Усяго патроху55

Чаму некаторыя людзі заўсёды спазняюцца? Вызначылі пяць чыннікаў

Некаторыя людзі спазняюцца заўсёды — і гэта зусім не азначае адсутнасць павагі да іншых. Псіхалогія і біялогія даюць свае адказы на пытанне, што напраўду стаіць за хранічнай няздольнасцю прыйсці своечасова.

Ілюстрацыйны здымак: Kostiantyn Postumitenko / vecteezy.com

Большасці з нас здаралася спазняцца, аднак для некаторых жыццё ў рэжыме пастаяннага браку часу становіцца нормай. Гэта выклікае заканамернае пытанне: чаму адны людзі быццам запраграмаваныя на затрымкі, а іншыя лічаць пунктуальнасць святым абавязкам? У гэтай праблеме разбіраецца National Geographic, аналізуючы меркаванні экспертаў і вынікі навуковых даследаванняў.

Як адзначаюць аўтары, калі ранейшыя працы не знаходзілі прамой сувязі паміж спазненнямі і нейкай адной рысай характару, то сучасная навука апісвае больш складаную карціну. На здольнасць прыходзіць своечасова ўплывае цэлы комплекс чыннікаў: псіхалагічныя схільнасці, індывідуальныя «ўнутраныя гадзіннікі» і нават біялагічныя адрозненні.

Разуменне гэтых механізмаў важнейшае, чым здаецца. Пунктуальнасць працуе як сацыяльная база, дэманструючы павагу да часу іншых. Калі мы згаджаемся быць у пэўным месцы ў пэўны час, то па сутнасці заключаем кантракт. Калі адзін чалавек пастаянна спазняецца, ён парушае гэты кантракт, што шкодзіць адносінам у цэлым, а не толькі ў канкрэтны момант.

Памылкі планавання

У канцы 1970‑х гадоў псіхолагі Даніэль Канеман і Амос Тверскі ўвялі паняцце «памылкі планавання». Яно апісвае схільнасць людзей заніжаць час, неабходны для выканання задачы, нават калі яны рабілі яе шмат разоў.

У аснове ляжыць свайго роду аптымізм — падсвядомая вера ў тое, што ўсё пойдзе па ідэальным сцэнарыі. Хаця гэтая ўласцівасць характэрная для большасці людзей, некаторыя пакутуюць ад яе мацней і не навучыліся свядома яе кампенсаваць.

Даследаванні паказваюць механізм: людзі, якія недаацэньваюць працягласць задач, асабліва тых, якія, на іх думку, знаходзяцца «пад кантролем», схільныя меркаваць, што могуць паскорыць кожны крок, і пакідаюць занадта малы запас часу на затрымкі, што ў выніку прыводзіць да спазненняў.

Фота: Milan Markovic / vecteezy.com

Нізкая добрасумленнасць

Вялікую ролю адыгрываюць і рысы асобы. Напрыклад, добрасумленнасць (адна з рыс так званай «Вялікай пяцёркі») найбольш моцна звязана з пунктуальнасцю: арганізаваныя, арыентаваныя на мэту і дысцыплінаваныя людзі спазняюцца значна радзей. Яны таксама ўважлівыя да дэталяў.

Метааналіз 2019 года паказаў: добрасумленнасць з'яўляецца найлепшым прадказальнікам агульнага жыццёвага поспеху сярод некагнітыўных характарыстык. Добрасумленныя людзі спантанна выпрацоўваюць звычкі, якія спрыяюць пунктуальнасці. Яны рыхтуюць, плануюць і структуруюць свой дзень.

Тыя ж, хто мае нізкую добрасумленнасць, часта сутыкаюцца з хаосам у арганізацыі і цяжкасцямі ў кіраванні часу.

Шматзадачнасць

Праблемы з часам таксама маюць тыя, хто любіць рабіць некалькі спраў адначасова — «поліхронікі». Даследаванні паказваюць, што такія людзі могуць спазняцца ў сярэднім на 15 хвілін больш, чым людзі, якія робяць усё паслядоўна. Навукоўцы тлумачаць: для такіх людзей бягучы момант, жывая размова ці працэс важнейшыя за расклад.

У поліхронных культурах, напрыклад, у многіх рэгіёнах Лацінскай Амерыкі і Блізкага Усходу, паводзінамі кіруе менавіта гэтая логіка, а не «ціканне гадзінніка». У такіх месцах ніколі не будуць рэзка перарываць размову, каб толькі прыйсці своечасова. Гэта лічылася б няветлівым і неэфектыўным.

Аднак у культурах, дзе час цэніцца высока (ЗША, Германія, Японія), такія паводзіны ўспрымаюцца як непавага ці безадказнасць.

Уплыў цыркадных рытмаў

Нельга ігнараваць і біялогію. Унутраны гадзіннік «соваў» часта не супадае з агульнапрынятым рытмам жыцця. Даследаванні ў галіне хранабіялогіі паказваюць, што ў іх выпрацоўка мелатаніну зрушана, з-за чаго раннія пад'ёмы становяцца кагнітыўна складанымі і фізічна цяжкімі. У выніку іх арганізму патрабуецца больш часу на «запуск», што прыводзіць да спешкі і затрымак.

