Грамадства55

Беларусам сталі радзей выдаваць ДНЖ у ЕС. Хто, куды і навошта з'язджаў у 2025 годзе

У 2025 годзе беларусы атрымалі ў краінах Еўрасаюза каля 148 тысяч першасных дазволаў на пражыванне. Гэта на 15,5% менш, чым годам раней, і больш чым удвая менш за рэкордны паказнік 2022 года.

Пры гэтым амаль дзевяць з дзесяці дазволаў па-ранейшаму выдае Польшча, а большасць атрымальнікаў — людзі працаздольнага ўзросту. «Белсат» вывучыў новыя звесткі Eurostat і паглядзеў, куды з'язджаюць беларусы, з якіх прычынаў і хто атрымлівае першыя дакументы для пражывання ў ЕС.

У статыстыцы Eurostat «першасны дазвол на пражыванне» — гэта дакумент, які ўпершыню дае права знаходзіцца ў краіне ЕС не менш за тры месяцы. У гэтую катэгорыю могуць уваходзіць не толькі ДНЖ, але і некаторыя доўгатэрміновыя візы ды іншыя міграцыйныя дакументы.

Падаўжэнні дазволаў не ўлічваюцца, таму колькасць выдадзеных дакументаў нельга лічыць колькасцю людзей, якія з'ехалі з Беларусі.

Беларусы атрымліваюць менш ДНЖ другі год запар

У 2025 годзе грамадзянам Беларусі выдалі 147 558 першасных дазволаў на пражыванне ў краінах Еўразвязу. У 2024 годзе іх было 174 712. Такім чынам, за год паказнік знізіўся на 27 154, або на 15,5 %.

Гэта другі год зніжэння запар. У 2022 годзе беларусам выдалі рэкордныя 311 516 першасных дазволаў, у 2023‑м — 281 503, у 2024‑м — 174 712.

У параўнанні з пікам 2022 года паказнік скараціўся ўжо на 52,6 %. Пры гэтым ён усё яшчэ значна вышэйшы, чым да палітычнага крызісу і масавай эміграцыі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.

95% — Польшча і Літва

Галоўным напрамкам беларускай міграцыі застаецца Польшча. У 2025 годзе яна выдала грамадзянам Беларусі 128 468 першасных дазволаў — 87,1% ад усіх дазволаў у ЕС. На другім месцы Літва — 11 857. Разам на гэтыя дзве краіны прыпадае 95,1% усіх дазволаў.

У астатніх краінах лічбы значна меншыя: Германія выдала 1466 дазволаў, Іспанія — 1407, Кіпр — 546, Італія — 535, Нідэрланды — 380, Партугалія — 356, Францыя — 352, Латвія — 324.

Амаль усё зніжэнне ў 2025 годзе таксама прыпала на Польшчу і Літву. У Польшчы колькасць дазволаў скарацілася са 151 116 да 128 468 — на 15 %, у Літве — з 15 812 да 11 857, або на 25 %. Разам гэтыя дзве краіны выдалі на 26 603 дазволы менш, чым годам раней, — гэта каля 98% агульнага зніжэння ў ЕС.

У іншых краінах такога падзення не было. Германія выдала на 4% больш дазволаў, чым годам раней, Іспанія засталася практычна на ранейшым узроўні, а ў Італіі іх колькасць вырасла прыкладна на 21%.

Больш за палову з'язджаюць працаваць

Галоўнай прычынай атрымання першага дазволу на пражыванне застаецца праца.

У 2025 годзе на працоўных падставах беларусам выдалі 83 574 дазволы — 56,6% ад агульнай колькасці.

Яшчэ 51 533 дазволы, або 34,9%, былі выдадзеныя з «іншых прычынаў». На сямейных падставах выдадзена 8102 дазволы — 5,5%, для вучобы — 4349, або 2,9%.

Для параўнання, сярод усіх грамадзянаў краінаў па-за ЕС структура прыкметна адрозніваецца. У 2024 годзе праца была падставай прыкладна для 32% усіх першых дазволаў у Еўразвязе, сям'я — для 27%, вучоба — для 16 %. У беларусаў доля працоўных дазволаў была істотна вышэйшая — 55,2%.

За год колькасць працоўных дазволаў для беларусаў скарацілася прыкладна на 13 %. У 2024 годзе іх было 96 506 — амаль на 13 тысяч больш.

Яшчэ мацней у адносным выражэнні скарацілася колькасць дазволаў для вучобы — з 5437 да 4349, або на 20 %. Катэгорыя «іншыя прычыны» зменшылася з 66 039 да 51 533 — прыкладна на 22 %.

Адзінай буйной катэгорыяй, якая вырасла, аказалася сямейная міграцыя. У 2024 годзе на сямейных падставах беларусам выдалі 6730 першасных дазволаў, у 2025‑м — ужо 8102. Рост склаў 20,4 %.

Падставы прыкметна адрозніваюцца і ў залежнасці ад краіны. У двух галоўных напрамках беларускай міграцыі пераважае праца. У Польшчы на працоўных падставах выдалі 71 541 дазвол, у Літве — 9395.

У Нямеччыне, Іспаніі і Італіі значна большую ролю адыгрывае сямейная міграцыя. У Германіі на сямейных падставах выдалі 647 дазволаў супраць 442 працоўных, у Іспаніі — 672 супраць 498, у Італіі — 269 супраць 30.

Дзве траціны атрымальнікаў — мужчыны

Сярод беларусаў, якія атрымалі першыя дазволы на пражыванне ў ЕЗ у 2025 годзе, прыкметна пераважаюць мужчыны. На іх прыпала 96 117 дазволаў — 65,1%. Жанчынам выдалі 51 432 — 34,9%. Яшчэ ў дзевяці выпадках пол у статыстыцы не пазначаны.

Перавага мужчынаў за год крыху павялічылася. У 2024 годзе доля мужчынаў складала каля 64 %, жанчын — каля 36 %.

Годам раней асабліва прыкметным быў разрыў у дзвюх галоўных краінах беларускай міграцыі. У Польшчы мужчыны складалі 62,4 % атрымальнікаў першасных дазволаў, а ў Літве — адразу 86,5 %. У Нямеччыне, Іспаніі і Італіі, наадварот, сярод атрымальнікаў пераважалі жанчыны.

Амаль чатыры з пяці — ад 20 да 59 гадоў

Узроставая структура за год амаль не змянілася. Асноўная маса атрымальнікаў — беларусы працаздольнага ўзросту: у 2025 годзе 78,8 % усіх першасных дазволаў атрымалі людзі ва ўзросце ад 20 да 59 гадоў. Годам раней іх доля была практычна такой жа — 78,7 %.

Самая шматлікая ўзроставая група — 35—39 гадоў: на яе прыпала 14,5 % усіх дазволаў. У цэлым амаль 40 % дакументаў атрымалі беларусы ва ўзросце ад 30 да 44 гадоў.

На дзяцей і маладых людзей да 20 гадоў прыпала каля 15 % дазволаў, а на людзей старэйшых за 65 гадоў — менш за 3 %.

Колькі беларусаў з'ехалі з краіны пасля 2020 года

Дакладна ацаніць маштабы эміграцыі пасля 2020 года немагчыма, а розныя крыніцы называюць ад 200 да 600 тысяч чалавек.

У матэрыялах Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы і Freedom House прыводзіліся ацэнкі ў 200—500 тысяч чалавек. Сацыёлаг Генадзь Коршунаў на падставе адкрытых звестак за 2020—2024 гады ацэньваў колькасць тых, хто з'ехаў, у 500—600 тысяч, або каля 6—7 % насельніцтва Беларусі.

Беларускія ўлады таксама называлі розныя лічбы. Мікалай Карпянкоў у 2023 годзе казаў прыкладна пра 350 тысяч тых, хто з'ехаў і «не падтрымлівае» ўладу, а МУС паведамляла пра больш як 200 тысяч чалавек, якія пакінулі краіну толькі за 2021—2022 гады.

Пры гэтым зніжэнне колькасці першасных дазволаў у ЕЗ не азначае, што беларусы пачалі вяртацца дадому: Eurostat улічвае новыя дазволы, а не ўсіх беларусаў, якія ўжо жывуць у Еўразвязе.

Каментары5

  • Мая краіна Беларусь
    08.09.2026
    Няма лепшага чым родная зямля у́ гэтым жыцці, а скітацца па чужых краінах такое сабе заняцце...дзе ты усё роу́на будзеш чужынцам
  • Ян
    08.09.2026
    Што тамака розныя праблемы ( з/п, здароу́е, побыт), што тутака. Свабоды больш канешне тамака
  • Indrid Cold
    08.09.2026
    Антось , мне падаецца што прычына ў тым што ўсе хто хацеў - даўно з'ехалі. Гэта відаць па графіках. Засталіся толькі тыя хто не хоча/не можа з'ехаць і прыкарытнікі

Цяпер чытаюць

«Я яб*н, таму і пайшоў». Малады беларус кінуў цяжарную жонку і паехаў на вайну, пасля здрадзіў ёй дый загінуў5

«Я яб*н, таму і пайшоў». Малады беларус кінуў цяжарную жонку і паехаў на вайну, пасля здрадзіў ёй дый загінуў

Усе навіны →
Усе навіны

Адкуль махляры даведваюцца імёны, нумары і нават месцы працы беларусаў?5

У Шчучынскім раёне вырасцілі кукурузу вышынёй амаль 4 метры1

Бяляцкі: Пакуль не раю іншым паўтараць Пачобута42

Украінцы адкінулі расійскія войскі пад Ліманам7

Сын Калаўра больш не ўзначальвае Цэптэр Банк

Райманд Паўлс і Ала Пугачова сустрэліся сем'ямі20

З’явілася фота Анджэя Пачобута ў Гродне на беразе Нёмана9

Рада Саюза палякаў у Беларусі ўпаўнаважыла Анжаліку Борыс на дзеянні для легалізацыі арганізацыі4

71‑гадовы бягун працягнуў шпіца па зямлі падчас забегу. Да мужчыны прыйшла міліцыя13

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Я яб*н, таму і пайшоў». Малады беларус кінуў цяжарную жонку і паехаў на вайну, пасля здрадзіў ёй дый загінуў5

«Я яб*н, таму і пайшоў». Малады беларус кінуў цяжарную жонку і паехаў на вайну, пасля здрадзіў ёй дый загінуў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць