Здароўе11

Празмерныя фізічныя нагрузкі, і марафонскі бег у прыватнасці, могуць быць звязаныя з ракам тоўстай кішкі

Доўгі час лічылася, што рэгулярныя фізічныя нагрузкі зніжаюць рызыку большасці хранічных захворванняў, уключаючы рак. Аднак даследаванне амерыканскіх анколагаў выявіла ў кішэчніку маладых бегуноў-экстрэмалаў нечакана высокую частату з’яўлення паліпаў, якія з часам здольныя перарасці ў рак тоўстай кішкі.

Ілюстрацыйнае фота: Наша Ніва

Як піша The Washington Post, гісторыя даследавання пачалася ў 2019 годзе, калі доктар Цімаці Кэнан, сукіраўнік праграмы па лячэнні раку страўнікава-кішачнага тракту ў цэнтры Inova Schar Cancer (горад Фэрфакс, штат Вірджынія, ЗША), сутыкнуўся з трывожнай анамаліяй. За паўгода да яго трапілі тры маладыя пацыенты з запушчаным ракам тоўстай кішкі.

Гэта былі людзі ў ідэальнай фізічнай форме ва ўзросце 30—40 гадоў, і ў іх не было ніводнага традыцыйнага фактару рызыкі. Адзінае, што іх аб’ядноўвала, — апантанасць бегам на звышдоўгія дыстанцыі. Гэтыя бегуны рэгулярна ўдзельнічалі ў 100‑мільных (160 км) ультрамарафонах або штогод прабягалі па некалькі поўных марафонаў і паўмарафонаў.

Кэнан задаўся пытаннем: ці існуе нейкая сувязь паміж іх экстрэмальным захапленнем бегам і ракам тоўстай кішкі? Першапачаткова гэта здавалася малаверагодным, бо шматлікія даследаванні сведчаць, што ўмераныя фізічныя нагрузкі, наадварот, абараняюць арганізм ад каларэктальнага раку.

Напрыклад, маштабны аналіз даных амаль 1,5 мільёна чалавек у ЗША і Еўропе, апублікаваны ў 2016 годзе ў JAMA Internal Medicine, паказаў, што рэгулярныя практыкаванні зніжаюць рызыку каларэктальнага раку на 20%. Больш за тое, згодна з даследаваннем 2025 года, нават пасля перанесенай хваробы актыўны лад жыцця дапамагае пазбегнуць рэцыдываў.

Тым не менш, Кэнан западозрыў, што ў выпадку з ультрамарафонцамі гаворка ідзе пра нагрузкі такога маштабу, якія змяняюць саму біялогію кішэчніка.

Каб праверыць гэтую гіпотэзу, каманда навукоўцаў правяла даследаванне з удзелам 94 вопытных бегуноў векам ад 35 да 50 гадоў. Кожны з удзельнікаў меў за плячыма як мінімум пяць марафонаў або два ультрамарафоны (дыстанцыі, даўжэйшыя за стандартныя 42,2 км). Усім добраахвотнікам была праведзена каланаскапія.

Вынікі аказаліся нечаканымі: амаль у паловы ўдзельнікаў былі выяўлены паліпы (адэномы), а ў 15% — буйныя, запушчаныя ўтварэнні, якія з высокай імавернасцю могуць перарасці ў рак. Рак тоўстай кішкі на момант абследавання не быў выяўлены ні ў каго. Гэтыя лічбы значна перавышаюць статыстычную норму для гэтай пакаленчай групы, дзе частата паліпаў звычайна вагаецца ад 1,2 да 6%.

У чым прычына?

Біялагічны механізм гэтай з’явы можа крыцца ў асаблівасцях працы арганізма падчас шматгадзіннага напружання. Калі чалавек бяжыць ультрамарафон, яго цела перанакіроўвае асноўны паток крыві ад органаў стрававання да працуючых мышцаў ног. У выніку клеткі кішэчніка пакутуюць ад недахопу кіслароду і пажыўных рэчываў, што можа прыводзіць да іх гібелі і парушэння цэласнасці слізістай абалонкі.

Звычайна гэта правакуе запаленне і раздражненне. Многія марафонцы і ультрабегуны скардзяцца на млоснасць, ваніты, сутаргі, дыярэю або рэктальныя крывацёкі падчас і пасля працяглых дыстанцый. Пазней, у працэсе аднаўлення тканак, клеткі кішэчніка пачынаюць дзяліцца вельмі інтэнсіўна і хутка. Гэта павялічвае імавернасць мутацый, якія ў будучыні могуць прывесці да з’яўлення паліпаў і раку.

Паліпы ў тоўстай кішцы могуць гадамі не даваць сімптомаў, але з часам частка з іх здольная перарасці ў рак. Фота: thomsonmedical.com

Пакуль рана панікаваць

Нягледзячы на трывожныя даныя, навуковая супольнасць заклікае да ўзважанасці. Гэта даследаванне пакуль лічыцца невялікім і папярэднім, паколькі ў ім адсутнічала кантрольная група людзей, якія не займаюцца бегам.

Спецыялісты падкрэсліваюць: атрыманыя вынікі — гэта падстава для далейшага вывучэння, а не для панікі. Бег па-ранейшаму застаецца карысным для здароўя, бо ён паскарае метабалізм і пазітыўна ўплывае на мікрабіём кішэчніка ў большасці людзей. Найгоршым наступствам гэтай навіны магла б стаць поўная адмова ад фізічнай актыўнасці праз страх захварэць.

Важна разумець кантэкст: у апошнія гады колькасць выпадкаў раку тоўстай кішкі сярод людзей да 50 гадоў імкліва расце — незалежна ад таго, бегаюць яны ці не. Паводле даследавання, апублікаванага ў пачатку 2026 года ў часопісе JAMA, цяпер гэта асноўная прычына смерці ад раку ў гэтай узроставай групе, хоць яшчэ адно пакаленне таму гэтая хвароба займала толькі пятае месца. У сувязі з гэтым доктар Кэнан і яго калегі настойліва раяць атлетам-экстрэмалам не ігнараваць сігналы свайго цела.

Любыя працяглыя парушэнні працы страўнікава-кішачнага тракту або выпадкі крывацёку не павінны ўспрымацца як «нармальная частка жыцця бегуна». Своечасовая каланаскапія можа выратаваць жыццё.

Наперадзе ў Кэнана і яго калег больш маштабная праца з удзелам 300 бегуноў, а таксама групы кантролю. Навукоўцы хочуць вывучыць генетыку, харчаванне і стан мікрабіёму, каб зразумець, як гэтыя фактары ўзаемадзейнічаюць з бегам.

Даследчыкі таксама хочуць уключыць у праграму трыятланістаў і раварыстаў-прафесіяналаў. Гэта дапаможа высветліць, ці з’яўляецца прычынай менавіта бег, ці любая экстрэмальная нагрузка схіляе арганізм да ўтварэння паліпаў. І вядома, яны будуць назіраць за ўдзельнікамі, каб убачыць, ці разаўецца ў каго-небудзь з іх рак.

Каментары1

  • 453543
    05.06.2026
    Закон жыцця: "Co za dużo, to niezdrowo", "Што занадта, тое шкодна".

Цяпер чытаюць

ЗША другі вечар запар не папярэдзілі Украіну пра расійскія ракетныя ўдары па Кіеве11

ЗША другі вечар запар не папярэдзілі Украіну пра расійскія ракетныя ўдары па Кіеве

Усе навіны →
Усе навіны

Сырскі патлумачыў, чаму адправіў войскі ў Курскую вобласць, а не абараняць Пакроўск1

Румынія зноў перастала выдаваць візы беларусам. Трэці раз за год3

Ціханоўская паказала свае матуліны будні102

Пасланнікі Трампа заявілі Кіеву, што спрабуюць вярнуць Пуціна за стол перамоваў з дапамогай дызельнай здзелкі2

ЗША і Еўропа распрацоўваюць мірны план, які дасць Украіне гарантыі бяспекі, а Расіі — эканамічныя выгады24

Беларусу на 100 гадоў забаранілі ўезд у Расію — за ўдзел у мінскіх маршах 2020 года16

Цясляр з прымежнага Дзівіна кідаў кліентаў на грошы, а калі запахла смажаным, з'ехаў у Расію. І згінуў на фронце1

Ігар Карней: Будзе каманда — зробяць усё, каб і з годам трымаць у закладніках хоць пяцігодку, хоць болей

«А дзе ўсе?» Белдзяржцырк шукае адразу 15 работнікаў. У каментарах — шапіто6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

ЗША другі вечар запар не папярэдзілі Украіну пра расійскія ракетныя ўдары па Кіеве11

ЗША другі вечар запар не папярэдзілі Украіну пра расійскія ракетныя ўдары па Кіеве

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць