Меркаванні2929

Мінск спрабуе навязаць Еўрасаюзу свой сцэнар

З СІЗА КДБ выпушчаны Уладзімір Кобец. Піша Аляксандр Старыкевіч.

З СІЗА КДБ выпушчаны Уладзімір Кобец, які ўзначальваў перадвыбарчы штаб Андрэя Саннікава. Генеральны пракурор заяўляе, што гатовы падтрымаць змяненне меры стрымання для журналісткі Ірыны Халіп. А Аляксандр Лукашэнка абвінавачвае Захад у фінансаванні дзяржаўнага перавароту ў Беларусі і адначасова заяўляе пра гатоўнасць да дыялогу і кампрамісу. Што б гэта значыла?

…У сераду ўвечары я гутарыў з фінскім журналістам Тэпа Цілікайненам, які цяпер рыхтуе рэпартаж пра сітуацыю ў Беларусі. Акрамя ўсяго іншага, госця з Скандынавіі цікавілі магчымыя варыянты развіцця падзей.

— Цалкам верагодна, што да канца тыдня (гэта значыць напярэдадні 31 студзеня, калі еўрасаюзаўскія міністры будуць прымаць рашэнне аб санкцыях у дачыненні да афіцыйнага Мінска) вызваляць аднаго-двух-трох арыштаваных па справе аб «масавых беспарадках», — выказаў здагадку я.

Не такі ўжо арыгінальны прагноз — гэты ход ляжаў на паверхні.

Праграма-мінімум была выкананая ўжо раніцай у чацвер. А вось як хутка апынуцца на свабодзе астатнія палітвязні, шмат у чым залежыць ад таго, наколькі адэкватнай будзе рэакцыя Захаду.

На жаль, на сённяшні дзень ніякага ціску знутры беларускія ўлады не адчуваюць. Адзіным стрымлівальным фактарам для іх з’яўляецца пазіцыя Захаду.

А Еўрасаюз праявіў нечуванае раней адзінства ў ацэнцы падзей у Беларусі.

Гэта стала непрыемным сюрпрызам для Лукашэнкі і Ко. Спробы пракалупаць якую-небудзь шчыліну ў ЕСаўскім плоце і ўбіць туды клін на дадзены момант безвыніковыя. Нават «сябар Сільвіа» сказаў, што Італія не будзе пярэчыць супраць санкцыяў у дачыненні да беларускага кіраўніцтва.

Для Мінска ж цяпер крытычна важна вярнуць магчымасць гуляць на супярэчнасцях унутры Еўрасаюза. Вызваленне аднаго-двух-трох вязняў стварае глебу для дыскусій паміж заходнімі палітыкамі аб тым, якая тактыка ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі будзе найбольш эфектыўная ў існых умовах. Уводзіць санкцыі і ў жорсткай форме патрабаваць выпусціць усіх палітвязняў або аднаўляць дыялог з кіраўніком Беларусі, мякка пераконваючы яго, што для ўсіх будзе лепш, калі абвінавачаныя ў арганізацыі масавых беспарадкаў апынуцца на волі?

А каб Еўрасаюзу было прасцей зрабіць выбар, паралельна з вызваленнем аднаго з арыштаваных Аляксандр Лукашэнка абрынуўся на Захад з чарговай порцыяй гнеўных прэтэнзій, даючы зразумець, што сітуацыя можа змяніцца да горшага нават у параўнанні з цяперашнім сумным становішчам. І ў той жа час, жменямі раскідваючы абвінавачанні, кіраўнік Беларусі нібыта выпадкова сказаў: «Давайце шукаць кампраміс, але, шчыра прызнаючы, як усё адбылося».

Цяпер у лабістаў Лукашэнкі ў Еўропе ёсць падстава падняць галаву. «Вось бачыце, ён не безнадзейны, гатовы да кампрамісу і нават робіць жэсты добрай волі».

Але добрай воляй тут і не пахне — гэта разважлівы ход у надзеі навязаць Захаду сваю гульню. Выпускаючы аднаго вязня, афіцыйны Мінск правакуе гандаль з нагоды лёсу астатніх.

Калі ЕС купіцца на гэты хітрык, хвост зноў пачне круціць сабакам, як гэта ўжо было ў 2008—2010 гг. Наступствы вядомыя.

На мой погляд, захоўваючы адзіную і прынцыповую пазіцыю ў дачыненні да кіраўніцтва Беларусі, Еўрасаюз можа дамагчыся значна большага. Аляксандр Лукашэнка ўжо збірае першы плён сваіх замежнапалітычных «поспехаў». Застаўшыся сам-насам з Расіяй, ён вымушаны прымаць умовы, якія дыктуе Масква, што выдатна праілюстравалі вынікі перамоваў па нафце.

Лукашэнка тэрмінова мае патрэбу ў пашырэнні прасторы для манеўраў — каб мець магчымасць зноў лавіраваць паміж Усходам і Захадам. Таму

нармалізацыя адносін паміж ЕС і Беларуссю цяпер нашмат важнейшая для кіраўніцтва апошняй. І гэта стварае нядрэнныя перадумовы для хуткага вызвалення ЎСІХ палітвязняў.
Калі толькі Еўрасаюз чарговым разам не наступіць на старыя граблі і не дазволіць Мінску рэалізаваць свой сцэнар.

Каментары29

Цяпер чытаюць

На «Гродна Азоце» скончыў жыццё самагубствам намеснік начальніка цэха1

На «Гродна Азоце» скончыў жыццё самагубствам намеснік начальніка цэха

Усе навіны →
Усе навіны

Марока збіраюцца злучыць з Іспаніяй і Партугаліяй двума падводнымі тунэлямі3

«Не для простых смяротных». Беларусы шакаваныя цаной вады ў рэстаране13

Святлана Ціханоўская сустрэлася з Робертам Фіцам6

Украіна абвясціла рэжым цішыні з 0:00 6 мая4

Што кажуць у Спаса-Ефрасіннеўскім манастыры пра сваю загінулую работніцу5

У цэнтры Ляйпцыга машына на хуткасці ўляцела ў натоўп пешаходаў1

Трамп прыгразіў уладам Ірана знішчэннем, калі Тэгеран атакуе амерыканскія караблі1

Фіца сустрэнецца ў Маскве з Пуціным, але на парад не пойдзе1

У Расіі аб'явілі перамір'е на 8 і 9 мая і пагражаюць ударыць па цэнтры Кіева4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

На «Гродна Азоце» скончыў жыццё самагубствам намеснік начальніка цэха1

На «Гродна Азоце» скончыў жыццё самагубствам намеснік начальніка цэха

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць