Пра гэта ён паведаміў 8 снежня журналістам упрэс-цэнтры газеты «Комсомольская правда» в Белоруссии».
Палітык прыехаў у рэдакцыю адразу з аэрапорта. «У Бруселі я правёў дзве сустрэчы. Магу толькі сказаць, што адна была на ўзроўні Еўракамісіі, другая — на ўзроўні Еўрапарламента. Пра астатняе мы дамовіліся не гаварыць: яны не агучваюць там, я не агучваю тут», — сказаў Някляеў.
Тым не менш кандыдат у прэзідэнты паведаміў, што візіт быў своеасаблівым падвядзеннем вынікаў яго сустрэч з кіраўніцтвам Польшчы, Чэхіі, Швецыі і Германіі. «Вельмі вялікая ўвага да нашай краіны, у тым кантэксце, што Лукашэнка паабяцаў правесці свабодныя і справядлівыя выбары. Так, як яны праходзяць у Бруселі», — адзначыў палітык.
Уладзімір Някляеў падкрэсліў, што еўрапейскіх чыноўнікаў непакоіць фармат правядзення вулічных акцый 19 снежня, у дзень галасавання.
«Яны баяцца, каб, крый Божа, у Мінску на плошчы не адбылося штосьці такое, што пахіснула б сітуацыю не толькі ў Беларусі, але і ва ўсім рэгіёне.
Я спачатку здзіўляўся гэтаму, бо мы плануем цалкам мірную акцыю на плошчы, але потым зразумеў, што да еўрапейцаў даходзіць інфармацыя з боку нашых апанентаў, з іншага боку», — сказаў кандыдат у прэзідэнты.
«Я іх пераконваў, што ніякіх акцый, якія б парушалі стабільнасць у рэгіёне, у Беларусі не будзе», — заявіў Някляеў.
Кандыдат расказаў, што ўсе суразмоўцы ў гутарцы з ім адзначылі: у знешняй палітыцы каманда дзейнага прэзідэнта пачала дзейнічаць больш прафесійна. «Вельмі актыўна лабіруецца Лукашэнка як праеўрапейскі кандыдат. Вельмі добра ў гэтым плане працуе беларускі МЗС, у прыватнасці міністр замежных спраў Сяргей Мартынаў. І адзначаюць, што калі раней у Лукашэнкі была надзея на сілавое вырашэнне пытанняў, то сёння сур’ёзна працуе менавіта паліттэхналагічны складнік», — сказаў Уладзімір Някляеў.
Каментары