Наведванне прыгараднымі аўтобусамі маланаселеных вёсак хочуць зрабіць па заяўках. Ужо праводзіцца эксперымент
У Брэсцкай вобласці тэстуюць новую сістэму арганізацыі прыгарадных аўтобусных перавозак. Пілотны праект Міністэрства транспарту і камунікацый рэалізуюць у Маларыцкім раёне. Рух аўтобусаў тут залежыць ад папярэдніх заявак жыхароў маланаселеных вёсак, піша sb.by.

Каардынуе праект і распрацоўвае лагістычную мадэль КТУП «Брэстгартранс» — адзіны аператар пасажырскіх перавозак у рэгіёне.
Дырэктар прадпрыемства Аляксей Жогал патлумачыў, што галоўны прынцып новай сістэмы — рэагаваць на рэальны попыт. Калі жыхары аддаленых вёсак не пакідаюць заявак, аўтобус туды не заязджае, а рухаецца па асноўным маршруце праз прыпынкі са стабільным пасажырапатокам.
Гэта дазваляе скараціць выдаткі на нерэнтабельныя рэйсы. Пры гэтым жыхары вёсак захоўваюць магчымасць дабрацца да горада, а аўтапаркі пазбягаюць пустых прабегаў.
Маларыцкі раён выбралі для эксперыменту не выпадкова. Тут шмат невялікіх вёсак, дзе попыт на транспарт нестабільны або залежыць ад сезону. Адпраўляць туды вялікія аўтобусы паводле строгага раскладу эканамічна нявыгадна, але і пакідаць людзей без сувязі з райцэнтрам таксама нельга.
Для рэалізацыі праекта пры Маларыцкім райвыканкаме стварылі працоўную групу з удзелам прадстаўнікоў аператара «Брэстгартранс» і перавозчыка «Брэсцкі грамадскі транспарт». Спецыялісты прааналізавалі статыстыку перавозак і выбралі тры маршруты з найменшым пасажырапатокам — да вёсак Перавісь, Ацяты і Добрасава.
Намеснік старшыні Маларыцкага райвыканкама Дзмітрый Сцепанюк расказаў, што жыхары павінны за дзень да паездкі патэлефанаваць дыспетчару на адзіны нумар і пакінуць заяўку на пэўную дату. Інфармацыю адразу перадаюць перавозчыку. Аўтобус заедзе ў вёску нават дзеля аднаго пасажыра.
Перад запускам праекта мясцовых жыхароў праінфармавалі пра новыя правілы: іх патлумачылі старастам вёсак і старшыням сельсаветаў, правялі сходы грамадзян, размясцілі абвесткі на прыпынках, а таксама апублікавалі паведамленні ў раённай газеце і сацыяльных сетках.
Паводле Аляксея Жогала, калі заявак няма, маршрут скарачаюць. Аднак прадугледжаныя і гарантыі для пасажыраў.
Калі чалавек садзіцца ў аўтобус па дарозе ў населены пункт, куды той першапачаткова не планаваў заязджаць, або загадзя набывае квіток на гэты маршрут у аўтастанцыі, рэйс усё адно выконваецца цалкам.
Эксперымент ужо даў вынікі. З 1 кастрычніка дзякуючы новай сістэме сумарны прабег аўтобусаў скараціўся больш чым на 200 кіламетраў. Калі пілотны праект у Маларыцкім раёне прызнаюць паспяховым, сістэму перавозак па запыце могуць увесці і ў іншых рэгіёнах Беларусі.
Каментары