Свет1111

У Расіі адмянілі яшчэ аднаго папулярнага коміка

Аляксей Шчарбакоў — былы спецназавец ГРУ і мантажнік метро, які зрабіў кар’еру на ТНТ і быў госцем у Юрыя Дудзя.

Аляксей Шчарбакоў. Фота: shcherbakov_alexei / Instagram

У Расіі раптоўна адмянілі канцэрты аднаго з самых вядомых гумарыстаў Аляксея Шчарбакова. З афіш зніклі яго сольныя выступы ў расійскіх гарадах, у тым ліку канцэрт у маскоўскай канцэртнай зале «Москва», які быў запланаваны на 2 красавіка. Пакупнікам квіткоў пачалі вяртаць грошы, а на сайце самога коміка цяпер не пазначана ніводнага выступу ў Расіі.

Шчарбакоў прыйшоў у гумар з зусім не творчай біяграфіяй. Будучы комік нарадзіўся ў падмаскоўным Звянігарадзе. Пасля заканчэння Маскоўскага інстытута кіравання ён служыў у 16‑й брыгадзе спецназу ГРУ, якая размяшчаецца ў Тамбове. Пасля дэмабілізацыі, каб утрымліваць сям’ю, малады чалавек працаваў адразу на дзвюх працах: днём на будоўлі, а ноччу — мантажнікам у маскоўскім метро.

Шлях у стэндап Шчарбакоў пачаў у 2012 годзе. У 2015‑м ён стаў рэзідэнтам папулярнага шоу Stand Up на тэлеканале ТНТ, якое і вывела яго на шырокую аўдыторыю.

Шырокую папулярнасць яму прынёс інтэрнэт-праект «Что было дальше?» — адно з самых папулярных рускамоўных гумарыстычных шоу на YouTube. Менавіта пасля запуску гэтага праекта ў 2019 годзе Шчарбакоў стаў адным з самых запатрабаваных комікаў Расіі. Яго пазнавальны вобраз — грубаваты «просты хлопец» з працоўным мінулым, які жартуе пра сям’ю, службу і штодзённае жыццё.

У 2020 годзе комік стаў госцем вялікага інтэрв’ю ў блогера Юрыя Дудзя. Размова сабрала дзясяткі мільёнаў праглядаў і яшчэ больш павялічыла яго вядомасць.

Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны Шчарбакоў публічна не каментаваў падзеі і ў сваіх выступах імкнуўся не закранаць палітычных тэм. Аднак пасля падзей у Курскай вобласці ён, паводле паведамленняў СМІ, прывозіў туды гуманітарную дапамогу мясцовым жыхарам.

Чаму менавіта цяпер былі адмененыя канцэрты, афіцыйна не паведамляецца. Адной з магчымых прычын называюць яго сяброўства з комікам Нурланам Сабуравым — вядоўцам праекта «Что было дальше?»

У мінулым годзе выступы Сабурава таксама пачалі адмяняць у розных гарадах Расіі. 6 лютага гэтага года коміка, які мае грамадзянства Казахстана, не пусцілі ў Расію і забаранілі яму ўезд на 50 гадоў. Пасля гэтага Шчарбакоў паляцеў у Казахстан і заявіў, што прыехаў наведаць сябра. Паводле некаторых паведамленняў, пасля гэтай паездкі стаўленне арганізатараў канцэртаў да яго рэзка змянілася і пачалася хваля адменаў.

Аднак іншыя нагадваюць, што праблемы ў коміка маглі пачацца яшчэ раней. У 2024 годзе Шчарбакоў актыўна гастраляваў і выступіў у 33 гарадах. У наступным годзе канцэртаў стала прыкладна ўдвая менш, а цяпер яны фактычна зусім зніклі з афіш.

Каментары11

  • Indrid Cold
    05.03.2026
    Быдла ватнік і гопнік. Іранічна
  • mamder
    05.03.2026
    Это тот, которого в Нью-Йорке не впустили в парк перед закрытием, и он записал на видео, как просит Пыню там все разбомбить?
  • Валенты
    06.03.2026
    mamder, у Санта-Моніка, Каліфорнія. Так, ён.

Цяпер чытаюць

«Беларусь перадусім». Што вядома пра 23‑гадовага афіцэра спецназа, якога асудзілі на 19 гадоў за «здраду дзяржаве»8

«Беларусь перадусім». Што вядома пра 23‑гадовага афіцэра спецназа, якога асудзілі на 19 гадоў за «здраду дзяржаве»

Усе навіны →
Усе навіны

Азаронак выступіў у гумарыстычным «ДХ шоу»17

У Мінску больш не будзе камерцыйнага долевага будаўніцтва3

Нетаньяху: Пасля ўдараў па «Яндэксе» колькасць антысеміцкіх ботаў скарацілася на 60%5

Затрыманы галоўны падазраваны ў падпале ратушы Ліможа: гэта левы радыкал21

Зяленскі: Амерыка вельмі хоча, але не можа спыніць Расію4

Як у Польшчы зарэгістраваць замежны дакумент?1

У Мінску 17‑гадовага алімпіядніка па гісторыі абвінавацілі ў рэабілітацыі нацызму14

На мяжы дзвюх Карэй расце напружанасць. Сеул прыгразіў Пхеньяну жорсткім адказам3

У Мінску хірургі прааперавалі мужчыну, які ў гэты час быў у іншай бальніцы

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Беларусь перадусім». Што вядома пра 23‑гадовага афіцэра спецназа, якога асудзілі на 19 гадоў за «здраду дзяржаве»8

«Беларусь перадусім». Што вядома пра 23‑гадовага афіцэра спецназа, якога асудзілі на 19 гадоў за «здраду дзяржаве»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць