У Іспаніі спынілі дзейнасць злачыннай групы, якая займалася крадзяжом машын прэміум-класа ў правінцыях Алікантэ і Валенсія, іх наступнай незаконнай легалізацыяй і продажам за мяжой. Пра гэта паведамляе радыё Cadena Ser са спасылкай на праваахоўныя органы, піша сайт «Беларусь и мир».

Расследаванне пачалося ў кастрычніку 2025 года пасля таго, як у горадзе Кампелья знайшлі аўтамабіль з падробленымі нумарнымі знакамі. Гэта ў выніку прывяло да ідэнтыфікацыі чатырох грамадзян беларускага паходжання ва ўзросце ад 40 да 50 гадоў, якія жылі ў гарадах Бенідорм і Лірыя.
Група дзейнічала паводле прадуманага плана і з выкарыстаннем тэхналогій. Злачынцы выбіралі транспартныя сродкі, ставілі GPS-трэкеры для адсочвання перамяшчэнняў, а затым, выкарыстоўваючы глушыцелі частот і складаныя электронныя сістэмы, адчынялі іх, не выклікаючы падазрэнняў.

Пасля крадзяжу машыны пакідалі на цэлыя тыдні прыпаркаванымі ў глухіх месцах. І толькі потым адганялі на канчатковыя пункты, дзе мянялі VIN-нумары, клеілі падробленыя ідэнтыфікацыйныя налепкі і атрымлівалі фальшывыя дакументы з іншых еўрапейскіх краін, рыхтуючы да вывазу.
Падчас паліцэйскай аперацыі праваахоўнікі прыйшлі ў кватэру ў Бенідорме, складское памяшканне ў Фінестраце і загарадны дом у Лірыі, дзе і праводзілася канчатковая «дапрацоўка» аўтамабіляў.
Чатырох беларусаў затрымалі. Акрамя таго, знайшлі восем скрадзеных машын і канфіскавалі вялікую колькасць спецыялізаванага абсталявання, якое магло быць выкарыстана для здзяйснення крадзяжоў.
Затрыманых, раней судзімых за аналагічныя дзеянні, падазраюць у крадзяжы з узломам, падробцы дакументаў і прыналежнасці да злачыннай арганізацыі. Яны застануцца пад вартай да суда. Расследаванне працягваецца.
Каментары