Сезон збору белых труфеляў у Еўропе, які працягваецца з кастрычніка да пачатку студзеня, сёлета відавочна няўдалы. У Харватыі ўраджай зменшыўся прыкладна на 30% у параўнанні са звычайным узроўнем, а на рынку ў італьянскай Альбе цэны выраслі на 20—30%, паведамляе Associated Press.

Як паведамляе Associated Press, галоўнымі прычынамі сталі засуха і анамальная спякота. Адсутнасць дажджоў у ліпені і жніўні разам з высокімі тэмпературамі прывяла да таго, што труфелі вырастаюць меншымі, горш захоўваюцца, а тэрыторыя іх распаўсюджвання скарачаецца.
Паводле ацэнак экспертаў, тэндэнцыя да пагаршэння ўраджаю назіраецца ўжо больш за сем гадоў. Паляўнічы на труфелі Петар Алебіч адзначае, што кожны наступны сезон горшы за папярэдні. Міколаг Армін Месіч падкрэслівае, што якасць і колькасць грыбоў непасрэдна залежаць ад кліматычных умоў. Гэта ўплывае і на кошт: у асобных выпадках кілаграм белых труфеляў каштуе да 4000 еўра.
Для нармальнага росту труфелям неабходныя вільготнае лета і мяккая зіма. Гэтыя грыбы ўтвараюць сімбіёз з каранямі лісцевых дрэў. Цяперашняя сітуацыя пагражае далейшым скарачэннем паставак далікатэсу і новым ростам цэн у рэстаранах і рознічным гандлі.
У прамысловых маштабах труфелі збіраюць на поўначы Італіі і поўдні Францыі. У гэтых рэгіёнах існуе і чорны рынак, дзе далікатэс прадаюць прыкладна ўдвая танней. Грыбы там збіраюць людзі, якія не маюць афіцыйнай ліцэнзіі на такі промысел.
На пастаўках труфеляў зарабляюць і іншыя краіны. Іх экспартуюць ЗША, Іспанія, Харватыя, Сербія, Марока, Новая Зеландыя і Аўстралія.
У апошнія гады сусветны ўраджай труфеляў не перавышае 50 тон. Пры гэтым невядома, якая частка гэтай колькасці прыпадае на грыбы, вырашчаныя на спецыяльных плантацыях.
Французскія і італьянскія вытворцы выступаюць супраць стварэння новых плантацый, асцерагаючыся, што гэта можа прывесці да рэзкага падзення цэн.
Цяпер чытаюць
«Доктарка», адвакат, чалавек з камерай і некалькі дужых хлопцаў. У Петрапаўлаўскай Баршчагоўцы расійскія спецслужбы скарысталіся спецыфічным украінскім бізнэсам ваеннага часу
Каментары
[Зрэдагавана]