Грамадства7878

Пашпарты беларусаў, якія галасуюць на выбарах у КР, апрацуе кампанія, у якой апошнюю ўцечку выявілі ў 2026-м, а заснавальнікі — расіяне

Выбары ў Каардынацыйную раду маюць пачацца заўтра, 11 мая. Беларусам для ўдзелу неабходна будзе прайсці верыфікацыю: сфатаграфавацца і прыкласці свой пашпарт. Гэтыя даныя паступяць падрадчыку, кампаніі Sumsub. Але ці можна давяраць гэтай кампаніі? Пасля нязручных пытанняў «Нашай Нівы» выбарчая камісія збіраецца на пазачарговае пасяджэнне. 

Пры галасаванні на выбарах у Каардынацыйную раду арганізатарам трэба праверыць, ці выбаршчык сапраўды грамадзянін Беларусі і ці галасуе ён толькі адзін раз.

Для ідэнтыфікацыі выбаршчыка арганізатары нанялі падрадчыка, кампанію Sumsub. Беларусы, якія хочуць прагаласаваць, павінны будуць сфатаграваць свой дакумент і сябе. Гэтыя даныя паступяць у Sumsub. 

Арганізатары выбараў пераконваюць, што выбар кампаніі-падрадчыка правільны.

«Яны абвешаныя самымі разнастайнымі сертыфікатамі даверу. Туды не маем доступу ні мы, распрацоўшчыкі сістэмы галасавання, ні выбарчая камісія. Ніхто не можа пайсці туды і паглядзець гэтыя фота. Ці могуць яны самі некаму перадаць даныя? Я сумняюся. Яны выкарыстоўваюць шыфраванне ўжо ў сябе. Яны працуюць з дастаткова буйнымі кампаніямі. Для іх гісторыя любога выцеку будзе смяротнай. Мы выбралі самую вялікую, вядомую кампанію. Каб на іх немагчыма было націснуць», — тлумачыў выбар падрадчыка для апрацоўкі дадзеных Павел Лібер у інтэрв'ю «Свабодзе».

Але як яно насамрэч? 

Як высветліла «Наша Ніва», Sumsub не толькі не ўваходзіць у разрад «самых вялікіх і вядомых» кампаній на рынку падобных паслуг, а ўяўляе сабой арганізацыю з наборам чырвоных сцяжкоў, калі ацэньваць яе карпаратыўную гісторыю праз прызму беларускіх эмігранцкіх арганізацый.

Sumsub заснавана як стартап у 2015 годзе трыма братамі Севярухінымі. Першапачатковая бізнэс-мадэль — KYC-інструмент для крыптабіржаў і фінтэх-стартапаў.

KYC (Know Your Customer) — гэта тэрмін з фінансавай сферы. Тэхналогія па барацьбе з адмываннем сродкаў, якая дазваляе банкам і біржам дакладна ведаць, хто іх кліент, асабліва ў час анлайн-рэгістрацый. KYC правярае, што гэта за чалавек і ці той ён, кім сябе называе. Тэхнічна гэта робіцца праз здымак дакумента і параўнанне яго з асобай праз фота ці відэа.

Асноўныя офісы распрацоўкі Sumsub знаходзіліся ў Расіі, Севярухіны — якія сёння называюць сябе Северамі і сцвярджаюць, што маюць грамадзянства Ізраіля — вучыліся ў Расіі. 

У 2017 годзе кампанія Sumsub абвесціла пра інтэграцыю ў свой прадукт тэхналогіі распазнавання дакументаў ад Smart Engines LLC. Гэта расійская кампанія, заснаваная навукоўцамі Расійскай Акадэміі навук, чые тэхналогіі распазнавання дакументаў выкарыстоўваюцца ў расійскіх аэрапортах. Адначасова з гэтым Smart Engines распрацоўвала (і імаверна, працягвае гэтым займацца) ШІ-тэхналогіі для арміі, напрыклад, распазнаванне танкаў умоўнага ворага.

З гэтай тэхналогіяй Sumsub становіцца пазнавальным гульцом на рынку KYC, але як падрадчык крыптабіржаў. Большасць указаных на сайце Sumsub кліентаў — крыптастартапы і біржы, якія не маюць неабходных ліцэнзій для работы ў еўразоне. 

