнік
    28.11.2025
    Рэжым прадаставіў відэа з дронаў..і параіў рэкламаваць жыццё ў Беларусі...але ня хлебам толькі жыве чалавек
  • Эва
    28.11.2025
    Во бачыце, чалавеку ня трэба аўтобусы і нейкія веласцежкі. Брацкі народ!

Цяпер чытаюць

Другі вайсковец, які загінуў пры аварыі МАЗа пад Асіповічамі — 21‑гадовы тэнісіст з Віцебска1

Другі вайсковец, які загінуў пры аварыі МАЗа пад Асіповічамі — 21‑гадовы тэнісіст з Віцебска

Усе навіны →
Усе навіны

Беластоцкага актывіста Вайцяхоўскага, які вярнуўся ў Беларусь праз камісію па вяртанні і інтэрв'ю БТ, абвясцілі яшчэ і тэрарыстам9

Манашкі разбурылі ў Навагрудку школу, якую пабудавалі святыя мучаніцы, і цяпер просяць грошы на навабуд19

У Кіраве быў атакаваны завод «Авітэк»

200 чалавек за дзень. Што вядома пра страты Расіі ва Украіне да канца ліпеня?8

Новы трэнд сярод падлеткаў — расшпіленыя джынсы27

Мазырскі НПЗ трапіў пад санкцыі ЕС8

Зяленскі сустрэнецца з Трампам на наступным тыдні

Латушка перадасць інфармацыю пра Мельнікаву польскай пракуратуры12

Чаму грэнландская акула жыве да 400 гадоў?7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Другі вайсковец, які загінуў пры аварыі МАЗа пад Асіповічамі — 21‑гадовы тэнісіст з Віцебска1

Другі вайсковец, які загінуў пры аварыі МАЗа пад Асіповічамі — 21‑гадовы тэнісіст з Віцебска

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць