Грамадства22

Шляхецкую сядзібу сярэдзіны XIX стагоддзя з Валожынскага раёна прадалі на аўкцыёне

Шляхецкую сядзібу 1849 года ў вёсцы Чэхаўшчына Валожынскага раёна прадалі на аўкцыёне за 42 900 рублёў. Першапачаткова старадаўні драўляны дом з калонамі спрабавалі прадаць яшчэ ў жніўні, але тады купцоў на яго не знайшлося, піша Domovita.by.

Фота: belarus_interesting

Перад паўторнымі таргамі пачатковую цану знізілі на 50 працэнтаў, пасля чаго на лот зарэгістраваліся адразу два прэтэндэнты. У выніку таргі 7 кастрычніка на электроннай пляцоўцы «БУТБ-Маёмасць» працягваліся ўсяго 18 хвілін.

У канцы лета за комплекс прасілі 71 500 рублёў, аднак аўкцыён прызналі такім, які не адбыўся. На восеньскіх таргах пачатковую цану вызначылі на ўзроўні 35 750 рублёў. Удзельнікі зрабілі чатыры стаўкі і павысілі яе ў 1,2 раза. Канчатковая цана склала 42 900 рублёў, або каля 13 956 даляраў.

Фота: belarus_interesting

Купцом стаў прыватны інвестар з Мінска. У склад лота ўвайшоў сам драўляны будынак плошчай 433,7 квадратнага метра, а таксама права арэнды больш чым 50 сотак зямлі тэрмінам на 50 гадоў. Паводле прызначэння ўчастка, на ім можна размяшчаць жылыя будынкі, а таксама аб’екты сферы паслуг і гандлю.

Фота: belarus_interesting

У сядзібы ёсць незвычайны юрыдычны статус. Нягледзячы на яе ўзрост і архітэктурную каштоўнасць, яна не ўнесеная ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. У савецкіх дакументах будынак увогуле лічыўся звычайным гаспадарчым корпусам 1957 года. Гэтую дату яму прысвоілі падчас пасляваеннай інвентарызацыі пасля чарговага капітальнага рамонту.

Адсутнасць ахоўнага статусу дае новаму ўладальніку шырокія магчымасці для далейшага выкарыстання тэрыторыі. Паводле ўмоў аўкцыёну, інвестар можа правесці рэканструкцыю будынка або цалкам яго знесці і на працягу пяці гадоў пабудаваць на ўчастку новы аб’ект. Калі ж істотна мяняць праект не плануецца, нерухомасць трэба ўвесці ў эксплуатацыю на працягу года пасля заканчэння бягучага рамонту.

Фота: belarus_interesting

Сядзіба ў Чэхаўшчыне лічыцца рэдкім для гэтай мясцовасці прыкладам невялікай шляхецкай сядзібы. Дакладна невядома, хто заказаў будаўніцтва дома ў сярэдзіне XIX стагоддзя, але на адным з камянёў падмурка выразна пазначаны 1849 год.

Да нацыяналізацыі ў 1939 годзе сядзіба належала шляхецкаму роду Сялянкаў. У пачатку XX стагоддзя сям’і належала каля 15 тысяч сотак зямлі, хоць паводле перапісу 1905 года пастаянна ў маёнтку жылі толькі чатыры чалавекі. Апошнім законным уладальнікам дома называецца Мар'ян Сялянка. Пасля прыходу савецкай улады ў будынку размясцілі школу-інтэрнат.

Фота: belarus_interesting

Сама сядзіба захавала шэраг цікавых архітэктурных дэталяў. Драўляны зруб звонку абшыты дошкамі, якія імітуюць цагляны мур. Галоўны ўваход упрыгожвае парадны порцік з чатырма калонамі. На вокнах захаваліся арыгінальныя каваныя аканіцы і завесы XIX стагоддзя.

Фота: belarus_interesting

Побач з домам ацалелі старая ўязная алея і каменная лядоўня 1855 года. Яна складзеная з валуноў і чорнага шлаку з выкарыстаннем рэдкай тэхнікі кладкі, якую называюць разынкавай.

Аўкцыён прайшоў без вялікага ажыятажу, але цяпер старадаўняя сядзіба атрымала новага ўладальніка. Яе далейшы лёс будзе залежаць ад таго, як інвестар выкарыстае свае магчымасці і ці захавае ацалелыя элементы гістарычнай забудовы.

Каментары2

  • Спадчына
    07.10.2026
    17 верасня, ура?
  • маленькая архітэктарка цемры
    07.10.2026
    неўзабаве і Дразды, і Дразды-2(Дразды-666) пойдуць роўна так жа з малатка і пад землю
    бо архітэктуры ніякай. не кажучы ўжо пра ўсё астатняе

Цяпер чытаюць

Святлана Ціханоўская пра крытыку з боку Ціханоўскага: Мне ад гэтага вельмі крыўдна і непрыемна40

Святлана Ціханоўская пра крытыку з боку Ціханоўскага: Мне ад гэтага вельмі крыўдна і непрыемна

Усе навіны →
Усе навіны

Арт-менеджару Алегу Ларычаву выклікалі хуткую на суд4

У ЗША ўпершыню абралі мусульманіна ў Сенат. Раней Трамп называў гэтага кандыдата «джыхадыстам»11

Беларускую дэлегацыю абакралі на юнацкай Алімпіядзе, што ўпершыню праходзіць у Афрыцы6

Ціханоўская: Беларусь — гэта не Расія. І беларусы — гэта не Лукашэнка8

Пяць чалавек затрымалі за каментары пра чыноўнікаў і міліцыянераў10

Стала вядома, чаму Ютуб выдаліў стрымы Сяргея Ціханоўскага61

Яна Пінчук расказала, як яе пяць гадоў таму ў Санкт-Пецярбургу арыштавалі па запыце Беларусі1

У ЗША ўпершыню абралі цемнаскурую жанчыну губернатарам штата3

У Віцебскай вобласці паставілі скрыні для лістоў толькі аднаму адрасату

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Святлана Ціханоўская пра крытыку з боку Ціханоўскага: Мне ад гэтага вельмі крыўдна і непрыемна40

Святлана Ціханоўская пра крытыку з боку Ціханоўскага: Мне ад гэтага вельмі крыўдна і непрыемна

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць