Наколькі адзінокія еўрапейцы? У Германіі ўжо 43% хатніх гаспадарак складаюцца з аднаго чалавека
Жыць аднаму ўсё часцей становіцца не вымушанай сітуацыяй, а свядомым выбарам. Людзі цэняць магчымасць самастойна распараджацца сваім жыццём, незалежнасць і спакой. Новае даследаванне паказала, наколькі маштабнай стала гэтая з'ява ў развітых краінах і да чаго рыхтавацца бізнэсу.

Уяўленне пра тое, як павінна выглядаць дарослае жыццё, паступова мяняецца. Шлюб, сумеснае жыллё і стварэнне сям'і ўжо не для ўсіх выглядаюць абавязковымі этапамі. Усё больш людзей аддаюць перавагу жыццю, у якім не трэба ўзгадняць з іншымі свае планы, быт і штодзённыя рашэнні.
Наколькі маштабнай стала гэтая змена, паказвае даследаванне кансалтынгавай кампаніі BCG. Аналітыкі апыталі больш за 13 тысяч жыхароў 12 развітых эканомік свету, у тым ліку Францыі, Германіі, Італіі, Швецыі, Вялікабрытаніі, ЗША, Кітая і Японіі. Выбаркі ў кожнай краіне былі рэпрэзентатыўнымі і адпавядалі яе дэмаграфічнай структуры.
Удзельнікаў пыталіся пра іх лад жыцця і спажывецкія паводзіны ў розных сферах — ад ежы і адзення да адпачынку, аўтамабіляў і нерухомасці. Вынікі апытання даследчыкі супаставілі з данымі пра паводзіны спажыўцоў, атрыманымі больш як ад тысячы кампаній з розных сектараў рынку.
У выніку аналітыкі вылучылі пяць доўгатэрміновых тэндэнцый, якія, на іх думку, будуць уплываць на рынак тавараў і паслуг. Адна з іх — усё большая колькасць людзей, якія выбіраюць жыць адны.
У развітых краінах 30% хатніх гаспадарак складаецца з аднаго чалавека. У параўнанні з 2010 годам іх доля вырасла на 6%.

Асабліва прыкметная гэтая з'ява ў Еўропе. У Германіі 43% хатніх гаспадарак маюць толькі аднаго жыхара. У Швецыі іх доля дасягае 39%, а ў Францыі 38%. Падобная карціна назіраецца і ў Азіі. У Японіі аднаасобнымі з'яўляюцца 39% хатніх гаспадарак, у Паўднёвай Карэі 36%.
Чаму людзі выбіраюць жыць адны
Даследаванне паказала, што за такім выбарам часта стаіць не немагчымасць знайсці партнёра, а жаданне самастойнасці.
Для 68% апытаных важная магчымасць цалкам кантраляваць уласныя жыццёвыя рашэнні. 65% сярод пераваг назвалі спакой, а 62% — незалежнасць.
Але жыццё ў адзіночку мае і мінусы. 45% рэспандэнтаў адзначылі, што ў такім выпадку ўся адказнасць за паўсядзённыя справы кладзецца на аднаго чалавека. Яшчэ адным істотным недахопам апытаныя назвалі пачуццё адзіноты.
Бізнэс пакуль не паспеў за новай рэальнасцю
Рост колькасці людзей, якія жывуць адны, мяняе і спажывецкія звычкі. Паводле BCG, у разліку на аднаго чалавека такія хатнія гаспадаркі трацяць у два-тры разы больш, чым тыя, дзе жывуць некалькі чалавек.
Аднак ад 50 да 70% апытаных, якія жывуць адны, лічаць, што тавары і паслугі па-ранейшаму не ўлічваюць іх патрэбы.
Напрыклад, ім часта не падыходзяць вялікія ўпакоўкі і акцыі, разлічаныя на куплю некалькіх аднолькавых тавараў. Для такіх спажыўцоў большае значэнне маюць якасць, зручны аб'ём упакоўкі і даступнасць тавару. Купляць больш дзеля зніжкі ім нярэдка няма сэнсу, бо частка прадуктаў у выніку проста псуецца.
Нават анлайн-гандаль, адзначаюць даследчыкі, шмат у чым застаецца разлічаным на сем'і з некалькіх чалавек. Нязручнасці ствараюць мінімальная сума замовы для бясплатнай дастаўкі, вялікія ўпакоўкі, а таксама неабходнасць быць дома, каб атрымаць ці вярнуць тавар.
Для бізнэсу гэта становіцца ўсё больш істотным. BCG прагназуе, што да 2050 года доля хатніх гаспадарак з адным жыхаром у Германіі і Японіі можа перавысіць 45%.
Таму адаптавацца давядзецца не толькі вытворцам прадуктаў і рэстаранам. Змены закрануць страхаванне жыцця і здароўя, пенсійныя назапашванні, жыллё, аўтамабілі, догляд за хатнімі жывёламі і бытавыя паслугі.
Цяпер чытаюць
«Калі б я быў следчым КДБ, я б падкрэсліў тое самае». Фядута — пра схаваныя сэнсы «Каласоў пад сярпом тваім», увагу сілавікоў да свайго рукапісу і загадку з трэцяй часткай рамана Караткевіча
Каментары