Расійскую распрацоўку для аналізу дакументаў Sumsub выкарыстоўвала мінімум да 2021 года. 

Пасля пачатку вайны кампанія заявіла, што спыніла дзейнасць у Расіі і Беларусі, а таксама што перайшла з тэхналогіі Smart Engines на іншую. На якую іншую тэхналогію перайшла кампанія, не ўдакладнялася. Заява была зробленая пасля таго як тэмай зацікаваліся журналісты і пасля абвінавачванняў з боку ўкранскіх кампаній па кібербяспецы. 

Сёння кампанія пазіцыянуе сябе як брытанская, але ў рэальнасці брытанская юрыдычная асоба Sum and Substance Ltd належыць кіпрскай Raritex Trade Ltd. 

Пасля публікацыі гэтага артыкула з намі звязалася прадстаўніца кампаніі, якая паведаміла, што з моманту заснавання Sumsub у 2015 годзе адзінымі канчатковымі бенефіцыярнымі ўласнікамі яе з'яўляюцца тры яе заснавальнікі — а менавіта Андрэй, Якаў і Пётр Северы. «Адрозненні ў напісанні імёнаў і прозвішчаў братоў тлумачацца гістарычнымі зменамі, унесенымі ў некаторыя іх дакументы, а таксама іх асабістымі перавагамі». «Raritex Trade Ltd таксама мае чатырох мінарытарных акцыянераў. Гэтыя акцыянеры не звязаныя паміж сабой; яны не маюць месцаў у нашым савеце дырэктараў і не ажыццяўляюць кантроль над нашай дзейнасцю; сярод іх канчатковых бенефіцыяраў няма палітычна значных асоб (PEP) або асоб пад санкцыямі; самі яны таксама не знаходзяцца пад санкцыямі; яны ніякім чынам не звязаныя з расійскім дзяржаўным апаратам. Ніхто з іх канчатковых бенефіцыяраў (асобы якіх мы не маем права раскрываць без пісьмовай згоды бакоў) не з’яўляецца адначасова бенефіцыярам Sumsub. Мы спадзяемся, што гэтай інфармацыі дастаткова, каб зняць любыя абгрунтаваныя асцярогі адносна складу акцыянераў Sumsub», — гаворыцца ў лісце, атрыманым «Нашай Нівай».

У пачатку 2026 года кампанія прызнала, што ў 2024 годзе ў яе сістэме былі трэція асобы, што ў выніку прывяло да кампраметацыі даных карыстальнікаў, у прыватнасці іх імёнаў. «Несанкцыянаваная актыўнасць была выяўленая рэтраспектыўна падчас праверкі бяспекі, праведзенай у студзені 2026 года», — паведамляла кампанія.

З улікам гэтых, а таксама сукупнасці іншых, драбнейшых фактараў, «Наша Ніва» звярнулася да Паўла Лібера з пытаннямі наконт выбару кампаніі Sumsub як партнёра.

Павел Лібер паведаміў, што па гэтым пытанні будзе сабрана пазапланавае пасяджэнне выбарчай камісіі Каардынацыйнай рады:

«Наша тэхнічная каманда (у гэтым выпадку я з'яўляюся адказным за гэта рашэнне) выбірала лідара рынку, які мае неабходныя сертыфікаты бяспекі + праводзілі тэсты на якасць распазнавання.

Sumsub — міжнародная кампанія з галоўным офісам у Лондане, якая прызнавалася кампаніяй Gartner лідарам у галіне KYC, плюс яна GDPR Compliant (гэта значыць, што кампанія прытрымліваецца правіл Еўрасаюза па зборы і захоўванні асабістых даных. — НН), мае сумесныя праекты з Інтэрпалам (у рэальнасці «сумесны праект з Інтэрпалам» — гэта выступленне на канферэнцыі, дзе былі супрацоўнікі Інтэрпала. — НН), ААН і добра прайшла ўсе тэсты па распазнаванні дакументаў.

Я працаваў з гэтай кампаніяй у тым ліку праз камерцыйныя праекты, і ніякіх пытанняў да якасці сэрвісу яна не выклікала. У 2022 кампанія адмовілася працаваць з Расіяй і Беларуссю.

Што тычыцца захавання звестак, то мы задавалі гэта пытанне ім асобна — для еўрапейскіх кампаній Sumsub выкарыстоўвае датацэнтр AWS у Германіі (з выкарыстаннем encrypted storage для чуллівых дадзеных), каб забяспечваць GDPR compliance.

Што датычыць пытання пра бенефіцыяраў, нам трэба самім удакладніць гэтыя даныя і абмеркаваць гэтую інфармацыю з выбарчай камісіяй, паколькі яна наўпрост уплывае на бяспеку і этычнасць выкарыстання Sumsub — мы правядзём праверку.

Дадаткова мы сёння правядзём пазапланавае пасяджэнне з ЦВК, каб абмеркаваць гэтую сітуацыю, пасяджэнне будзе адкрытым.

Адначасова мы праверылі яшчэ раз, што сам Sumsub сцвярджае пра спыненне працы з Расіяй і Беларуссю з 2022 і пра спыненне працы са Smart Engines у гэтым жа годзе на карысць уласнай тэхналогіі.

Астатнія даныя правяраем».

* * *

Удакладненні і дапаўненні

1) У пачатковай версіі артыкула гаварылася «Сёння кампанія пазіцыянуе сябе як брытанская, але ў рэальнасці брытанская юрыдычная асоба Sum and Substance Ltd належыць кіпрскай Raritex Trade Ltd. Хто ў рэальнасці кантралюе кампанію, мы не ведаем». У абноўленай версіі мы дадалі тлумачэнне, хто яе бенефіцыяры, атрыманае ад самой кампаніі.

Кіпрскі рэгістр не публічны, мы не маглі атрымаць гэтую інфармацыю самі.

2) У пачатковай версіі артыкула гаварылася, што ў «пачатку 2026 года кампанія пасля публікацый на хакерскіх форумах вымушана была прызнаць».

У сваім лісце кампанія патлумачыла, што інцыдэнт быў выяўлены і расследаваны самой кампаніяй Sumsub і гэта не было вымушана публікацыямі на хакерскіх форумах.

3) Публікацыя з Incrypted Media, працытаваная ў ранейшай версіі артыкула, грунтуецца на публікацыі выдання Rekt, якая была пазней выдаленая са старонкі гэтага выдання па пастанове суда аб прыняцці часовых мер да моманту канчатковага судовага рашэння.

Каментары78

  • SK
    10.05.2026
    Нівіраятна! Вы нівіраятныя!
  • Украінскі аглядальнік
    10.05.2026
    Лахануўся Павел Лібер з расейцамі вакол сумнеўнай кампаніі. Як кажа таварыш Мюлер : Штірліц, нікому не верце, мне можна.
  • 777
    10.05.2026
    Sumsub ---дык вось куды перайшла ЯРМОШЫНА....

Цяпер чытаюць

Сілавікі сцвярджаюць, што затрымалі двух мужчын за галасаванне на выбарах у КР. Але ці можна гэтаму верыць?15

Сілавікі сцвярджаюць, што затрымалі двух мужчын за галасаванне на выбарах у КР. Але ці можна гэтаму верыць?

Усе навіны →
Усе навіны

Аплявуха ва ўрадавым самалёце. Што магло выклікаць гнеў Брыжыт Макрон?4

21‑гадовага хлопца затрымалі за дыскусійныя каментарыі пра Другую сусветную вайну19

У ЗША аўтарку дзіцячай кнігі пра пераадоленне гора прысудзілі да пажыццёвага тэрміну за забойства мужа3

Як майстар-самавучка з Баранавічаў з дапамогай малатка стварае карціны на шкле1

На хутары ў Беларусі жыве дзік, які абажае «Снікерс»3

Купля кватэры праз кааператыў замест іпатэкі: як працуе сістэма, падобная да піраміды, і што кажуць удзельнікі і эксперт13

Махляры прыдумалі новую салідную арганізацыю, ад імя якой могуць тэлефанаваць6

Арыштаваны былы кіраўнік Офіса прэзідэнта Украіны Ярмак14

У Беларусі прапануюць дзікую паслугу — пахаваць жыўцом у лесе. Колькі каштуе?7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сілавікі сцвярджаюць, што затрымалі двух мужчын за галасаванне на выбарах у КР. Але ці можна гэтаму верыць?15

Сілавікі сцвярджаюць, што затрымалі двух мужчын за галасаванне на выбарах у КР. Але ці можна гэтаму верыць?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць