Шрайбман: Пасля вайны ва Украіне Расія можа адправіць свае войскі ў Беларусь
Заканчэнне вайны ва Украіне можа абярнуцца для Беларусі новымі ваеннымі і эканамічнымі пагрозамі. Расія можа размясціць на беларускай тэрыторыі частку свайго войска, а беларускія прадпрыемствы — страціць даходы ад расейскіх вайсковых заказаў. Такім меркаваннем у эфіры «Раніцы з Белсатам» падзяліўся палітычны аналітык Арцём Шрайбман.

Расійскіх вайскоўцаў сустракаюць у Беларусі. Студзень 2023 года. Фота: Канстанцін Бяляўскі / «Ваяр»
На думку Арцёма Шрайбмана, пасля заканчэння вайны Расея можа захаваць значную частку свайго войска і выкарыстоўваць Беларусь для яго размяшчэння. Пры гэтым гаворка неабавязкова ідзе аб падрыхтоўцы новага наступу.
«Калі ў Расіі па выніку гэтай вайны застанецца магчымасць падтрымліваць мабілізацыйны патэнцыял і гэтую армію, якую яны не захочуць адразу дэмабілізаваць, увесь мільён пускаць у Расею, яе трэба накіраваць кудысьці», — кажа аналітык.
Расейскіх вайскоўцаў могуць адправіць у Беларусь для вучэнняў, адпачынку або аднаўлення. Такім чынам Масква зможа працягваць ствараць напружанасць на ўсходнім флангу NATO нават пасля спынення баявых дзеянняў, мяркуе Шрайбман.
Аднак магчыма развіццё падзей і ў больш пазітыўным ключы, бо разам са сканчэннем вайны знікае рызыка, што Беларусь будзе ў яе ўцягнутая.
«Гэта можа дазволіць нават (Аляксандру) Лукашэнку балансаваць трохі актыўней, чым ён балансуе сёння. Мы можам пабачыць большыя саступкі па палітвязнях, мы можам пабачыць большыя саступкі па рэчах, якія былі заблакаваныя праз вайну».
Агулам, як будзе развівацца сітуацыя для Беларусі, вельмі залежыць ад таго, ці працягне Масква сваю агрэсіўную палітыку пасля вайны. Калі так, то нічога добрага для Беларусі і яе суверэнітэту быць не можа.
«Але калі разлікі расійскай улады змяняюцца, і яна лічыць, што ўсё, мы надарваліся, ці хопіць займацца гэтым прынамсі на дзесяцігоддзі, — гэта акно мажлівасцяў для беларускай незалежнасці, для беларускага суверэнітэту. Таму што нават беларуская цяперашняя ўлада, любая беларуская ўлада зможа дазволіць сабе больш у сітуацыі калі ні Расея, ні Украіна, ні заходнія суседзі, не ўспрымаюць яе як ваенны плацдарм», — падкрэслівае суразмоўца.
Для эканомікі Беларусі дрэнныя навіны
Заканчэнне вайны можа прынесці Беларусі і эканамічны спад. Цяпер беларускія прадпрыемствы атрымліваюць заказы, звязаныя з патрэбамі расейскай ваеннай прамысловасці. Пасля вайны гэтыя даходы могуць скараціцца, а заходнія санкцыі супраць Беларусі — захавацца.
«Можа атрымацца такая пастка, калі дэградуе расейскі ВПК, але санкцыі не знятыя, і крыніцы росту для беларускай эканомікі не відавочныя. Ужо цяпер рост рост вельмі маленькі — каля 2%.
Думаю, гэта тая часовая пастка, якую Лукашэнка, дарэчы, хоча перадухіліць, і мне здаецца, гэтым таксама выкліканы ягоны дыпламатычны актывізм апошняга года — паўтара гадоў», — кажа Шрайбман.
Акрамя таго, Расея можа скараціць эканамічную падтрымку Беларусі, паколькі тая перастане адыгрываць такую важную ролю ў забеспячэнні вайсковых патрэбаў Масквы. Паводле апошніх заяваў Лукашэнкі аналітык зрабіў выснову, што ідэальным сцэнарам для палітыка было б астыванне стасункаў на расейскім вектары, але адраджэнне еўрапейскага кірунку.
Што Лукашэнка можа прапанаваць, акрамя кавы?
Пакуль вайна не скончана Лукашэнку зноў прапануе зрабіць Менск пляцоўкай мірных перамоў па Украіне, а таксама ўдзельнічаць у іх. Шрайбман мяркуе, што палітык спрабуе паўтарыць поспех 2014‑2015 гадоў, калі перамовы ў Менску дапамаглі яму выйсці з міжнароднай ізаляцыі.
Аднак цяпер у Лукашэнкі няма пераканаўчых аргументаў на карысць правядзення перамоваў у Беларусі. Існуюць іншыя пляцоўкі — напрыклад, Турцыя, Аўстрыя або Швейцарыя.
Шрайбман таксама сумняваецца, што беларускія ўлады змогуць прапанаваць удзельнікам перамоваў нешта істотнае:
«Што можа пакласці (на стол перамоваў) Аляксандр Рыгоравіч, акрамя кавы, калі гэта праходзіць у Менску? Вось гэта вялікае пытанне, на якое ў яго зараз няма адказу».
Пры гэтым Беларусь можа працягваць удзельнічаць у тэхнічных і гуманітарных працэсах, напрыклад, у арганізацыі абменаў палоннымі або вяртання грамадзянскіх.
«Лукашэнка падключыцца, калі трэба будзе нешта арганізаваць тэхнічна на зямлі, але для гэтага не трэба сядзець у пакоі (падчас перамоваў)», — рэзюмуе Арцём Шрайбман.
Каментары
Короче, прекрасная аналитика Артём, мощно получилось.