Падзеі трылера «Бочка» адбываюцца ў ЗША, але ўсе здымкі прайшлі ў Мінску. Нямецкі актор, вядомы па фільме «Дастукацца да нябёсаў», сыграў у ім пастара.

Трэйлер карціны апублікавалі 26 кастрычніка. «Бочка» — гэта расійска-беларускі псіхалагічны трылер, над якім працавала беларуская кампанія «Кінацэх». Рэжысёрам стаў рэжысёр з Уладзівастока Аляксей Званцоў. Раней пераважна здымаў рэкламу, «Бочка» стала яго дэбютам у поўнаметражным кіно.
Паводле сюжэта, малады пранкер апрытомнеў у зачыненай металічнай бочцы на закінутым заводзе. Побач — прыкаваны да слупа бацька, з якім у яго даўно складаныя адносіны. Каб выбрацца, ім давядзецца навучыцца давяраць адзін аднаму.
Фільм знялі па-англійску. На Швайгера стваральнікі выйшлі праз швейцарскага актора Філіпа Райнхарта, які таксама сыграў адну з галоўных роляў.
Як расказваў раней «Кінапошук», перад здымкамі ўзнікла нечаканая праблема: Швайгер паведаміў, што згубіў пашпарт і не можа прыехаць у Мінск. Яму тэрмінова аформілі часовыя дакументы. На пляцоўцы актор здзівіў беларускую каманду дысцыплінай і непатрабавальнасцю: усе два тыдні праходзіў у тым жа швэдары, у якім прыехаў.
У расійскі пракат «Бочка» выйдзе 17 снежня. Паводле кампаніі «Кінацэх», якая падзялілася падрабязнасцямі з РБК, правы на фільм ужо набылі Apple TV і Amazon.
Каментары