На рост цэн уплываюць адразу некалькі прычын.

Плюс 67% за чатыры месяцы
Аўтамабільныя запчасткі моцна падаражэлі ў першую чаргу праз тое, што з 19 ліпеня яны больш не знаходзяцца ў спісе тавараў, на якія распаўсюджваецца 713‑я пастанова — тая самая, пра рэгуляванне цэн. Праз гэта цэнаўтварэнне стала цалкам свабодным як для пастаўшчыкоў і дыстрыб'ютараў, так і для рознічных гандляроў.
Карыстальнік трэдсаў, які набываў запчасткі ў канцы красавіка, а наступны раз — у канцы жніўня, падзяліўся скрыншотамі, на якіх бачна, што кошык з аналагічнымі таварамі за чатыры месяцы падаражэў на 67%. Калі ў красавіку ён каштаваў яму 246 рублёў, то ўжо праз чатыры месяцы — 412 рублёў.
Больш за ўсё ў цане дадала катушка запальвання, за чатыры месяцы яна падаражэла роўна ўдвая. Паветраны фільтр вырас у цане з 9,20 да 16 рублёў, а чатыры свечкі запальвання — з 28,40 да 51 рубля.
Гэта і ёсць вынік таго, што цэны на запчасткі адпусцілі і цяпер кожнае звяно можа павышаць цану як хоча. Асабліва адчувальна выраслі цэны менавіта на недарагія пазіцыі, якія традыцыйна мелі найбольш высокую гандлёвую надбаўку. Таму ўмоўны камплект счаплення ў працэнтным вымярэнні прыбавіў у цане значна менш, чым нейкія фільтры, свечкі і іншая дробязь, бо на дарагія пазіцыі надбаўка і раней была меншая.

Бізнэс вяртаецца на старыя рэйкі
І калі для шараговых аўтамабілістаў выкрэсліванне аўтазапчастак з 713‑й пастановы — гэта мінус, то прадстаўнікі бізнэсу кажуць, што ўздыхнулі з палёгкай.
Тычыцца гэта як аптавікоў, так і раздробных прадаўцоў.
Асабліва ў плюсе будуць буйныя раздробныя сэлеры. Рэч у тым, што ў залежнасці ад аб'ёмаў закупак адпускныя аптовыя цэны маглі даволі прыкметна адрознівацца для дробных, сярэдніх і буйных прадаўцоў.
З'яўленне 713‑й пастановы гэтую розніцу амаль цалкам нівелявала, што ставіла буйнога раздробнага прадаўца з сеткай крам і дробнага ІП амаль у адзін шэраг. Ад чаго буйному бізнэсу было складаней праз больш высокія выдаткі ў параўнанні з дробнымі гандлярамі.
Цяпер пастаўшчыкі вяртаюцца да старых правіл, калі аб'ёмы закупак уплываюць на аптовую цану.

Другая прычына, чаму цэны растуць, крыецца ў тым, што за гэты перыяд беларускі рубель патаннеў адносна даляра і еўра на 6—6,7%, а цэны аўтазапчастак прывязаныя да еўра і даляра.
Таксама на кошт запчастак у пастаўшчыкоў у цяперашніх умовах дастаткова адчувальна ўплываюць выдаткі на лагістыку, якія могуць як расці, так і меншаць.
А сітуацыя, якая склалася вакол Армузскага праліва, выклікае дадатковы рост цэн на маторнае масла ва ўсім свеце, што таксама адбіваецца на цане ў Беларусі.
Каментары
На скотном дворе, - право распорядителя скотного двора и остальных хряков, особенно хряков в погонах...