У сувязі з гібеллю ў авіякатастрофе яраслаўскага «Лакаматыва» продаж білетаў на матчы хакейнага клуба «Дынама» (Мінск) часова спынены, паведаміў БелаПАН прэс-аташэ каманды Алег Шыбека.
8 верасня «Дынама» і «Лакаматыў» павінны былі сустрэцца на «Мінск-Арэне» ў першым туры новага сезона Кантынентальнай хакейнай лігі. На 10 верасня запланавана сустрэча «Дынама» з магнітагорскім «Металургам», на 12-е — з омскім «Авангардам», на 14-е — з ханты-мансійскай «Югрой», на 16-е — з ніжагародскім «Тарпеда».
Кіраўніцтва «Дынама» абмяркоўвае фармат правядзення жалобных мерапрыемстваў у сувязі з трагедыяй. Каля «Мінск-Арэны» прыспушчаны сцягі, вывешаны лагатып «Лакаматыва», да якога можна прыносіць кветкі.
«Каманда ўся ў шоку. „Лакаматыў“ выдатна глядзеўся ў нядаўнім матчы з намі на турніры ў Рызе, там добра выглядалі і гульцы беларускай зборнай… Мне тэлефануюць журналісты, але ў мяне проста няма слоў. Спачуванні ўсім родным, сем’ям загінулых…» — заявіў прэс-службе «Дынама» віцэ-капітан каманды Андрэй Міхалёў.
Самалёт Як-42 разбіўся пры вылеце з аэрапорта Туношна ў Яраслаўскай вобласці. Паводле папярэдняй інфармацыі, загінулі 43 чалавекі і выжылі двое — хакеіст Аляксандр Галімаў і бортправаднік Аляксандр Сізоў. Сярод загінулых — беларускія хакеісты Руслан Салей і Сяргей Астапчук. Шэраг СМІ паведаміў, што Салею ўдалося пазбегнуць гібелі, бо ён быццам бы прыбыў у Мінск раней. Няма яго прозвішча ў канчатковым спісе загінулых, апублікаваным рэсурсам lifenews.ru. У той жа час, паводле слоў прэс-аташэ «Дынама», за дзве гадзіны да вылету Салей звязваўся з клубам, каб папрасіць выдзеліць білеты на матч для сваякоў.
У сувязі з катастрофай перанесены запланаваны на 7 верасня матч-адкрыццё чэмпіянату Беларусі па хакеі паміж мінскім «Юнацтвам» і гродзенскім «Нёманам».
Каментары