 Фота: Kostiantyn Postumitenko / vecteezy.com

Прычым праблема не толькі ў ранніх сустрэчах. Разлад з біярытмамі звязваюць з імпульсіўнасцю і цяжкасцямі ў планаванні на працягу ўсяго дня.

Даследаванні паказваюць, што «совы» часцей прапускаюць дэдлайны, недаацэньваюць час, неабходны для падрыхтоўкі , і маюць большыя перапады канцэнтрацыі на працягу дня. У сукупнасці гэта павялічвае шанцы спазніцца — і далёка не толькі раніцай.

«Слепата да часу»

Для многіх людзей прычына хранічных спазненняў крыецца не ў рысах характару, а ў нейрабіялогіі. Існуе феномен, вядомы як «слепата да часу» — стан, калі ўнутранае адчуванне ходу хвілін і гадзін працуе інакш, чым у большасці.

Праз такое скажэнне ўспрымання плынь часу становіцца непрадказальнай: чалавек можа лёгка згубіцца ў момантах пераходу ад адной задачы да іншай або настолькі паглыбіцца ў працэс, што навакольны свет літаральна перастае існаваць.

Навуковыя даследаванні пацвярджаюць рэальнасць гэтай праблемы. Яна часта сустракаецца ў людзей з асаблівасцямі нейраразвіцця — такімі як сіндром дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасці, аўтызм, дыслексія, дыспраксія або парушэнні выканаўчых функцый.

Пры гэтых станах мозг можа скажаць успрыманне працягласці падзей, заніжаць неабходны на задачы час і ўскладняць выбудоўванне правільнай паслядоўнасці дзеянняў. У выніку нават пры вялікім жаданні чалавеку фізічна цяжка спланаваць усё так, каб паспець да дэдлайну.

Што рабіць?

Тым не менш эксперты ўпэўненыя: нават калі чалавек спазняўся ўсё жыццё, сітуацыю можна выправіць. Замест таго, каб спадзявацца толькі на сілу волі, спецыялісты раяць змяняць падыход да арганізацыі: выкарыстоўваць раннія апавяшчэнні і пакідаць запас часу.

Эфектыўны метад — дэталёва распісваць усе этапы, уключаючы пошук паркоўкі і шлях пешшу, і закладваць рэалістычны час на кожны з іх.

Аднак адказнасць ляжыць не толькі на тых, хто спазняецца. Пунктуальным людзям варта праявіць крыху гібкасці. Разуменне таго, што іншы чалавек проста іначай успрымае час і прыярытэты, а не спрабуе кагосьці пакрыўдзіць, можа значна знізіць колькасць канфліктаў.

Каментары5

  • Заўсёды гэта было так
    18.12.2025
    Невоспитанность.
  • Вяснячка з-пад Вушачы
    18.12.2025
    Заўсёды гэта было так, невоспітанность у сэнсе нябітасць? Ну так, у дзяцінстве ні разу не была бітая бацькамі, спазняюся паўсюль і заўсёды. Проста ня бачу сэнсу прыходзіць раней, гэты час можна выкарыстаць на патрэбныя справы, ды і форс-мажоры па дарозе ніхто не адмяняў 😉
  • эгаізм
    18.12.2025
    Вяснячка з-пад Вушачы , а на іншых людзей, якія замест сваіх патрэбных справаў чакаюць цябе, табе пляваць?

Цяпер чытаюць

Што вядома пра віцебчука, якога вінавацяць у спробе падрыву самалёта ў Германіі11

Што вядома пра віцебчука, якога вінавацяць у спробе падрыву самалёта ў Германіі

Усе навіны →
Усе навіны

Што вядома пра страты Расіі на вайне ва Украіне да кастрычніка?2

Познер: Захад хацеў справакаваць Пуціна, а Расія ў выніку пераможа62

«Свабода пераможа рабства». Статкевіч сустрэўся з прадстаўнікамі ЕС6

Нягледзячы на «цяжкае выгаранне» экс-канцлер Германіі Шродэр зоймецца стратэгічным суправаджэннем бізнэсу гіпермаркетаў у Расіі3

У Валгаградзе ўначы прагучалі выбухі: імаверна, гараць НПЗ і хімзавод «Каўстык»

Капібара збегла з заапарка. Тое, што адбылося далей, ператварылася ў паўгадавы дэтэктыў4

Навукоўцы знайшлі планету, якая круціцца вакол сваёй зоркі «не ў той бок». Як такое магчыма?1

Той самы масажыст расказаў, навошта здымаў голых кліентак35

«Ці ёсць сэнс за іх чапляцца?» Пуцін намякнуў пра гатоўнасць спыніць вайну, калі яму здадуць Данбас30

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што вядома пра віцебчука, якога вінавацяць у спробе падрыву самалёта ў Германіі11

Што вядома пра віцебчука, якога вінавацяць у спробе падрыву самалёта ў Германіі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць